Ла́яць, ла́іць ’гаўкаць’, ’сварыцца, зневажаць, крычаць на каго-небудзь абразлівымі словамі’, ’ганьбіць, бэсціць’, ’дакараць, рабіць вымову’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Гарэц., Бяльк., Касп., Шат.; горац.-маг., паўн.-усх., КЭС, Сл. паўн.-зах.), лаяцца, лайіцца ’адзін аднаго зневажаць брыдкімі словамі’ (КЭС, лаг.), ’сварыцца’ (Нас., Бяльк., Касп., Шат., Сл. паўн.-зах.), ’скардзіцца, наракаць’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. лаяти ’сварыцца, ганіць’, але ла́я, лая́ ’гайня сабак’, рус. лаять ’брахаць, гаўкаць’, ’выць (пра ваўка)’, ’квакаць’ (аб жабе), ст.-рус. лаяти ’гаўкаць’, ’сварыцца’, ’злавацца, юшыцца’. Польск. łajać ’сварыцца, праклінаць’, паўн.-каш. łajać ’гаўкаць’, славін. łai̯ac ’сварыцца’, ’гаўкаць’, ’балбатаць’, чэш. láti ’сварыцца’, (а значэнне ’гаўкаць’ запазычана паэтамі з рус. мовы), н.-луж. łajaś ’гаўкаць’, ’сварыцца’, славен. lájati, серб.-харв. ла̏јати, макед. лаам, балг. лая ’гаўкаць’, ’сварыцца, ганіць’, ’пляткаваць’, ст.-слав. лаꙗти ’гаўкаць’, ’ганіць, знеслаўляць’. Прасл. lajati генетычна суадносіцца з літ. lóti ’гаўкаць’, лат. lāt ’тс’, ст.-інд. rā́yti ’гаўкае’, асец. ræin, ст.-грэч. λαίειν, лац. latrāre ’гаўкаць’, алб. leh ’гаўкаю’, ірл. líim ’абвінавачваю’, арм. lam ’плачу’, гоц. laílōun ’яны ганьбяць’ (Фасмер, 2, 468–469; Слаўскі, 4, 432–433 з літаратурай; Шустэр–Шэўц, 10, 759–760). Махэк₂ (321) адрознівае два дзеясловы láti: ’сварыць’, якое ён суадносіць з лат. rāt ’ганіць’, і ’гаўкаць’, якое з прасл. lajati. Скок (261–262) і Жарскі (RKJWroc., 9, 185) прасл. lajati выводзяць з і.-е. la — анаматапеічнага гуку для выражэння паняцця ’гаўканне сабакі’. Сюды ж лаянка ’сварка’ (Гарэц., Касп., Бяльк., Шат., ТСБМ) — бел.-укр. ізалекса < ла́ены ’ганебны’ (Нас.). Польск. даўн. łajanka ’лаянка’ з бел. мовы (гл. Слаўскі, 4, 434).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)