Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

П’янчу́га ’горкі п’яніца’ (ТСБМ; мазыр., Грыгор’еў, пісьмовае паведамл.), сюды ж пʼяню́га ’тс’ (Нас., Ян., Сл. ПЗБ); параўн. рус. разм. пьянчюга, балг. пиянчу́га, пиенчу́га. Утворана ад *pьjanъ, *pijanъ, гл. п’яны, пры дапамозе экспрэсіўнай суфіксацыі ‑уга (‑юга); формы з ‑ч‑ у якасці прамежкавай ступені маглі мець утварэнні на ‑чо, параўн. свінчо < свіння, свінка, а таксама балг. дыял. пиянчо́га (гл. БЕР, 5, 285).

Пянчу́к, пяньчу́к ’пянёк, рэшткі камля ссечанага ці зламанага бурай дрэва; адно дрэва’ (ТСБМ, Нас.), пеньчучо́к ’аб’едзенае шкоднікамі сцябло бульбы’ (пух., Сл. ПЗБ). Утворана ад пень (гл.) пры дапамозе складанага інавацыйнага суфікса ‑чук, які ўзнік шляхам спалучэння суфіксальнага або каранёвага элемента ‑ч‑ (параўн. свіння > свінчо́ ’парася, парсючок’, дзеўка > дзяўчо́, плячо́ і пад.) і суфікса ‑ук, што, магчыма, звязана з пераходам назоўнікаў н. р. у м. р. пад уплывам балтыйскіх моў, дзе н. р. адсутнічае, параўн. адпаведныя дыялектныя формы дзяўчук, плячук (Грынавяцкене і інш., SOr, 39, 312). Меркаванні пра “турэцка-татарскі” характар патранімічнага суфікса ‑чук (гл. Бяднарчук, Stosunki, 120; Ліндэрт, ZPSS, 4, 81–87) не пераконваюць, бо зыходныя кампаненты названага суфікса вядомыя шырока ў славянскіх мовах, параўн. балг. Пе́търчо (памянш. ад Пе́тър) і ўласныя імёны тыпу Грыцу́к, Пятру́к і пад.

П’я́ны ’які знаходзіцца ў стане ап’янення, нецвярозы’ (ТСБМ). Укр. пʼяни́й, рус. пьян, пья́ный, польск. pijany ’тс’, чэш. pijan ’п’яніца’, славац. pijan ’тс’, pijany ’п’яны’, в.-луж. pjany, н.-луж. pijany, палаб. pajoně, серб.-харв. пја̏н, пѝјан ’тс’, славен. pijàn ’п’яны; адурманены’, балг. пия́н ’п’яны’, макед. пијан ’тс’, ст.-слав. пиѩнъ ’тс’. Праслав. *pьjanъ(jь), *pijanъ(jь) ’п’яны; адурманены’, параўноўваюць са ст.-інд. pyāná‑ ’поўны, надуты’ (’напіты і наеты’), вытворнае ад прасл. *pijǫ, *piješь або *pьjǫ, *pьješь < і.-е. *pī‑, гл. піць (Фасмер, 3, 422; Зубаты, 2, 162; БЕР, 5, 285; Махэк₂, 452; Банькоўскі, 2, 576).

Пянька́ ’канаплянае валакно’ (ТСБМ; віл., рагач., Сл. ПЗБ; Бяльк.), сюды ж пянько́ўка ’крамная хустка; вялікая хустка сваёй работы’ (в.-дзв., Шатал.; маладз., Янк. Мат.; Жд. 1; валож., Жд. 3), пінькучы́ ’лапці, падплеценыя вяроўкамі’ (Бяльк.), пянько́вішча, пяньку́чышча, пінькамо́чча ’месца, дзе мочаць каноплі’ (тамсама). Яшчэ Шымкевіч (Покажчик, 2, 13) параўноўваў з рус. пенька́ ’ачышчаныя ад кастрыцы канапляныя мочкі, валокны’; польск. pieńka ’тс’. Банькоўскі (2, 555), “гандлёвую назву канаплянага валакна ў ВКЛ” выводзіць з літ. penkì ’пяць (верацён)’, што зусім неверагодна; рус. пенька́ ’каноплі’ лічыць запазычаннем “z Litwy”. Фасмер (3, 233) выводзіць са ст.-інд. bhaŋgas, bhaŋgā ’каноплі’, таксама Махэк₂ (443, пад pěnek ’мужчынскія асобіны канопляў, плоскуні’, pěnka ’жаночыя асобіны канопляў’), што на сучасным этапе этымалагізацыі здаецца найбольш прымальным, улічваючы пераважна ўсходнюю арыентацыю ў распаўсюджанні назвы.

Пяня́га ’кавалак скуры’ (Ян.); сюды ж пяняшкі (пеня́шки) ’заднікі ў ботах і чаравіках’ (Нас.). Апошняе, паводле Насовіча, памяншальнае ад пе́нязь ’скура ад падпяткаў у ботах і чаравіках’ (гл.) замест *пяня́жкі, што магло пры ўзнаўленні формы адз. л. даць утварэнне на ‑га.

Пяня́цця (пенятца) ’папікаць, дакараць, выгаворваць’ (Нар. Гом.), параўн. укр. пеняти ’наракаць; быць няўклюдным’, пеня ’бяда’, рус. пенять ’закідаць камусьці нешта; скардзіцца’, пеня ’папрок’, польск. pieniąc się ’абвінавачваць адзін аднаго; судзіцца’, pienia ’абвінавачванне ў судзе’. Апошняе з канцылярскай мовы ВКЛ (вядомае з 1392 г.): аже вчиниться пеня гостю в Литве (дамова Казіміра Ягайлавіча з Ноўгарадам і Псковам 1440 г.), лічыцца літуанізмам, параўн. літ. painė, painiava ’складаная, заблытаная справа’, у адрозненне ад пеня ’штраф’ (гл.), якое праз польск. репа з лац. росна ’кара’ (Банькоўскі, 2, 553; гл. таксама Фасмер, 3, 233). Дзеяслоў, відавочна, ад першага назоўніка, параўн. літ. painioti ’блытаць, заблытваць; ублытваць, умешваць’.

Пяра́варацень ’няўстойлівы ў сваіх поглядах і паводзінах’ (Арх. ГУ), пёрэваратень ’тс’ (Растарг.). З рус. паўд. перевертень, перёвертень, перевертень, переваротень ’той, хто перайшоў у іншую веру, пераняў іншыя звычкі і мову’, ’чалавек, які рэзка мяняе свае погляды’, ’здраднік’, ’няверны ў каханні’ < переворотить ’перавярнуць’. Беларускім паводле паходжання з’яўляецца пярэварацень ’той, хто з чалавека пераўтвараецца ў жывёлу’ (гл.) ці ’той, хто змяніў сваю веру’ (Нас.). Да вярнуць, варочаць (гл.).

Пя́раз ’праз, цераз’: пяраз плот скочыў (Шат.). Да пераз (гл.) з няясным пераходам е > я пад націскам.

Пяраі́ мн. л. ’валакно, сплеценае ў выглядзе касы’ (астрав., Сл. ПЗБ). Няясна. Магчыма, звязана з польск. pierzeja, першапачаткова пра кожны са “сцяжкоў” пяра (ад pióro, гл. пяро, Банькоўскі, 2, 562), параўн. перыя, перон ’бок вуліцы’ (гл.). Малаверагодная па семантычных прычынах сувязь з літ. perėja ’пераход’, нягледзячы на геаграфічную блізкасць.

Пяра́к ’градкі бульбы, размешчаныя ўпоперак’ (Жд. 1). Гл. пе́рак.