Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тлумата́ ’шум, беспарадак у галаве’ (Мат. Гом.). Да тлум1 (гл.) па тыпу глухата, цесната і пад.

Тлума́ч старое ’перакладчык у час афіцыйных перагавораў’, ’тлумачальнік’ (ТСБМ, Ласт.), ’перакладчык’ (Нас., Гарэц. 1, Байк. і Некр.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ), тулма́ч ’тс’ (Бяльк.). Запазычанне з польск. tłumacz ’перакладчык’, старое ’інтэпрэтатар, каментатар’, адносна паходжання гл. талмач. Для часткі значэнняў не выключана самастойнае ўтварэнне ад тлумачыць, гл.

Тлума́чыць ’даваць тлумачэнне, высвятляць, каментаваць’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Касп., Ласт., Некр. і Байк., ТС, Цых.), ’расказваць, гаварыць, апавядаць’ (шальч., смарг., гродз., Сл. ПЗБ), ’перакладаць’ (Вруб., Цых.; маст., стаўб., Сл. ПЗБ). З польск. tłumaczyć ’выясняць, інтэрпрэтаваць, абгрунтоўваць; перакладаць’, старое і дыял. tłomaczyć ’тс’, што да *tl̥mačiti ’перакладаць з адной мовы на другую; выясняць, інтэрпрэтаваць’, параўн. укр. товма́чити ’тс’, рус. толма́чить ’тс’, чэш. tlumočit ’тс’, серб.-харв. тума́чити, дыял. толма́чити ’выясняць, перакладаць; распавядаць, разумець’, макед. дыял. тумачи ’тс’; утворана ад прасл. *tl̥mačь (Борысь, 635), гл. талмач.

Тлумі́цца ’тлець’ (ТС). Няясна; хутчэй за ўсё, да тлуміць ’прыгнятаць, стрымліваць, заглушаць’ (гл.), што адпавядае зыходнай семантыцы ’душыць; таўчыся’, характэрнай для асновы *telm‑/*tolm‑/*tъlm‑ (Куркіна, Этимология–1983, 25), параўн. польск. dym tłumi ’ідзе клубамі, клубіцца’.

Тлумі́ць ’марочыць, дакучаць’ (ТСБМ), ’збіваць з толку, задурваць, блытаць’ (Нас.), ’прыгнятаць’ (Ласт.), ’турбаваць’ (чэрв., ЛА, 3), ’заблытваць, збіваць з панталыку’ (Байк. і Некр.), ’ачмураць шумам’ (Касп.), ’псаваць, таптаць (пасевы); жартаваць, гаварыць абы-што’ (Нас.), ’дурыць’ (пух., Жд. 2; бялын., Янк. Мат.), ’несці лухту’ (Шымк. Собр.), тлумы́ты ’стрымліваць, затрымліваць’ (драг., Ск. нар. мовы), ст.-бел. тлуми́ти ’ўціхамірваць’, ’стрымліваць’ (1574 г., КГС), сюды ж тлумі́цца ’страчваць увагу, блытацца’ (Нас.), ’туліцца, жыць у цеснаце’, ’дурэць’, ’прадаваць, рабіць доўга’ (Мат. Гом.), тлуми́тис ’таўчыся’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), тл́умны ’нястрыманы, шумны, неспакойны’ (ТСБМ), ’сварлівы, бесталковы’ (Байк. і Некр.). Параўн. укр. тлу́ми́ти ’знішчаць, нявечыць; заглушаць; біць, лупцаваць’, польск. tlumić ’прыглушаць, глушыць, прыгнятаць (пра агонь), стрымліваць; таўчыся, біцца’, ст.-польск. tlomić ’тс’, чэш. tlumit ’прыглушаць, стрымліваць, змякчаць’, славац. tlmiť ’тс’. З польск. tlumić ’прыглушаць, стрымліваць’ (Борысь, 635; Брукнер, 572; Махэк₂, 646; Куркіна, Этимология 1983, 24–26).

Тлуна́ ’непатрэбныя рэчы’ (чэрв., Жд. 3). Відаць, аддзеяслоўны назоўнік, параўн. тлу́ніць ’збіраць грошы’ (ТС). Да тлум1, тлуміць (гл.) з менай м > н, як у клумак/клунак, параўн. польск. tłum ’вялікая колькасць, мноства’, tłumić ’заціскаць’ і пад.

Тлу́сты ’з вялікай колькасцю тлушчу’, ’тоўсты, укормлены, сыты’, (ТСБМ, Нас., Яруш., Шымк. Собр., Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Сержп. Прымхі, Федар. 4, Сл. ПЗБ, Вруб., ТС, ЛА, 4), клу́сты, клу́скі ’тс’ (Лекс. Бел. Палесся), клусты́, клу́скі ’тс’ (Ласт.), клу́сный ’тс’ (Бяльк.), ст.-бел. тлустый ’тлусты’ (пач. XVI ст., КГС). Запазычанне з польск. tlustý ’тс’, што ўзыходзіць да прасл. *tъlstъ ’тлусты, тоўсты’ (Брукнер, 572; Борысь, 636). Варыянтнасць пачатку слова (тл‑, кл‑, пл‑) разглядаецца як вынік распадабнення (Сцяц. Нар., 61), якое назіраецца яшчэ ў польскай мове (Векслер, Гіст. 102). Гл. тоўсты.

Тлу́шка-тлу́шка — прывабліванне каровы або цялушкі (пін., Дразд.). З рэдукцыяй першага складу ад мясцовага тэлу́шка або тылу́шка ’карова, цялушка’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), параўн. телу́х ’падзыўное слова для каровы, пераважна маладой’ (Растарг.).

Тлушч ’масляністае рэчыва, сала’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), ’тук (растопленае сала)’ (зах.-бел., ЛА, 4), тлуст ’тс’ (смарг., ЛА, 4), тлусць ’тс’ (Сцяшк.), клушч ’тс’ (Ласт.), сюды ж тлу́стасць ’сала, тук’ (Нас., Шпіл., Гарэц., Некр. і Байк., Сцяшк., Сл. ПЗБ; стаўб., З нар. сл., ЛА, 4), тлу́шчосць ’тс’ (пін., ЛА, 4). Запазычана з польск. tłuszcz ’тс’, утворана ад tłusty (*tl̥st‑jь, гл. Борысь, 636), параўн. тоўшч ’таўшчыня, сытасць’, гл.

Тлу́шча, ст.-бел. тлуща ’натоўп’ (XV ст., Ст.-бел. лексікон, КГС). Запазычана са ст.-польск. tłuszcza ’тлум, галыцьба, зброд’ (Булыка, Лекс. запазыч., 38), абстрактны назоўнік, што ўзыходзіць да прасл. *tl̥šča (< *tl̥st‑ja) ад *tl̥stъ ’набрынялы, маючы вялікі аб’ём, тоўсты’ (Борысь, 636), параўн. тоўшча, гл.