Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бомк ’насякомае’ (Бесар.). Укр. бомок ’тс’. Запазычанне з польск. bąk (ад гукапераймальнага bąkać, гл. Слаўскі, 1, 29).

Бо́мка ’званочак’. Утварэнне ад дзеяслова бо́мкаць (гл.). Ад бо́мка далей утвараецца новае слова бо́ма ’тс’ (гл.).

Бо́мкаць ’звінець, бразгаць’. Рус. бо́мкаць ’званіць’, укр. бо́мкати. Дзеяслоў, які ўтварыўся на базе выклічніка гукапераймальнага характару бом! (ад такіх выклічнікаў звычайна дзеясловы ўтвараюцца суфіксам ‑к‑). Адсюль вытворнае бо́мка і далей бо́ма ’званочак’ (гл.). Пераносна бо́мкаць ’мармытаць’ (Сцяц., Шат.).

Бон, бом ’выгаралая глыбокая яма ў тарфяным балоце, якая запоўнена вадой, глыбокая яма ў рацэ’ (усх.-палес.; Талстой, Геогр., 202). Талстой (там жа) параўноўвае з укр. (закарп.) бо́ня, бо́нище ’глыбокая яма ў балоце, запоўненая вадой’, укр. (бойк.) бо́ня ’стаячая вада’, кашуб. bonawa, bonawka ’дзёран, трава’, н.-луж. bon, bonk ’вільготны, мокры дзёран; луг, паляна’. Усё гэта, быццам, старое запазычанне з герм. (ням. Bonn ’мокрая лугавая трава’). Але зыходзячы з таго, што бон — гэта і ’месца, дзе рыбакі выцягваюць з вады сетку’ (Яшкін), магчыма, лепш лічыць, што бон, бом як тэрмін рэльефу звязаны з такімі словамі, як рус. бом, бон ’плавучы насціл у гавані’ < герм. (аб гэтых словах гл. Фасмер, 1, 191, 192).

Бо́нда1 ’бочка’ (Касп., Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Наўрад ці ёсць нейкая сувязь з бо́нда2 (гл.). Хутчэй таго ж паходжання, што і бо́ндар, бо́дня (гл.), бо́нда, мабыць, з бо́дня. Гл. Краўчук, БЛ, 1975 (7), 65.

Бо́нда2 ’бохан хлеба; круг каўбасы; булка, печаны хлеб; скаціна; скавароднік, перапечак; пасаг; закваска ў дзяжы і г. д.’ (шмат значэнняў, гл. Нас., Чач., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Інстр. II, Сцяшк., Сцяшк. МГ, Сцяц., Некр.). Падрабязна гл. Крывіч, 1923, 3, 51–52. Укр. бо́нда, польск. bonda. Запазычанне з літ. bandà (таксама шмат значэнняў). Гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 50–51. Падрабязна Непакупны, Мовознавство, 1969, (3); Сцяц., Нар., 22. У ст.-бел. мове бонда засведчана з XV ст. (Булыка, Запазыч.).

Бо́ндар. Рус. бо́ндарь, укр. бо́ндар, бо́днар, польск. bednarz, чэш. bednář. Утварэнне ад *bъdnʼa, *bъdьnь ’бочка’ (< герм. моў), усх.-слав. бо́дня. Першапачаткова боднарь. Праабражэнскі, 1, 36; Фасмер, 1, 192 (там і іншыя, менш пераканаўчыя версіі). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 163.

Бонк, бо́нка ’авадзень’ (Сцяшк. МГ). Таго ж паходжання, што і бомк (гл.), г. зн. запазычанне з польск. bąk ’тс’ (гукапераймальнае, ад bąkać, гл. Слаўскі, 1, 29; Брукнер, 19).

Бо́нна ’нянька, якая вучыла дзяцей замежным мовам’ (БРС). Рус. бо́нна, укр. бо́нна. Запазычанне з франц. (можа, і праз ням. Bonne < франц.; Фасмер, 1, 192) bonne ’няня’ (а гэта ад франц. bonne ’добрая’). Гл. Шанскі, 1, Б, 164. Ці не сюды бо́нка ’палюбоўніца’ (Нас.)?

Бонова́ты ’буяніць’ (палес., Клім., 22). Мяркуем, што гэта слова (праўда, крыху з іншай фанетыкай) таго ж паходжання, што і бунава́ць ’сварыцца, лаяць, шумець і г. д.’ (гл.), якое мае адпаведнасці ва ўсх.-слав. і паўд.-слав. мовах. Гукапераймальнае (Бернекер, 101; Фасмер, 1, 241; Рудніцкі, 255–256).

Бо́нчка ’кольца, якім замацоўваецца каса на касільне’ (ДАБМ, 832). Запазычанне з польск. bączek ’кольца’ (паходжанне польск. слова, мабыць, гукапераймальнае, гл. Брукнер, 19).