Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бо́лка ’хмарка’. Гл. бо́лакі.

Бо́лмат ’балбатун, пустамеля’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Бяльк.), балмату́н (Нас.), былмату́н ’тс’ (Бяльк.), балмата́ць ’балбатаць’ (Нас.). Рус. дыял. (смал.) бо́лмат ’тс’, (цвяр., пск.) болмота́ть ’балбатаць’. Фасмер (1, 188) звязвае з болта́ть. Хутчэй трэба зыходзіць ад болмота́ть, якое можа быць пераафармленнем дзеяслова болбота́ть (дысіміляцыя б‑б > б‑м і, магчыма, уплыў бормота́ть).

Болт. Запазычанне з ням. Гл. пад боўт.

Бо́львар ’фальварак’ (Яшкін). Відавочна, з *фольварк (< польск. folwark < ням., гл. Варш. сл., 1, 759; Брукнер, 124). Праўда, непасрэдны пераход ф > б не вельмі засведчаны (прыклады тыпу ба́са ’кадушка’, басоля ’фасоля’ (гл.) можна тлумачыць і іначай), але іншай магчымасці этымалагізавання, здаецца, няма.

Бо́лька ’болька, рана’ (Бяльк., Шат., Касп., Нас. і інш.). Утварэнне ад bolěti (гл. бале́ць). Гэта слова, відавочна, праславянскае і мае адпаведнасці ў кашуб., балг., серб.-харв., мак. мовах. Падрабязна Мартынаў, Бел.-польск. ізал., 92–93.

Бо́льшасць. Паводле Крэмкі (Гіст. мовы, 2, 124), гэта няпоўная калька (яшчэ дакастрычніцкага перыяду) з рус. мовы (большинство́). Параўн. і ўкр. бі́льшість.

Бо́льшы, больш, бале́й. Прасл. *bolьjь (м. р.), *botьši (ж. р.), *bolʼe (н. р.) роднаснае ст.-інд. bálīyan ’мацнейшы’, bálam ’сіла’, лац. dē‑bilis ’слабы’ і г. д. Падрабязна гл. Фасмер, 1, 191. Адсюль узнікае самастойны ўсх.-слав. прыметнік са значэннем ’вялікі’; бел. бальшы́, рус. большо́й (гл. Шанскі, 1, Б, 160). Ад гэтага апошняга ўтворана лексема бел. бальша́к (БРС, Сцяшк. МГ, Касп.), рус. больша́к ’дарога’ (спачатку ’вялікая дарога’).

Бом ’глыбокая яма’. Гл. бон.

Бо́ма1 ’рычаг’ (БРС), ’доўгая жэрдка з тоўстым канцом пры плытах’ (Сцяшк. МГ, Янк. Мат., Бір. Дзярж.). Рус. дыял. (у Літве) бо́мка ’тс’. Параўн. рус. бом ’шлагбаум’, запазычанае з гал. boom ’брус, бэлька’ (Фасмер, 1, 191; Шанскі, 1, Б, 161). Але, магчыма, што бел. слова запазычана з той жа крыніцы, што і літ. búomas. ’рычаг’: з усх.-пруск. bōm ’тс’ (а лат. buõmis ’рычаг’ і г. д. — з с.-н.-ням. bom). Да балт. форм гл. Фрэнкель, 64–65.

Бо́ма2 ’званочак’. Новае ўтварэнне з бо́мка ’тс’ (гл.), якое, мабыць, успрымалася як памяншальная форма. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 65.

Бо́мба. Рус. бо́мба, укр. бо́мба. Запазычанне, магчыма, праз польск. bomba або ням. Bombe з італ. bomba, франц. bombe ’тс’ (усё да лац. bombus; першапачатковае значэнне снарад, які гудзе’). Гл. Фасмер, 1, 191; Шанскі, 1, Б, 161; Клюге, 90–91; Вельмі падрабязна (з літ-рай) MESz, 1, 336–337.