Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гру́каць ’грукаць’ (БРС), дыял. грю́каць (Нас.). Рус. дыял. гру́ка́ть, грю́кать, укр. грю́кати, гру́каты. Параўн. балг. гру́кам ’рохкаць’ і г. д. Прасл. *grukati — дзеяслоў гукапераймальнага паходжання. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 154–155. Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 466.

Грунт1 ’грунт’ (БРС). Ст.-бел. кгрунтъ, грунтъ ’грунт, зямля, аснова, зямельная ўласнасць’ (Булыка, Запазыч., 152). Рус. грунт, укр. грунт. Запазычанне з польск. grunt ’тс’ < ням. Grund. Гл. Фасмер, 1, 464; Шанскі, 1, Г, 184.

Грунт2 ’галоўна, важна’ (Сцяц.). Запазычанне з польск. grunt ’тс’ (< ням.).

Грунто́ўны ’грунтоўны’ (БРС). Ст.-бел. кгрунтовный, грунтовный (гл. Булыка, Запазыч., 152). Укр. грунто́вний ’тс’. Запазычанне з польск. gruntowny ’тс’.

Гру́нуць ’грукнуць, пачуцца’ (БРС). Здаецца, запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. gruchnąć ’з шумам раптоўна ўпасці, грукнуць’ і runąć ’паваліцца, грымнуць’. Магчыма, кантамінацыя гэтых дзеясловаў.

Група ’група’ (БРС). Рус. гру́ппа, укр. гру́па. Запазычанне з ням. мовы. Параўн. ням. Gruppe < франц. groupe (< іт.). Гл. Фасмер, 1, 464; Шанскі, 1, Г, 185 (апошні падрабязна характарызуе развіццё семантыкі слова).

Гру́ца ’ячныя крупы, крупнік, каша’ (БРС. Нас., Шатал.). Запазычанне з польск. gruca ’тс’ (а гэта з ням. Grütze ’тс’). Запазычанне адносна новага часу (няма ў Булыкі, Запазыч.). Параўн. Слаўскі, 1, 363.

Гру́ша ’груша’ (БРС). Параўн. рус., укр. гру́ша, польск. grusza, чэш. hruška, далей балг. кру́ша, польск. дыял. krusza, каш. kreša, ц.-слав. хруша. Параўн. і літ. kriáušė ’тс’. Магчыма, старое запазычанне (гл. агляд версій у Фасмера, 1, 465). Трубачоў (Эт. сл., 7, 156–157) выступае за слав. крыніцу гэтых слоў (ад дзеяслова *grušiti, *krušiti ’драбіць, крышыць’), маючы пры гэтым на ўвазе крупчастую структуру мякаці груш.