Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лазоўніца ’чаротаўка, Calamoherpe phragmit’ (паўн.-зах., КЭС). Утворана ад лазоўнік (гл.). Параўн. таксама лазніко (гл.).

Лазу́н ’майстар, ахвотнік высока лазіць (аб дзецях)’ (ТСБМ), ’сысун (аб цяляці)’ (Касп.). Да ла́зіць (гл.).

Лазу́р, лазу́рак ’блакіт’, ’фарба светла-сіняга колеру’ (ТСБМ; ігн., Сл. паўн.-зах., Касп.), лазу́рка ’тс’ (Нас.), ст.-бел. лазоръ, лязуръ ’блакітны камень, блакітная фарба’ (пач. XVII ст.) запазычаны са ст.-польск. lazur (Булыка, Запазыч., 187) < с.-в.-ням. lāsūr(e) < с.-лац. lazurium, lasurium < араб. lāzaward < перс. lādzwärd ’лазурыт’, ’колер гэтага блакітнага каменя’, ’блакітная фарба’ (Слаўскі, 4, 83).

Лазу́тчык ’разведчык у тыле ворага, шпіён’ (ТСБМ), ст.-рус. лазут(ь)никъ, лазутьчикъ, рус. лазутчик ’тс’, лазу́та ’проська, жабрак’, якія Фасмер (2, 450) узводзіць да старога дзеепрыметніка lazǫtъ. Аднак славен. lazútati ’поўзаць, лазіць’, lazútelj ’бадзяга’ уносяць дадатковыя цяжкасці пры тлумачэнні асновы лазут‑. Бел. лексема запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 74). Параўн. таксама ст.-бел. лазукъ, лазука ’разведчык’ (XVI ст.), лазуцтво, лазучство ’бадзянне’, якія можна вывесці з лазити > лазіць (гл.). Ад лазук(а) паходзіць лазучыць ’віжаваць, шпіёніць, выведваць’ (Нас.), у процілеглым выпадку (< lazǫt‑) было б лазуціць.

Ла́зы ’лесвіца, прыстасаванне для лазання (пад’ёму) на дрэва, каб глядзець пчол’ (Сцяшк., Інстр. I, Мат. Гом.), магчыма, рус. лазы ’прыстасаванне на дрэве для падпільноўвання мядзведзя’ — pluralia tantum ад лаз (гл.).

*Лазя́нка, лозянка ’птушка бугай, Botaurus stellaris L.’ (Маш., ТС) — у выніку намінацыі словазлучэння з прым. лазяны пры дапамозе суф. ‑κ‑α. Да лаза (гл.). Параўн. польск. kamionka, Шапка. Толькі палескае (Карскі, Труды, 479).

Ла́йба1 ’барліна, баржа, вялікая лодка з дзвюма будкамі грузападымальнасцю ў 5–10 т’ (Гарэц., Касп., Дэмб. 1, Яруш., Рам. 8, Нар. сл., КЭС, лаг.), ’вялікая парусная лодка з двума парусамі’ (ТСБМ). Укр. ла́йба, рус. лайб, ла́йба ’баржа, лодка’, ст.-рус. лоива ’судна ў наўгародцаў, немцаў, карэлаў’, польск. łajba ’баржа на Заходняй Дзвіне’, літ. laĩvas, laĩvė ’карабель’, laivà, лат. laĩva ’лодка’ — усе з фін. laiva ’лодка, судна’ (Фасмер, 2, 450–451; Бернекер, 686; Фрэнкель, 335; Слаўскі, 4, 434). Лаўчутэ (Балтизмы, 145), Блесэ (SB, 4, 1935–1936, 14) лічаць, што ў слав. мовах — гэта балтызм. З балт. моў слова было запазычана ў фінскія (Буга, Rinkt, 1, 309–311). Сюды ж лайбоўшчык ’шкіпер на лайбе’ (дзвін., Нар. сл.).

Ла́йба2 ’вялікі воз для перавозкі сена’ (Сл. паўн.-зах.) — паводле Грынавецкене, запазычана з літ. láiva ’воз з кузавам’ (Сл. паўн.-зах. 2, 612). Сюды ж пераносныя: ла́йба ’карова з вялікім жыватом’, ла́йба, ла́йбіна ’вельмі тоўстая, здаровая жанчына’ (З нар. сл.), ’тоўсты чалавек’ (Сл. паўн.-зах.).

Лайба́ ’лаянка’ (Нас.). Да ла́яць. Утворана пры дапамозе суф. -ба, як і клятба, бажба, барацьба і інш.

Ла́йбанка ’лаянка’ (шчуч., Нар. лекс.) — кантамінацыя з лайба і лаянка.

Ла́йбус ’гультай, лежабок’ (Яўс.). Відавочна, звязана з лайба2. Суф. ‑ус надае адмоўную характарыстыку. Параўн. вісус, біндус, польск. garbus ’гарбун’, wiarus ’стары салдат’.

Лайда́к ’гультай, лянівы, бяздзейны, лодар’, ’круцель, хітрун, шэльма’, ’п’яніца’ (Нас., ТСБМ, Касп., Мядзв., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), ’распусны, амаральны чалавек’ (КЭС, лаг.), лайда́чына ’гультай, гультайка’ (Сл. паўн.-зах.), лайдачы́на ’тс’, ’хлус’ (Шат.). Укр. ла́йдак, лайда́ка, лайдачи́на, рус. зах. прыбалт. лайда́к ’тс’, паўдн.-рус. ’нягоднік, хлус, гуляка’, зах.-бран. лайда́ка ’гультай’, польск. łajda, lajda, łajdak, łajdach, łajduś lajdus, łajduń, łajdemus, каш. lái̯dwk̑, lei̯dwk, łajdak ’падлюга, нягоднік, прахвост, паганец’, чэш. lajdák ’лодыр, нядбалы’, мар. lʼajda ’бадзяга’, славац. lajdák ’лайдак, неахайны’, славен. lȃjdǝr ’бадзяга’. Славянскае паходжанне (з ladaco, ladajakýМіклашыч, 162) адкідаецца Фасмерам (2, 450), які мяркуе (а ўслед за ім і Кюнэ, Poln., 73), што ва ўсх.-слав. мовы слова прыйшло з польск. łajdak, якое з н.-в.-ням. landern, с.-в.-ням. lendern ’бадзяцца’ (таксама і Бернекер, 1, 686). ESSJ SG (2, 408) дапускае ўзнікненне łajdak у выніку дээтымалагізацыі дэрыватаў слова ledajaký (з заменай l > ł). Праабражэнскі (430), Эндзелін (ЖСт, 3, 252), Карскі (Труды, 396) паводле дыфтонга ‑ай‑ бачаць крыніцу гэтай лексемы ў балт. мовах. Брукнер (305–306), Слаўскі (4, 435) мяркуюць, што ў польск. мове гэта запазычанне з чэш. мовы, а з польскай тэрыторыі слова пашыралася ў бел., рус., укр. і літ. мовы. Махэк₂ (318) прызнае за словам łajdák (якое з чэш. пашырылася і на славац. тэрыторыю, а адтуль — на вянг. гаворкі) першаснае значэнне з адценнем ’бяздзейнасці, маруднасці, неахайнасці, абыякавасці ў працы’, а ’бадзяцца’ — другасным, выводзячы лексему łajdák (а з яе пасля ўжо ўтварыліся дзеясловы lajdačiti, lʼajdat se і інш.) з прыметніка ledajaký. Як заўважае Трост (NR, 4, 1979, 224), змена ledajaký > lajdák з’яўляецца нечуванай з’явай, і сцвярджае, што ‑ak‑ славянскі суфікс, а чэш. lajda (lʼajda) паходзіць з lajdat, якое з landat, а апошняе (услед за Голубам–Копэчным, 198) — з ням. landern ’бадзяцца’. Аткупшчыкоў (Лекс. балтызмы, 35), Лаўчутэ (там жа. 22 і Лаўчутэ, Балтизмы, 16–18) вяртаюцца да версіі аб балт. паходжанні лексемы лайдак, супастаўляючы яе з літ. laidõkas, лат. laĩdaks ’распуснік, гультай, нягоднік, п’яніца’, ’цяльпук’, ’грубіян’, ’маральна заняпалы’, лат. laīda ’гультай, расслаблены, вялы’. На карысць балтыйскай крыніцы сведчаць як фанетычныя аргументы (дыфтонг ‑ай‑, старое чаргаванне літ. ‑аі‑ // лат. ‑ei‑, параўн. leidoks ’неахайны’, ’распуснік’), так і дастаткова вялікае гняздо роднасных слоў (літ. léisti ’матаць грошы’, ’хутка бегаць’, ’швэндацца’ — ітэратыў láidyti ’тс’, palaidū̃nas ’распуснік’, laidùs, лат. leĩdars ’мот, марнатравец’) і пашырэнне іх на асноўнай моўнай літ. і лат. тэрыторыях. Чэшскае і польскае словы з’явіліся вынікам кантамінацыі балт. (lajd‑) і ням. (land‑) асноў. Сюды ж лайдачыць ’гультаяваць, марнатравіць’ (Нас.), лайдачы ’лянівы’ (Сцяшк.).