Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жо́га ’пякотка’ (Бяльк., Мат. Гом.). Гл. жа́га.

Жо́лаб ’прадаўгаватае паглыбленне; карыта’. Рус. желоб ’прыстасаванне для стоку вады’, укр. жо́лоб ’карыта, прыстасаванне для перасыпання, пералівання’, польск. żłób, серб.-луж. žłob, чэш., славац. žlab, славен. žlêb, балг., макед. жлеб ’тс’. Ст.-рус. желобъ, жолобъ. Ц.-слав. жлѣбъ. Прасл. *želbъ < gelbъ. Ільінскі (РФВ, 1918, 78, 3–4, 198) звязваў са ст.-ісл. golf ’унутранасць пасудзіны; падлога’. Фасмер, 2, 61; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 282; БЕР, І, 550; Махэк₂, 729; Скок, 3, 683. Пятлёва (Этимология, 1975, 47–49) звязвае з серб.-харв. ижуњити ’выдаўбаць’ і лічыць першасным значэнне ’выдаўбанае’. Іншыя этымалогіі (гл. Фасмер) малаверагодныя.

Жо́луд ’плод дуба’, жолудзі, жалу́дка ’картачная масць’ (Нас.). Рус. желудь ’плод дуба’, дыял. с.-урал. ’плод бульбы’, уст. ’картачная масць’, укр. жолудь ’плод дуба’, уст. ’картачная масць’ (Жэлях.), польск. żołądź ’плод дуба’, уст. ’картачная масць’, палаб. zelǫd, в.-луж. žoldz ’тс’, н.-луж. zołz̀, чэш. žalud, славац. žaluď, славен. želod ’тс’, серб.-харв. же̏луд ’плод дуба’, балг. желъд, ’тс’, макед. желадʼ ’плод дуба, картачная масць’. Ст.-слав. желждь. Ст.-рус. желудь ’каштаны, арэхі, жалуды’. Лац. glans, glandis, грэч. βαλανος, арм. kalin, ст.-прус. gile, літ. gile, лат. dzile ’жолуд’. І.‑е. *g​el, g​ula‑ ’тс’ (Покарны, 1, 472–473). Брукнер (665) тлумачыў слав. ‑d‑ як паказчык зборнасці. Грэч. значэнне ’жолуд’ і ’падаль’ указвае на магчымасць сувязі з βαλλω ’кідаю’ і адпаведна тлумачыць семантычны бок паходжання. Іначай Махэк₂, 722: і -е. корань суадносіцца з g​ere ’жэрці’ і трактуецца як ’ежа вяпрукоў’. Фасмер, 2, 45; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 283; БЕР, 1, 533–534; Скок, 3, 675; Фрэнкель, 151; Тапароў, E–H, 234–235. Назва картачнай масці (гл. яшчэ жлудзь) — калька ням. Eichel праз чэш. і далей рус. ці польск. (Чарнышоў, Избр. тр., 2, 448–452).

Жом ’жамерыны’ (дзятл., Сл. паўн.-зах.). Рус. жом ’жамерыны; прас для выціскання’, укр. жом ’жамерыны’. Усх.-слав. бязафіксны наз. ад дзеяслова жаць2 (гл.): *жьмъ. Фасмер, 2, 61; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 295–296.

Жонд ’дзяржава, урад’ (Сл. паўн.-зах.). З польск. rząd ’урад’ (з коранем *ręd‑ > рад‑ у парадак і г. д.).

Жондзіць ’гатаваць страву’ (клец., Жыв. сл., 180). З польск. rządzić ’уладаць, кіраваць’, дыял. ’быць у парадку’; параўн. przyrządzać ’рыхтаваць ежу, лекі’. Магчыма, з пэўнага дыялектнага семантычнага варыянта, а магчыма, у выніку адцягнення з прэфіксальнага варыянта.

Жо́ндла ’джала’ (ашм., З нар. сл., 208; воран., іўеў., Сл. паўн.-зах.). З польск. żądło ’джала’ (гл. джала).

Жо́нка, жына́ (Бяльк.), жынка (Сл. паўн.-зах.). Рус. жена, женка, жонка, укр. жінка ’жонка; жанчына’, польск. żonka памянш. ад żona ’жонка’, серб.-луж. žonka ’тс’, славен. ženka ’тс’, ’самка’, серб.-харв. же̑нка, балг. жѐнка, макед. женка ’тс’. Ст.-слав. жена ’жонка; жанчына’. Ст.-рус. жена, женка, жонка ’жонка; жанчына’. Прасл. *žena < *gena роднаснае ст.-прус. genno ’жанчына; жонка’, ст.-інд. jánis ’жонка; жанчына’, арм. kin, гоц. qinô ’тс’, грэч. γυνή, бэаційскае βανα ’жонка’, ірл. ben, тах. A śäṁ, B śana ’жанчына’, алб. zonjë ’жонка; пані’. І.‑е. *g​enā ’жонка; жанчына’ супастаўлялі з *gʼen‑ ’нараджаць’, што, аднак, недастаткова абгрунтавана. Фасмер, 2, 46; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 284; Брукнер, 666; Махэк₂, 725; Скок, 3, 677; БЕР; 535–536; Трубачоў, Ист. терм., 105–110; Траўтман, 84; Тапароў, E–H, 207–210; Покарны, 1, 473–474. *ženъka ўтворана ад *žena яшчэ на прасл. глебе з дэмінутыўным суфіксам ‑ъk‑.

Жор ’перыяд, калі рыба кідаецца на яду’ (ТСБМ). Рус. жор ’час, калі рыба добра бярэцца’, дыял. ’апетыт’, польск. żer ’яда (у жывёл)’, чэш., славац. žer ’тс’. Бязафіксны наз. ад дзеяслова *žьratiжэрці (гл.): *žьrъ; першаснае значэнне магло лепш захавацца ў зах.-слав. мовах ’ежа як працэс’.

Жо́ра ’жарабя’, жо́ря (Бяльк.). Памяншальнае ўсячэнне жарабя (гл. жарабец) з пераносам націску на першы склад. Для ўсячэння падставай магло быць падвядзенне пад мадэль кароткіх назваў малых жывёл (ягня, цяля, дыял. ваўча, казя, каця, Сцяц., Афікс. наз., 197), звязанае з усячэннем паўторнай суфіксацыі (параўн. ласянёнак і ласё, там жа, 201). Няясны націск. Не выключана кантамінацыя з жэрці (гл.).