Вызрава́ць ’выспяваць’ (Шат.). Запазычанне з рус. вызревать ’тс’.
Вы́зукаваць ’да тонкасцей вывучыць чые-небудзь уласцівасці’ (Гарэц.). Сюды ж, відавочна, вызюка́ць ’вызываць’ і вызю́кацца ’адклікнуцца, прагаварыцца’ (Нас.). Рус. дыял. зук ’гук’, вы́зукать ’вычарпаць’, чэш. дыял. zukať ’удараць, стукаць’, zugať ’прагна есці або піць’, серб.-харв. зу̀кати, зу̑кам ’гусці; шапнуць, кінуць слова’, балг. зу́квам ’крычаць на ўсё горла’. Гукапераймальнае. З іншай ступенню чаргавання гл. зык, зыкаць (Фасмер, 2, 108 і наст., Махэк₂, 719; БЕР, 656). Развіццё семантыкі можна высветліць праз магчымае існаванне прамежкавага значэння ’вывучаць чые-небудзь уласцівасці, распытваючы пра іх’.
Вызыба́ць ’расхістаўшы, выцягваць’; ’вызваляць з бяды’ (Нас.); ’выганяць’ (Хрэст. дыял., 33, віц.), вызыбацца ’вырасці’ (КТС). Рус. дыял. калуж. вызыба́ть ’падымаць, выцягваць’, валаг. ’выкідваць’, смал., пск. ’атрымліваць (доўг)’. Да зыбаць (гл.).
Вызы́ка, вызы́чка ’пазыка, дапамога’ (Нас.). Бязафікснае ўтварэнне ад вызычаць (гл.) і памяншальнае да яго. Адносна к на месцы заканамернага т гл. пазыка, пазычаць.
Вы́зырка ’вышка, маяк’ (З нар. сл., брэсц.). Ад вы́зырыць ’выглядзець’ пры дапамозе суф. ‑ка. Параўн. зырыць.
Вызыча́ць ’пазычаць’ (Нас.). З пазычыць (гл.) шляхам замяшчальнай прэфіксацыі (па‑ на вы‑).
Вызюга́н ’бялізны воз’ (З нар. сл., мсцісл.). Ад воз пры дапамозе пашыранага ў гэтай гаворцы суф. ‑уган/‑юган (Крывіцкі, там жа). Суфікс з’яўляецца канглютынацыяй прадуктыўнага ва ўсх-слав. мове суф. ‑ug(a), ‑ʼug(a), які ўтварае экспрэсіўныя Nomina agentis (SP, 1, 68), і суф. ‑anъ, які таксама служыць для ўтварэння экспрэсіўных слоў (SP, там жа, 130). Суфікс пашырыўся з катэгорыі назваў асоб; параўн. з гэтай жа гаворкі бычуга́н, злыдзюга́н і г. д.
Вы́ідзь ’пражора’ (Бяльк.). Утварэнне ад дзеяслова выядаць пры дапамозе суф. ‑jь.
Вы́ір ’агароджа’ (ДАБМ, 811). Гл. вор 2 (ыі — з этымалагічнага о, якое ў закрытых складах у гэтай гаворцы дае розныя дыфтонгі (гл. ДАБМ, к. 35).
Вый ’енк, лямант’ (Бяльк.). Да быць (гл.). Утварэнне ад 1‑й асобы адз. л. — выю; параўн. рус. вой, вою; ы ў формах цяпер. часу і назоўніках, якія ад іх утвораны, з ъи (Карскі, 1, 234).