Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Макроць ’макрата’ (расон., Шатал.) — адпрыметнікавае ўтварэнне з суф. ‑оць (< ‑ota пад уплывам макрадзь з суф. ‑jadь). Да мокры (гл.).

Макру́ха1 ’буйміна горкая, Cardamine amara L.’ (маг., Кіс., Інстр. II). Да мокры (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑иха, які ў дадзенай функцыі пашыраны ў паўн.-усх. беларускіх і зах.-рус. гаворках (Слаўскі, SP, 1, 75). Названа паводле таго, што на сцёблах выступае пеннае рэчыва, якое выдзяляе лічынка насякомага Philaenus spumarius (Махэк, Jména, 67).

Макру́ха2 ’зоркаўка белая, Stellaria media (L.) Vill.’ (віц., Кіс., Нас., Бяльк.), макры́ца, макрі́ца ’тс’ (гом., гродз., мін., Кіс.; Шат., Гарэц., Дэмб. 1, Рам. 8, маладз., Янк. Мат.; Жыв. сл.), макрычнік ’тс’ (барыс., Уладз.), ’лісце, націна зоркаўкі’ (Касп.), лун. мокрэз ’зоркаўка’ (Шатал.), макрэц белы, мокрэц ’тс’ (брэсц., Кіс., Янк. 2, Мат. Гом., хойн., Шатал., лельч., Нар. лекс., Жыв. сл.). Утвораны ад мокры (гл.), а мыкры́чнік — ад макры́ца. Названа паводле таго, што расліна расце ў вадзе (Махэк, Jména, 75).

Макру́ха3 ’радоўка фіялетавая, Lepista nuda’ (уздз., Нар. словатв.). Да мокры (гл.). Суф. ‑уха (< ‑иха) надае аўгментатыўнае адценне. Матывацыя: у перыяд дажджоў грыбы становяцца мокрымі і цвітуць.

Макру́хі ’грыбы, падобныя да рыжыкаў, толькі больш цёмныя’ (Інстр. II; калінк., Мат. Гом.; уздз., Нар. словатв.). Утварэнне, аналагічнае да папярэдняй лексемы. У іншых гаворках іх называюць мачонкі (Інстр. II, 103).

Макры́ззе ’мокрае адзенне, рэчыва’ (Ян.). Да макроцце (гл.). Не выключана ад’ідэацыя лексемы рыззё.

Макры́ца1 ’невялікая, ракападобная жывёліна, якая жыве ў сырых месцах, Oniscus muvavivius Cuv.’ (Касп., Сержп. Грам.; ветк., жлоб., Мат. Гом.), макру́ш ’тс’ (гарад., Нар. лекс.), макру́ха ’тс’ (Нас., Бяльк.), луж. мокрэц ’тс’ (Шатал.). Да мокры (гл.). Аб суфіксе ‑іца гл. Сцяцко, Афікс. наз., 111.

Макры́ца2 чырвоная ’вочны цвет палявы, Anagallis arvensis L.’ (гродз., Кіс.). Укр. мокрець ’тс’. Да мокры (гл.). Матывацыя: расліна любіць мокрыя лужкі, даліны.

Макрыя́ць, макрая́дзь ’слата, непагадзь, макрэча’ (Др.-Падб., мядз., Нар. словатв., Крыў., Дзіс.) < макрыя́дзь; краснап. макрае́ддзе ’тс’ (Лемц. дыс.). Аформлена паводле макра́дзь (гл.), аднак застаецца няясным ‑ы‑. Да мокры (гл.).

Макрэдзь ’макрата’ (ТС) утворана ад мокры (гл.) і суф. ‑эдзь < прасл. ‑ědъ (Слаўскі, SP, 1, 64).

Макрэль ’скумбрыя да 50 см даўжынёй, Scomber scombrus’ (ТСБМ). Запазычана з рус. макрель ’тс’ < гал. makreel < с.-лац. macarellus (Фальк-Торп, 690; Фасмер, 2, 562).

*Макрэні, мокрэ́ні ’дзень перад Іллёй’ (ТС), макрэнь ’працяглае дажджлівае надвор’е (Растарг.). Утворана ад назвы рэлігійнага свята св. Макрыны (1 жніўня). Паводле народнай прыкметы: калі ў гэты дзень ішоў дождж, дык рэшта лета будзе мокрай.

Макрэц1 ’мокры лішай на нагах у коней і буйной рагатай жывёлы’ (ТСБМ, ТС, Янк. 2, Мат. Гом.). Да мокры (гл.). Параўн. таксама маклі́цы (гл.). Аб суф. ‑эц гл. Сцяцко (Афікс. наз., 100–102). Сюды ж макры́ца ’тс’ (Крыў., Са сл. Дзіс.).

Макрэц, мокрэц ’гладун, Herniaria glabra L.’ (пін., петрык., стол., Бейл.), ’макрыца Stellaria media’ (ТС). Да мокры (гл.). Матывацыя: расліна расце на нізкіх мокрых месцах.