Ручні́ца ’памінкі па нябожчыку праз год пасля смерці’ (Сл. рэг. лекс.). З польск. rocznica ’гадавіна’.
Ру́чно ’з рук у рукі, асабіста’ (драгіч., З нар. сл.), ’уручную’ (ТС). Гл. рука.
Ру́чы ’дарослы, працаздольны, які можа на сябе зарабіць’, ’моцны, спрытны чалавек’ (бялын., Янк. Мат.), укр. ру́чий ’спрытны, лоўкі’, польск. rączy ’хуткі, жвавы; пільны’, чэш. ručí ’хуткі’, славац. rúči ’здольны, спрытны’, славен. róčen ’хуткі, спрытны’. Прасл. *rǫčьjь, роднаснае ст.-інд. r̻jyati, r̻ñjati ’напружвацца, спяшацца’, грэч. αργός ’хуткі (пра сабаку)’. Адносяць да *rǫka (Праабражэнскі, 2, 228; Махэк₂, 522), або пастулюецца народнаэтымалагічная сувязь з назоўнікам (Бязлай, 3, 189). Параўн. рука́ты (гл.); Брукнер (455), Шустар-Шэўц (2, 1249) звязваюць з *ručьjь, гл. ручай.
Ручы́цца ’весціся; добра гадавацца, пладзіцца’; (звычайна з адмоўем) ’удавацца, шанцаваць; надарацца’ (ТСБМ), ручы́ць ’ідзе ў руку, шанцуе (у жывёлагадоўлі)’ (маладз., Янк. Мат.). Да рука (гл.), параўн. папярэдняе слова.
Ручэ́йнік ’маленькі чарвячок, які будуе вакол сябе домік-трубачку’ (Сл. рэг. лекс.). Звычайна адносяць да ручай, ручэй (гл.). Аднак не выключана сувязь з ручэйка, ручайка (гл.), паколькі можа асацыявацца з навітай на верацяно ніткай.