Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тэ́ніс ‘гульня з мячыкам і ракеткамі’ (ТСБМ, Пятр.). З англ. tennis ‘тс’, што паходзіць ад франц., ст.-франц. tenez ‘трымайце’ (вокліч пры падачы мяча) < лац. tenere ‘трымаць’ (Арол, 4, 60; ЕСУМ, 5, 546). Праз рус. теннис ці польск. tenis ‘тс’. Сюды ж, відаць, тэ́ніска ‘сарочка з кароткімі рукавамі’ (ТСБМ), што з рус. тенниска ‘тс’, якое, у сваю чаргу, утворана ад теннис < англ. tennis суфіксальным спосабам.

Тэ́нкаць ‘гаварыць бяссэнсна’ (ТС). Гукаперайманне. Параўн. з це́нькаць, трэ́нькаць.

Тэнт ‘парусінавая стрэшка’ (ТСБМ). З рус. тент ‘тс’, новае запазычанне з англ. tent ‘навес, палатка’. Параўн., аднак, ст.-бел. tenda ‘занавеска’ (XVII ст., ГСБМ), запазычанае са старапольск. tenda ‘нацягнутая заслона’ (Булыка, Лекс. запазыч., 111), што з народнага лац. tenda ‘тс’ (Фасмер, 4, 42).

Тэ́нта ‘туга’ (шальч., Сл. ПЗБ), тэ́нго, тэ́ньго ‘старанна?’: будзе ахвотна й тэнго робіць, што схочэ (Сержп. Прымхі), тэ́нґа ‘вельмі добра’: тэ́нґа павячэраў (мядз., Каўрус). З польск. tęgo ‘туга’, а таксама дыял. tęngo ‘многа, добра’, tęgo ‘ўпарта; вельмі; хутка, шпарка’ (Варш. сл.). Сюды ж тэ́нгі ‘рослы, поўны’ (воран., Сл. ПЗБ) з польск. tęgi ‘тс’.

Тэ́нуты ‘пабегчы; схавацца’ (Клім.), ‘зрушыцца з месца’ (Сл. Брэс.), ‘рэагаваць’ (пін., Бел. дыял. 1), тэ́нутыся ‘рушыць’ (драг., Нар. словатв.). Магчыма, звязана з серб. те́нути ‘жадаць’. Няясна; мяркуецца паходжанне ад *teknǫti ‘пабегчы’ (ЕСУМ, 5, 546), параўн. тыняцца, гл.

Тэ́нціць ‘шанцаваць: ня тэнціць беднаму Сцяпану (Жд. 3: у слоўніку памылкова аб’яднанае з та́нчыць ‘танцаваць’). Няясна; магчыма суаднесці з польск. tentowáć ‘спрабаваць, рабіць высілкі дасягнуць’, што звязана з tentacja ‘спроба, высілкі’, гл. тантацыя.

Тэнч ж. ‘танката (пра ніткі)’ (навагр., З нар. сл.). Экспрэсіўны назоўнік, утвораны нульсуфіксальным спосабам ад то́нкі (гл.) з адлюстраваннем пераходу о > э. Параўн. то́ўсты, тоўшч, тэўшч, гл.

Тэ́нча ‘вясёлка’ (Шатал., Сл. ПЗБ, Сцяшк., Скарбы, Жд. 1, Сержп. Грам., Мат. Гом., ТС), тэнч ‘тс’ (Сл. рэг. лекс.), сюды ж тэнчо́вік ‘саматканы дыван’ (Рэг. сл. Віц.), тэнчаве́ць ‘пералівацца вясёлкай, святлець’ (Сцяшк. Сл.). З польск. tęcza ‘вясёлка’, таго ж паходжання, што і туча (гл.), параўн. мажлівую сувязь двух паняццяў у ст.-бел. натура наша людскаꙗ … показаласе ꙗко дꙋга, ꙗко тꙋча (XVII ст., ГСБМ), што, відаць, калькуе польск. tęcza ‘дугападобная частка скляпення ў касцёле’ (Варш. сл.).

Тэ́нчыць ‘кленчыць, настойліва прасіць, дамагацца просьбамі’ (Скарбы). Няясна; параўн. фармальна і семантычна блізкае рус. наўг. те́нжить, те́ншить ‘надакучваць, кленчыць, настойліва прасіць’, якое Фасмер (4, 42) выводзіць з польск. tążyć, tężyć ‘тужыць, сумаваць па кім-небудзь’ (гл. тужыць), што з арэальнага пункту гледжання падаецца сумнеўным. Мажліва, дзеяслоў працяглага дзеяння ад гукапераймальнага тэнкаць (гл.) або роднасны польск. stękać ‘стагнаць, скардзіцца’ з рухомым s (гл. стэнкаць). Народнаэтымалагічнай сувяззю з апошнім Федароўскі (Федар. 1, 249) тлумачыў табуізаванне запазычанага тэнча і замену яго словам вясёлка для пазбягання праклёну kab ty cięły wiek stenkaŭ, гл. таксама Астроўскі, Зб. памяці Слаўскага, 522.

Тэ́ньдэ, тэ́ньдыка ‘там, недалёка’ (столін., Бел. дыял. 1, Клундук). Магчыма, запазычанне з польск. tędy ‘той дарогай, праз тое месца’, якое да прасл. *tǫdy, варыянты *tǫdě, *tǫde ад указальнага займенніка *tъ, які ў заходніх славян выступае ў форме м. р. *tъnъ (< *tъ і *nъ, гл. той, ён), гл. Борысь, 630–631. Фанетычна, словаўтваральна і семантычна адаптаванае на заходнепалескай глебе. Параўн., аднак, серб. косава-мятох. тонде ‘там’, для якога прапануецца спалучэнне ўказальнага займенніка з онде ‘там’ (ESSJ SG, 2, 683). Утварэнне з часціцай *te па ўзоры вэнь, вэньдзека ‘вунь’ (гл.)?