Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бо́скі ’боскі; божы’ (БРС, Шат.). Зыходзячы з формы, запазычанне з польск. boski ’тс’ (< bożski).

Бо́сці. Гл. бада́ць.

Бо́сы. Рус. босо́й, укр. бо́сий, ст.-рус. босъ, польск. bosy, чэш. bosý, балг. бос, серб.-харв. бо̑с і г. д. Прасл. bosъ ’босы’, і.-е. *bhosos ’голы, босы’. Параўн. літ. bãsas, лат. bass, ст.-в.-ням. bar ’голы’ (< *baza‑ < *basa‑), ням. barfuß ’басаногі’, арм. bok‘ ’босы’. Праабражэнскі, 1, 39; Фасмер, 1, 199; Слаўскі, 1, 39; Траўтман, 28.

Бот ’від абутку’. Рус. бо́ты (з XV ст.) ’боты, від абутку’, укр. бот. Запазычанне з ст.-польск. bot (польск. but). Брукнер, KZ, 48, 175 і наст.; Брукнер, 50; Слаўскі, 1, 51; Рудніцкі, 183 (польск. слова < франц. botte, Слаўскі, там жа, або лац. botta, Брукнер, 50). Гл. таксама Кюнэ, Poln., 45; Вахрас, Наим. об., 73; Сцяц., Нар., 147–148; Булыка, Запазыч., 47.

Бо́тка ’палка з увагнаным у канец вострым цвічком (ужывалася як паганялка для валоў)’ (Арх. Бяльк., слонім.). Бясспрэчна, з *бод‑ка (да bod‑ ’басці, калоць’). Іншага паходжання ст.-бел. ботка ’рыбалоўная прылада’ (< польск. botka; Булыка, Запазыч.).

Боўдзіла1 ’жэрдка, якой заганяюць рыбу ў сетку’ (З жыцця). Не вельмі ясны шлях утварэння гэтага слова. Няясна нават, ад якой асновы можна вывесці гэту назву. Паколькі ‑іла ўказвае на аддзеяслоўнае паходжанне слова, а адпаведнага дзеяслова няма, то, можа, трэба думаць пра зыходнае *боўціла (да боўт ’рыбалоўная прылада’, гл.). Але і ў гэтым выпадку марфалогія слова астаецца няяснай. Можна, праўда, думаць пра нейкі зыходны дзеяслоў тыпу *боўдзець, *баўдзець, *баўдзіць, які меў бы гукапераймальны характар. Параўн. рус. дыял. балди́ть гультайнічаць; часта паўтараць адно і тое ж’. Але параўн. і ўкр. бовдур ’комін; густы дым, хмара; жэрдка ў рыбаловаў (!); дурань’. Параўн. яшчэ літ. дзеяслоў báldyti ’стукаць’ (інтэнсіўная форма ад bélsti ’тс’, гл. Фрэнкель, 39). Версія пра зыходнае *боўціла, здаецца, падтрымліваецца словам бо́ўціла ’лаянкавае слова’. Параўн. баўдзі́ла.

Бо́ўдзіла2 ’дурань’. Гл. баўдзі́ла.

Боўдур ’комін’ (зах.-палес.; Бел.-укр. ізал.). Укр. бо́вдур ’тс’. Рудніцкі (157) лічыць, што ёсць сувязь з рус. дыял. словамі бо́лдырь, булды́рь ’тс’, якія Фасмер, 1, 187, 238 (услед за Расяненам, FUF, 26, 136), выводзіць з чув. pəl ’комін’, pəldər ’прыбудова, навес на двух слупах, летняя кухня’.

Бо́ўкаць гаварыць адрывіста, незразумела’ (Шат.), ’боўтнуць’ (Нас.). Гукапераймальнае, як і ба́ўкаць (гл.).

Боўт ’рыбацкая прылада боўтаць ваду’ (КЭС, лаг., Нас., Янк. I), таксама бо́ўтка (Касп., Мядзв.), бо́ўтала (Нас.). Рус. болт, укр. бовт ’тс’. Бернекер (118) лічыць, што слова звязана з bьlt‑ (гл. бо́ўтаць). Фасмер (1, 190) памылкова хоча бачыць тут сувязь з рус. і г. д. болт ’болт’, польск. bełt (< н.-ням. (bolt(e), гал. bout). Параўн. боўтаць.

Бо́ўтанка. Гл. баўто́нка.