Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бабёла ’пуп, частка жывата ў абсягу пупа’ (Некр.). Паколькі ненаціскное а можа адлюстроўваць розныя гукі, то можна думаць пра сувязь з праслав. bab‑, bob‑, bǫb‑ — асновы для абазначэння розных прадметаў, у прыватнасці круглых (аб гэтай аснове гл. Попавіч, ЈФ, 19, 169–171). Аднак найбольш верагодным здаецца паходжанне ад bǫb‑ (параўн. Бернекер, 78–79), што азначае ’штосьці круглае, надутае’. Тады бел. слова да праформы bǫb‑elъ, bǫb‑elь (параўн. bǫbъlʼь, Бернекер, 78; польск. формы bąbel, bąbol, Слаўскі, 1, 29). Аснова bǫb‑ вельмі разгалінаваная (гл. Бернекер, 78–79; Фрэнкель, 33) і вядома амаль ва ўсіх і.-е. мовах. Да семантыкі параўн. пуп (слав. pǫpъ, глухі варыянт да bǫb‑, таксама ў розных значэннях). Параўн. літ. bámba ’пуп’, bam̃balas таўстун’, нарв. bembel ’пуп’ (Фрэнкель, там жа). Суфіксальная відазмена bǫbelъ > бел. бабёла як у жывёла (параўн. ст.-польск. żywioł, ст.-чэш. živel, zivěl ’animal’).

Бабёр ’бабёр, бабровае футра’, бабра́к ’бабёр’ (Шат.). Рус. бобр, бобёр, укр. бобе́р, бібр, польск. bóbr, чэш. bóbr, балг. бо́бър, бъ́бър, бе́бер, ст.-серб. bobr і г. д. Прасл. bobrъ, bebrъ, bьbrъ ’бабёр’. Роднаснае літ. bebrùs, bẽbras, bãbras, лат. bębrs, ст.-прус. bebrus, ст.-в.-ням. bibar, лац. fiber, ст.-іран. bawra‑ ’тс’ і г. д. І.‑е. *bhe‑bhru‑ ’карычневы’ (рэдуплікаваная форма), параўн. ст.-інд. babhrúṣ ’карычневы’. Гл. Бернекер, 47; Траўтман, 28–29; Фасмер, 1, 180–181; Слаўскі, 1, 40; Фрэнкель, 38; БЕР, 1, 60; Махэк₂, 59 і інш.

Бабзды́р ’бабнік’ (Нас., Бяльк.). Сувязь з ба́ба ’жайчына’ бясспрэчная, але ўтварэнне не вельмі зразумелае. Параўн. бабзно́ ’баязлівец’, ’натоўп жанчын’ і ўкр. бабзде́ля ’старая, смярдзючая баба’. Аснова бабзд‑, да якой далучыўся суф. ‑ыр, магла ўтварыцца гаплалогіяй.

Бабзно́ ’баязлівец’, ’натоўп жанчын’ (Нас.). Мабыць, з *бабздно (параўн. бабзды́р) да пейаратыўнай асновы бабзд‑ ’баба’, якая ёсць і ва ўкр. мове (бабзде́ля старая, смярдзючая баба’).

Бабі́зна1 ’спадчына ад бабулі’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Укр. баби́зна, польск. babizna ’тс’. Утварэнне ад ба́ба1 (гл.) суфіксам ‑izna (параўн. otьčizna), які выступаў з абстрактным значэннем, што часта канкрэтызавалася (і тады націск пераходзіў на першы склад суфікса ‑izna). Утварэнне babizna1, як бачым, ёсць толькі ў некаторых слав. мовах.

Бабі́зна2 ’вялікі баязлівец’, ’высакарослая жанчына’ (Нас.). Суф. ‑izna ўтвараў абстрактныя і калектыўныя назоўнікі, што часта канкрэтызаваліся, а ў некаторых мовах атрымлівалі і пейаратыўнае значэнне (параўн. і ст.-польск. mężczyzna — калектыўны назоўнік, які пазней стаў азначаць адну асобу; Брукнер, 327). Бел. слову дакладна адпавядаюць: чэш. babizna ’агідная, брыдкая, злосная баба, старая жанчына’, славац. babižna, babizeň ’старая або агідная жанчына, баба’. Аб пейаратыўнай функцыі ‑izna гл. Оберпфальцэр, Rod, 157.

Ба́бік1 ’вабік для курапатак’ (Маш.). Вытворнае ад дзеяслова ба́біць ’вабіць’ (гл.).

Ба́бік2 ’шпакоўня’ (Сцяшк. МГ). Па паходжанню, мабыць, ідэнтычнае ба́бік1 (гл.): *’домік для прываблівання птушак’. Аднак не выключаецца і сувязь з дзеясловам ба́біць ’цешыць, няньчыць, цацкацца’.

Бабі́на ’касета’. Рус. бобина, укр. бобіна. Новае запазычанне з франц. bobine ’шпулька’.

Бабіна душыца ’расліна Origanum, Origanum vulgare, мацярдушка’ (Нас., Кіс.), таксама душанка, мацярдушка, мацержанка, мацеранка і г. д. (Кіс.). Рус. души́ца, ду́шка, материнка і г. д., укр. душиця, душинка, духовий цвіт, душниця, материнка, материска (гл. Макавецкі, Sł. botan., 250). Падобныя назвы і ў іншых славян (параўн. серб.-харв. бабина дубчица, боља душица; Сіманавіч, 329). Вельмі часта Origanum мае аднолькавыя назвы з Thymus ’чабор’. Параўн. для апошняга бел. мацярдушка, мацержанка, укр. материдушка, материна душка, материнка і г. д. (Макавецкі, Sł. botan.). Да бел. назваў для Origanum вельмі падобныя серб.-харв. і балг. назвы для Thymus: серб.-харв. душинка, мајчина душица, материнка і асабліва для Thymus serpyllum: бабина душа, бабина душица, бабља душа (душица), бабја душа (душица), бакина душица і г. д. (Сіманавіч, 467–468), балг. бабина душица (БЕР, 1, 23). Параўн. таксама (для Thymus) чэш. mateřídouška, mateří dúška, славац. materina dúška, ст.-польск. macierzą duszka (Махэк, Jména rostl., 202). Новатны (SP (Brno), 13 (A12), 35–36) спасылаецца на лац. (VII ст.) matris animula «Thymus» і лічыць, што назвы тыпу mateřídouška — пераклад з лац. У аснове назвы ляжыць уяўленне (вядомае з фальклору) пра душу памерлай маці, якая вяртаецца да дзяцей у выглядзе кветкі. Можна меркаваць, што і бел. назва для Origanum такога ж паходжання («душа бабулі»). Не вельмі пераконвае думка Даля і Мяркулавай, Очерки, 139–140, што назвы тыпу душица, душка і г. д. — вытворнае ад дух, душистый («пахучая расліна»). Здаецца, што гэта пазнейшая ад’ідэацыя. Гл. Краўчук, БЛ, 1974, 6, 66.

Бабіна лета. Рус. бабье лето, укр. бабине літо, бабське літо, польск. babie lato, чэш. babí léto, ням. Altweibersommeri г. д. Назва шырока вядома ў еўрапейскіх мовах. Здаецца, што яна асноўваецца на ўяўленні аб познім каханні старых жанчын, удоў. Гл. Леман, Altweib.; Пауль, Wörterb., 19; Клюге, 18 (там і шмат ням. дыял. форм, якія раскрываюць этымалогію); Махэк₂, 40; Галынська–Баранова, Ukr. nazwy, 61 (Качэрган, Мовознавство, 1971, 2, 87, як і Я. Галавацкі, непераканаўча лічыць, што назва адносіцца да дамашняй працы жанчын пасля жніва). З неіндаеўрапейскіх моў можна прывесці тур. gelin havasí ’цёплае, яснае надвор’е’ (дзе gelin ’нявеста, маладая’, ’нявестка’).

Бабі́нец ’царкоўны цвінтар’, ’бабінец’ (БРС, Нас., Гарэц., Бесар.). Укр. баби́нець ’бабінец, месца, дзе збіраюцца старыя жанчыны’ (рус. бабине́ц, мабыць, запазычана з укр. мовы, але адкуль такі націск?). Вытворнае ад ба́ба1 (суфікс ‑иньць). Першапачаткова — ’месца, дзе збіраюцца бабы’. Параўн. таксама польск. babiniec, чэш. babinec. Можна ставіць пытанне і аб запазычанні з зах.-слав. моў, дзе суфікс ‑inьcь у nom. loci вельмі прадуктыўны.