Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Выгро́зы ’прачуханка’, рус. ’пристрастка’ (Байк. і Некр.), выгро́за ’староннасць, прадузятасць’ (Бяльк.). Да выгража́ць ’пагражаць, палохаць’; параўн. польск. wygrażać ’тс’, што ўтворана ад гразіць ’пагражаць’ (гл.); не зусім яснае семантычнае развіццё, калі прыняць, што ў Бялькевіча правільна вызначана значэнне слова; параўн. таксама чэш. vyhrůzka ’пагроза’, рус. ’острастка’ і vyhrožovati ’пагражаць, палохаць’.

Вы́грузкі ’гразкае месца на дарозе’ (бяроз., Шатал.). Відаць, да гру́зкі ’дрыгвяністы’ (гл.).

Выгэ́льцваць ’выскокваць’ (Сцяц.). Да незафіксаванага гэ́льцаць, магчыма, варыянт ад гэ́цаць ’скакаць’.

Вы́ґрасіць ’выкрасаць агонь’ (мін., Нар. лекс.). Гл. выкрасіць з азванчэннем к, характэрным для некаторых гаворак Міншчыны, звычайна ў інтэрвакальным становішчы; параўн. стаганрус. стакан ’шклянка’) і пад., тут, магчыма, у выніку адштурхоўвання ад вы́красіць ’пафарбаваць’.

Вы́даба ’сукупнасць хатніх рэчаў, патрэбных гаспадыні’ (ст.-дар., Нар. сл.), вы́дабіць ’выштукаваць, вымеркаваць’ (дзярж., Нар. сл.). Да даба (гл.); параўн. на́даба ’патрэба’, надо́ба ’адзенне’ і інш.

Выдава́ць ’выпускаць у свет (кнігу або інш.)’, рус. ’издавать’, выда́нне, выдаве́ц, выдаве́цтва (Яруш., БРС, Гарэц., Байк. і Некр.), укр. видава́ти ’выдаваць (кнігі)’, видання, видавець//видавник, видавництво ’выдавецтва, выданне’, польск. wydawać ’тс’, wydanie, wydawca, wydawnictwo. Польскія словы, паводле Брукнера, 84, развілі спецыяльнае значэнне пад уплывам ням. мовы; такі ўплыў праз пасрэдніцтва польскай мовы ці непасрэдна можна дапусціць і для бел. і ўкр. слоў. Паводле Крукоўскага, Уплыў, 149, калька з рус. издавать.

Выда́к ’?’. Параўн.: «В игре крамнясь есть фраза: — Нашо каминчики? — Твоим дитям зубы выбываты. — За що? — Що поилы мак и выдак(?)» (Доўнар–Зап., Игры, 204), выда́к ’мак-самасей’ (драг., Нар. лекс.). Гл. віда́к, віду́к ’мак-самасей’.

Выдаля́ць (БРС, Нас., Касп., Байк. і Некр.), польск. wydalać ’адпраўляць, выганяць’. Магчыма, запазычанне з польск.

Выда́так ’расход’ (Нас., Касп., Байк. і Некр.), выда́ткі рус. ’издержки’ (Байк. і Некр., БРС), укр. вида́ток ’расход; умалот’, польск. wydatek ’расход; атрыманая прадукцыя’. Суфіксальнае ўтварэнне ад вы́даць ’патраціць (грошы)’ і інш., магчыма дапусціць запазычанне з польск.

Выда́тнік (БРС). Наватвор 20‑х гадоў ад выда́тны; згодна з Крукоўскім (Уплыў, 127), калька з рус. отличник; параўн. таксама Трубачоў, Этимология, 1971, 384 (семантычная калька — еўрапеізм).