Макру́ха 1 ’буйміна горкая, Cardamine amara L.’ (маг., Кіс., Інстр. II). Да мокры (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑иха, які ў дадзенай функцыі пашыраны ў паўн.-усх. беларускіх і зах.-рус. гаворках (Слаўскі, SP, 1, 75). Названа паводле таго, што на сцёблах выступае пеннае рэчыва, якое выдзяляе лічынка насякомага Philaenus spumarius (Махэк, Jména, 67).
Макру́ха 2 ’зоркаўка белая, Stellaria media (L.) Vill.’ (віц., Кіс., Нас., Бяльк.), макры́ца, макрі́ца ’тс’ (гом., гродз., мін., Кіс.; Шат., Гарэц., Дэмб. 1, Рам. 8, маладз., Янк. Мат.; Жыв. сл.), макрычнік ’тс’ (барыс., Уладз.), ’лісце, націна зоркаўкі’ (Касп.), лун. мокрэз ’зоркаўка’ (Шатал.), макрэц белы, мокрэц ’тс’ (брэсц., Кіс., Янк. 2, Мат. Гом., хойн., Шатал., лельч., Нар. лекс., Жыв. сл.). Утвораны ад мокры (гл.), а мыкры́чнік — ад макры́ца. Названа паводле таго, што расліна расце ў вадзе (Махэк, Jména, 75).
Макру́ха 3 ’радоўка фіялетавая, Lepista nuda’ (уздз., Нар. словатв.). Да мокры (гл.). Суф. ‑уха (< ‑иха) надае аўгментатыўнае адценне. Матывацыя: у перыяд дажджоў грыбы становяцца мокрымі і цвітуць.