Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Нікс ’серна-кіслы цынк’ (Нас.). Запазычана праз польск. niks ’цынкавая-мазь’ з ням. Nichts, назвы, утворанай ад грэч.-лац. onychitis шляхам жартаўлівага збліжэння з nicht (s) ’нічога’ (Варш. сл., 391; Махэк₂, 399).

Нікуды́шні, нікудышны ’нікчэмны, непрыдатны, няздатны’ (Касп., Сцяц., Сл. ПЗБ; драг., Нар. лекс.; Ян.; петрык., Мат. Гом.), нікудцчны ’слабы, стары’ (Ян.). Прыметнік, утвораны на базе словазлучэння нікуды не варты шляхам адсячэння яго часткі і афармлення канца слова суфіксам ‑шн (‑чн), параўн. заўтрашні, ранішні і пад. Меркаванні пра запазычанасць з рус. никудышний (Сл. ПЗБ), здаецца, не маюць падстаў.

Нікчэ́мны, нікчо́мны ’нікуды не варты, непрыдатны’ (Нас., Касп., Сл. ПЗБ, ТС). Прыметнік, утвораны на базе словазлучэння тыпу ні к чаму не варты, параўн. нікчо́му ’ні да чога, без патрэбы’ (ТС). Меркаванні пра запазычанасць з польск. nikczemny ’благі, подлы’ (Сл. ПЗБ), што паходзіць ад nikczemu (Брукнер, 359), здаюцца неабавязковымі, паколькі ў народных гаворках магчымы пераход о > э пад націскам, параўн. штонікі і штэнікі. Параўн. таксама чэш. ničemny < ničemu (nenaučený), Махэк₂, 399.