Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Нядо́шлы ’кволы, слабы, хваравіты’ (стаўб., З нар. сл., Крыў., Дзіс.), недо́шлы ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС), нядо́шлы, нідэшлы ’тс’ (дзярж., Нар. сл.), няду́шлы ’тс’ (Мат. Гом.), нядэшлы ’благі, мізэрны’ (Сцяшк. Сл.). Зыходнае значэнне, відаць, у беласт. нэдо́шлы ’які хацеў стаць кім-небудзь, але не стаў’ (Сл. ПЗБ), што, паводле аўтараў слоўніка, з польск. niedoszły ’былы кандыдат на якое-небудзь месца’; аднак для большасці формаў нельга выключыць самастойнае развіццё ад не дайсці адно са значэнняў дайсці ’памерці, зачахнуць’, г. зн. ’той, хто блізкі да смерці, але яшчэ не дайшоў да яе’, параўн. недо́йда ’дахадзяга’ (Сл. ПЗБ), магчымы ўплыў прыметніка до́хлы (гл. дохнуць) ці дзеяпрыметніка ад няду́жыць ’хварэць’ (гл. нядуга).

Няду́га (nieduha) ’хвароба, слабасць’ (Федар., Маш., ТС). Сюды ж няду́жыць ’хварэць’ (Нас.), неду́говаты ’тс’ (Булг.), нэду́гі ’нядужы, слабы’ (беласт., Сл. ПЗБ), няду́жы, неду́жы ’слабы, хваравіты’ (Нас., Сцяшк., Янк. 1, ТС, Сл. ПЗБ), няду́жны, неду́жны ’тс’ (Бяльк., Булг.), укр. неду́га ’хвароба, слабасць’, рус. не́дуга, н́еду́г ’тс’, кашуб. ńedåga ’тс’, чэш., славац. neduh, neduha ’тс’, славен. дыял. nedȏžje ’тс’, макед. недуг ’хвароба; фізічны недахоп’, балг. недъ́г, недъ́га, неду́г, неду́га ’тс’. Суадносяць з чэш., славац. duh ’добрае адчуванне, удача’, кашуб. dåga ’моц, сіла’, ст.-польск. dążyć ’перамагаць’, рус. не в дугу́ ’нічога не разумець’ (Фасмер, 3, 59; Бязлай, 2, 218), што дае падставы, нягледзячы на фармальныя цяжкасці, узвесці да прасл. *dǫgъ ’сіла, моц’; магчыма, тут адбылося змяшэнне асноў *dǫg‑ і *dug‑ (гл. дужы), пра што сведчыць паралелізм формаў з ‑ǫ‑ і ‑u‑ (Слаўскі, 1, 142; Папоўска–Таборска, Szkice z Kaszubszczyzny, Gdańsk, 1987, 24), што, аднак, ставіцца пад сумненне (Трубачоў, Эт. сл., 5, 100)). Паводле Махэка₂, 394, *nedǫgъ < *nedolǫgъ, гл. недалягаць, недалужны.