Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Івярэ́нь ’пень’ (Мат. Гом.), ’трэска’ (Маш., 74), і́вірынь ’старчаком’ (Бяльк.). Рус. дыял. и́верень ’асколак’, ’вырваны кусок’, ’зарубка на бервяне’, ’няроўнасць, шурпатасць на вычасаным дрэве’, ’загана, шчарбіна, трэшчына (на посудзе)’, ’выгіб, зігзаг’, и́вор ’кусок, частка, асколак чаго-н.’, и́вернем ’зігзагам, выгібам’, ’няроўна’, укр. и́верь ’зарубка ўпоперак дрэва’, и́верень ’трэска, адсечаная ўпоперак дрэва’ (Грынч.), польск. wiór ’трэска’, ’стружка’, палаб. jėver ’трэска’, чэш. дыял. iver ’тс’, славац. íver ’абрубак, трэска’, славен. ivȇr ’трэска, абрэзак’, серб.-харв. и̏ве̑р ’трэска’, балг. и́вер ’тс’, макед. ивер, иверка ’тс’. Ст.-рус. иверень ’трэска, асколак’, ’вырваны ці выразаны кусок’ (XVII ст.), ст.-бел. иверь, иверень ’асколак, трэска’ (Гарб.). Вытворныя формы на ‑ень толькі на ўсходзе слав. тэрыторыі. Прасл. *jьverъ (Трубачоў, Эт. сл., 8, 250–251) ці *iverъ звязваюць з *verti (гл. вярцець). Бернекер, 1, 439; Трубачоў, Этимология 1970, 18. Супастаўленне са ст.-інд. vr̥çcáti ’адсякае, коле, валіць’ (Гараеў, 120; Младэнаў, 196) выклікае пярэчанні фанетычнага характару. Махэк₂ (213) недастаткова абгрунтавана прапануе сувязь з iskať ’шчапаць’, адсюль i‑ver‑o, дзе корань i < iz‑ < eiz‑ < eiǵ + суф. ‑ver‑. Дыскутуецца і паходжанне пачатковага i‑: у ім бачаць прыстаўку *jь (Трубачоў, Эт. сл., 8, 251), пратэзу (Бернекер, 1, 439; Міклашыч, 97, з сумненнем) ці, што мала верагодна, прыдыхальны i‑ (Брукнер, 623).

І́га1 ’ярмо для запрагання валоў’ (мін., Жыв. сл., 42). Рус. и́го ’прыгнёт’, уст. ’ярмо’, укр. і́го ’ярмо’, польск. jugo ’ярмо, перакладзіна ў санях’, палаб. jaiďü ’прыгнёт, ярмо’, чэш. jho ’тс’, славен. igȏ ’прыгнёт, валоўе ярмо’, серб.-харв. уст. иго ’прыгнёт, ярмо’, балг. и́го ’прыгнёт’, макед. иго ’прыгнёт, ярмо’. Ст.-слав., ст.-рус. иго ’прыгнёт, ярмо’. Прасл. *jьgo < *i̯ŭgom узыходзіць да і.-е. *i̯eu̯‑g‑ ’звязваць’; параўн. і.-е. матэрыял: літ. jùngas ’ярмо’ (n — пад уплывам дзеяслова jùngti ’злучаць, запрагаць’), ст.-інд. yugám ’ярмо’, junákti ’запрагаць, спалучаць’, лац. iugum ’ярмо’, iungō ’звязваць, злучаць’, грэч. ζυγόν ’ярмо’, ζεύγνῡμι ’запрагаць, спалучаць’, хец. i̯ukan ’ярмо’, гоц. juk ’тс’, арм. luc ’тс’, авест. yaog‑ ’запрагаць’. Бернекер, 1, 421–422; Покарны, 1, 508–509; Фасмер, 2, 115–116; Слаўскі, 1, 445–446; Безлай, 1, 208; Трубачоў, Эт. сл., 206–208, там жа падрабязны агляд літ-ры. Этнаграфічны бок гл. Машынскі, Kultura, 647–656.

Іга́2 ’злая жанчына’ (Нас.). Гл. яга.

І́гаць ’медная ступка’ (Інстр. I). Рус. тамб., смал. и́готь ’ступа, ступка’, смал. и́готка ’маленькая ступа, ступка’. Ст.-рус. иготь, игота, иготья ’металічная ці каменная ступка, ручная ступа’ з с.-грэч. ἰγδί(ον). Бернекер, 1, 421; Праабражэнскі, 1, 264; Фасмер, 2, 116.

Ігла́, іго́лка (ТСБМ), го́лка (стаўб., Нар. лексіка, 157). Рус. игла́, иго́лка, укр. ігла́, го́лка, польск. igła, в.-луж. jehła, н.-луж. gła, палаб. jågla, чэш. jehla, славац. ihla, славен. ígla, серб.-харв. ѝгла, балг. игла́, макед. игла, ц.-слав., ст.-рус. игла, ст.-бел. игла — усе са значэннем ’прылада для шыцця’. З іншай семантыкай рус. смал. иго́лка ’кінжал’, польск. igła ’шпілька’, славен. igla ’шворан, прут’, балг. игла́ ’пруток’. Найбольш верагодна сувязь прасл. *jьgъla з *jьgo ’ярмо’ (гл. іга1). Махэк₂ (220–221) рэканструюе *jugulā ад і.-е. *jugo‑m, абапіраючыся на значэнне славац. дыял. jehlice ’палка, якая прасоўваецца праз канцы ярма для замацавання яго на шыі жывёлы’, параўн. грэч. ζεύγλη ’рэмень вакол шыі жывёлы як частка ярма’, лац. iugulae ’пояс Арыёна’. Адсюль першапачатковае значэнне ’змацавальная жэрдка, планка, перакладзіна’, Трубачоў, Эт. сл., 8, 213–214. Старыя семантычныя сувязі захавала не толькі славац. лексема, арэал распаўсюджання старажытнага значэння больш шырокі, параўн. рус. дыял. игла́ ’рухомая на восі сярэдняя частка спражкі, якая прасоўваецца ў дзірку рэменя (у вупражы, поясе і г. д.)’, ’частка воза’, вельмі часта з рознымі варыяцыямі ’перакладзіна, якой змацоўваюцца дошкі, бярвенні плыта, драўляныя сцены і г. д.’, славен. ígla ’клін праз ярмо’, ígelj, ȋgelje ’частка ярма’ (Безлай, 1, 208), ст.-рус. игла ’бервяно, брус, жэрдка для змацавання драўляных сцен’ (XVII ст.). Гэты ж семантычны цэнтр асноўны для вытворнага *jьgъlca (гл. ігліца). І.‑е. сувязі менш ясныя ці зусім няпэўныя. Параўноўваюць са ст.-прус. ayculo ’ігла’ < *aigulā (Міклашыч, 95; Слаўскі, 1, 443–445; Тапароў, А–Д, 59, сюды ж літ. aĩgara, aĩgaras ’саломінка’, áigyti ’калоць’, ’басці’) і грэч. αἰχμή ’вастрыё’, ἀῖκλοι ’вастрыё кап’я’ (БЕР, 2, 56; Фасмер, 2, 115, з заўвагай аб немагчымасці аддзяліць гэтыя паралелі ад балт. слоў са значэннем ’ражон, пожаг’: літ. iẽšmas, ст.-прус. aysmis). Далей, кімр. gwnīo ’шыць’, ірл. conōigim ’шыю’ (Цупіца, KZ, 37, 392; Мікала, RS, 1, 5–6). Сувязь з лац. aeger ’хворы, які пакутуе’, польск. jędza ’ведзьма, фурыя’ (Бернекер, 1, 423; Брукнер, 189), відаць, памылковая. Няпэўнае супастаўленне са ст.-ісл. igull, ням. Igell ’вожык’, слав. *ežь (Младэнаў, 196). Іншыя версіі: сувязь з грэч. ὀβολός ’манета’ (Мейе, BSL, 24, 1924, 137), супастаўленне з грэч. βέλος ’страла, кап’ё’, βελόνη ’вастрыё, ігла’, літ. geluonìs ’джала’ (Педарсан, KZ, 39, 393).

Іглі́ца ’іголкападобнае лісце хвойных дрэў і кустоў’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ, Янк. I, Янк. III), ’папярочны драўляны брусок, якім змацоўваюцца дзвярныя дошкі’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк. МГ, Касп., Янк. III, Мат. Маг., Інстр. I, Інстр. II, В. В., 107), ’брусок, што злучае брусы з зубамі ў баране, праходзячы праз іх’ (Бяльк.), ’планка (у табурэтцы, стале)’ (Сцяц.), ’драўляны ручны чаўнок для вязання рыбалоўных сецей’ (Крыв., 167). Рус. дыял. и́гли́ца, церск., урал. ’ігла для шыцця’, церск., сарат., наўг., урал., перм., цюмен. ’ігла для вязання сецей’, кастр. ’доўгі завостраны драўляны цвік’, тамб. ’жэрдка ў загарадзі, поручнях і г. д.’, паўд. ’папярочныя брусы бараны’, дан., паўд., смал., урал., разан. ’папярочны брусок, якім змацоўваюцца дошкі’ і іншыя вельмі блізкія значэнні: укр. гли́ця ’драўляная ігла’, ’хвоя, шыпулькі хвойнага дрэва’, ’баляса, слуп у поручнях, загарадзі’, ’папярочная злучальная жэрдка’, ’кладка’ (Грынч.), польск. iglica ’ігла, вязальная спіца’, ’вастрыё, верхавіна, пік’, ’жалезны кол’, н.-луж. jeglica ’іголка’, чэш. jehlice ’іголка, шпілька’, ’спіца’, славац. ihlica ’ігла, шпілька’, ’спіца’, ’драўляны ці металічны прут для замацавання ярма на шыі жывёлы’, славен. iglica ’іголка’, ’жалезны шворан у возе’, ’прут, які змацоўвае часткі ярма’, серб.-харв. ѝглица ’іголка’, ’ступенька, перакладзіна’, балг. игли́ца ’іголка’. Ст.-рус. иглица ’драўляныя брускі, якія выкарыстоўваюць пры будаўніцтве памяшканняў’, ’пякучы валасок некаторых раслін’ (XVII ст.). Прасл. утварэнне з суф. ‑ica ад *jьgъla (гл. ігла). Трубачоў, Эт. сл., 8, 214–215. Семантычны зрух у напрамку ’змацавальная жэрдка, перакладзіна, палка’ → ’завостраная на канцы палка’ → ’іголка’ → ’лісце хвойных дрэў’ (па падабенству).

Іглі́чыць ’змацоўваць з дапамогай ігліцы’ (ТСБМ), ’злучаць дошкі’ (Інстр. II); параўн. рус. смал. игли́чить ’рабіць што-н. з дошак пры дапамозе набіўных дошчачак’. Ад ігліца (гл.).

Ігнарава́ць. Запазычанне з польск. мовы ў пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 260; Гіст. мовы, 2, 143). Першакрыніца: лац. ignoro ’не ведаю’. Шанскі, 2, I, 6–7; SWO, 296.

Ігра́. Рус. игра́ ’ігра’, дыял. ’гулянне моладзі’, ’урачыстасць’, ’вяселле’, ’скокі, танцы’, укр. гра, ігра́, польск. gra, уст. igra ’тс’, в.-луж. hra ’тс’, н.-луж. gra, igra ’тс’, чэш., славац. hra ’ігра, забаўка, пацеха’, ’жарт’, славен. ígra ’ігра’, серб.-харв. и̏гра ’тс’, балг. игра́ ’ігра, пацеха’, макед. игра ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. игра ’пацеха, танец’, ’ігра’, ст.-бел. игра ’ігра, забава’ (Скарына). І.‑е. сувязі не зусім ясныя. Магчыма. прасл. *jьgra мела рытуальнае і сакральнае значэнне. Сінкрэтычнасць семантыкі слав. слова і збліжэнне са ст.-інд. yájati ’шанаваць бажаство’, грэч. ἅγιος ’свяшчэнны’ даюць падставу для такога меркавання (Патабня, РФВ, 6, 1881, 3, 150–153). Тапароў (Этимология, 1977, 15–17), вяртаючыся да этымалогіі Патабні, звязвае *jьg‑ra з ідэяй сакральнай адзначанасці і шанавання, прызнаючы, аднак, фанетычныя цяжкасці ўзвядзення слав. слова да і.-е. *i̯ag‑ ’рэлігійнае шанаванне’. Семантычную і фармальную аргументацыю гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 8, 208–210. Іншыя супастаўленні: ст.-інд. éjati, tjati ’рухацца’ (Бернекер, 1, 422; Траўтман, 103), літ. áikštytis ’капрызіць, дурэць’, áikštis ’прыхамаць’, лат. aîstîtiês ’крычаць, шумець’, ст.-ісл. eikinn ’дзікі, люты, моцны’ (Фасмер, 2, 116), ст.-інд. iṅgati ’рухацца’ (Махэк₂, 181). Згодна з найбольш прынятай версіяй, пачатковае значэнне ’рух у танцы, скокі’ (Слаўскі, 1, 331–332). Скок (1, 711) прыводзіць у якасці семантычнай паралелі ст.-в.-ням. spilōn ’жвава рухацца’ — ням. spielen ’іграць’. Прапанова Ланта аб сувязі з гняздом рус. ерзать выклікае пярэчанні семантычнага і фармальнага характару (гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 209).

Ігра́ць ’выконваць што-н. на музычным інструменце’, ’выступаць на сцэне, у кіно’, ’гуляць’, ’блішчаць’, ’быць у бадзёрым, узбуджаным стане’ (ТСБМ), ’бегаць (пра карову)’ (Мат. Гом.), ’цвісці’ (Бяльк., Выг. дыс.), ’спяваць’ (Касп.; Рам., 8, 554), ’спарвацца (аб птушках)’ (Некр.), ’буяніць, сварыцца, бурна выказваць пачуцці незадавальнення’ (Шат., Янк. III). Рус. игра́ть ’іграць’, дыял. ’танцаваць, скакаць’, ’спяваць’ (вельмі шырока ў гаворках), арханг., смал., разан. ’здзекавацца, злараднічаць’, разан. ’аб злучцы жывёлы’, укр. гра́ти ’іграць’, ’рабіць хуткія, рэзкія рухі’, ’брадзіць (аб мёдзе, піве)’ (Грынч.), польск. grać, igrać ’іграць’, в.-луж. hrać ’тс’, н.-луж. graś, jgraś ’тс’, палаб. jaigroją ’тс’, чэш. hráti ’іграць, забаўляцца’, славац. hrať ’тс’, ihrať ’іграць, хістацца, пералівацца’, славен. igráti ’іграць’, серб.-харв. ѝграти ’скакаць, іграць’, балг. игра̀я ’тс’, макед. игра ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. играти ’забаўляцца, іграць’. Прасл. *jьgrati, дзеяслоў на ‑ati ад *jьgra (гл. ігра). Трубачоў, Эт. сл., 8, 210–211.

Ігра́ч ’музыка’ (Бяльк., Жд. 2, Інстр. III). Рус. дан. игра́чки ’песенніцы’, укр. ігра́ч, грач ’ігрок, музыка’ (Грынч.), польск. gracz ’ігрок, музыка, артыст’, в.-луж. hračk ’ігрок’, н.-луж. grac ’тс’, чэш. hráč ’тс’, славац. hráč ’ігрок, музыка’, славен. igráč ’ігрок, артыст’, серб.-харв. ѝгра̄н ’ігрок, танцор’, балг. игра́ч ’тс’, макед. играч ’тс’. Ст.-бел. играч ’музыка’ (Скарына). Прасл. утварэнне з суф. Nomina agentis ‑ačь ад *jьgrati (гл. іграць). Трубачоў, Эт. сл., 8, 210. Параўн. ігрэц.