Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тыры́б ‘прасека праз лес’ (кобр., Ск. нар. мовы). Нульсуфіксальнае ўтварэнне ад мясцовага дзеяслова тырыбэ́тэ ‘церабіць (лес)’, гл. церабіць. Параўн. рус. арханг. те́реб ‘расчышчаная ад кустоў зямля пад раллю’, алан. теребе́ ‘пакосы, лугі’, якія ўзыходзяць да теребить ‘церабіць’, апошняе звязваюць з тереть, тру (Фасмер, 4, 45–46). Значэнне, магчыма, пад уплывам трыба1, гл. Сюды ж утварэнне тырыбі́ж ‘расцяроб’ (кобр., ЛА, 2) з суф. іж‑, што адпавядае суф. ‑еж у прасторавым значэнні (Сцяцко, Афікс, наз.), суадноснае з церабе́ж ‘тс’, укр. теребі́ж ‘месца, ачышчанае ад кустоў’.

Тырыба́ніць ‘тараторыць, гучна і без толку гаварыць’, ‘насіць (несці), цягнуць што-н. вельмі цяжкае’ (мёрск., Нар. сл.). Мясцовы фанетычны варыянт да тараба́ні́ць1, 2.

Тыры́гаць ‘трэсці (пра электрычнасць)’ (ТС). Шматкратны дзеяслоў ад то́ргаць (гл.), фанетычна суадносны з таргаць (гл.), мажліва, з дадатковым экспрэсіўным адценнем. Параўн. экспрэсіўнае чэш. мар. terygaťse ‘цягнуцца куды-небудзь, з цяжкасцю ісці’ ў Махэка (Sebr. sp., 2, 1587), славац. terigať ‘цягнуць; калаціць, трасці’, гл. турыгаць. Сюды ж магчыма аднесці і вядомае ў арго янаўскіх лабараў тры́га, тыры́га ‘зямля, поле’ (Бел. дыял. 1), метафарычнае ўтварэнне на базе значэння ‘тое, што патрабуе клопату, тузаніны’, аднак яго варыянты цыра, цырыга ў беларускіх сацыялектах схіляюць да запазычання з грэч. ξηρα ‘суша, зямля’ (Лукашанец, Сацыял., 72). Параўн. сыра, гл.

Тырые́ ‘пілавінне’ (драг., Жыв. НС). Зборны назоўнік з дыялектнай фанетыкай, суадносны з турыя́ (гл.).

Тыры́ндзіць ‘гаварыць пустое, абы-што’ (Сцяшк. Сл., Скарбы₂). Экспрэсіўны фанетычны варыянт слоў тарандзіць, трындзіць, гл.

Тырысава́ць (търъсъва́ць) ‘таптаць’, тырысава́цца (търъсъва́цца) ‘таптацца’ (мёрск., Нар. сл.). Няясна; зыходная фанетычная форма, магчыма, тарасава́ць, тарасава́цца ‘тс’, гл. Аніч., Вопыт, 414. Апошняе можа ўзыходзіць да ст.-бел. тарасъ ‘падкатны зруб пры асадзе горада’ (1568 г.): тарасы оные передъ собою катячи, перекопъ деревомъ наполнили, параўн. укр. тарасува́ти ‘масціць дарогу хмызамі’, серб. тара̀цати ‘масціць’; або да запазычанага польск. tarasować ‘узмацняць, запіраць’ ці дыял. tarasić ‘таптаць, таўчы, прыгнятаць’, што выводзяць з с.-в.-ням. tarraz ‘земляны насып’ ад лац. terra ‘земля’ (Брукнер, 565; Трубачоў, Дополн. у Фасмер, 4, 23; ЕСУМ, 5, 521).

Ты́рыцца (ты́рицьца) ‘церціся, ацірацца дзе-небудзь’, уты́рыцца ‘ўсунуцца, улезці’: утырився сюды (Нас.),ты́рыць ‘біць’: будзем ты́рыць суседняга хлопца (уздз., Жд. 3) Параўн. укр. разм. тиратися ‘гараваць, бедаваць’, ти́рити ‘цягнуць’, ‘піхаць, усучваць’, рус. ты́риться ‘ісці, прабіраючыся крадком’, ты́рить ‘красці’, сты́рить ‘украсці’, мажліва, сюды ж з т. зв. жгонскай мовы ти́рить у́паки ‘валіць валёнкі’. Цвяткоў (Запіскі, 2, 55) параўноўваў зваротны дзеяслоў з польск. terać się бадзяцца, ацірацца’, трактуючы змену першага галоснага пры запазычанні ў якасці працэсу «нахілення або сціскання», як у польск. rozterka ‘ўнутраны непакой, ваганне’; ст.-бел. ростырк, розтырк ‘сварка, разлад’ (1518 г., ГСБМ), аднак няяснымі застаюцца фармальныя і семантычныя адносіны паміж тыраць і тырыць. У рус. тырить, стырить ‘красці, скрасці’ Кіпарскі (Зб. Бернштейну, 418) бачыць «двухбаковае чаргаванне» ў аснове *tur‑ з першасным значэннем ‘схапіць, сцягнуць’, гл. турыць. Узыходзіць да прасл. *tyriti, адносна першаснай семантыкі якога існуюць розныя меркаванні; зыходнае значэнне ‘скрытна знаходзіцца дзе-н.’ (Іваненка, Студіі з ономастики та етимології. 2010, 72), што адпавядае семантыцы зваротнага дзеяслова ў Насовіча, параўн. і стырыць ‘стаяць, прысутнічаць, дзяжурыць’ (гл.), што ўрэшце можа быць звязана з гукапераймальным тыр (гл. тыр-тыр), параўн. рус. тыр да ёр ‘бязладдзе’, ст.-польск. tyr ‘папрок’, серб. тир ‘штуршок’ і інш., гл. тыркаць, тырчаць. Што да паходжання дзеяслова, то, відаць, яно звязана з прасл. *tirati (гл. тыраць), якое выводзіцца з *terti ‘церці’ (Сной₂, 766). Відавочна, на семантыку дзеяслова маглі паўплываць іншамоўныя запазычанні, сярод якіх для ўкр. ти́рити ‘цягнуць, валачы’ прапануецца запазычанне з рум. tîrî ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 572), а для рус. ты́риться ‘лезці, прабірацца’, тырить ‘красці’ — цыг. te terés ‘трымаць, мець, браць’ (Бараннікаў, Язык и литература, Ленинград, 1931, 7, 153; Шапавал, ВЯ, 2007, 5, 113).

Ты́ры-пы́ры слэнг. ‘тое-сёе’ (Рамза, Бел. гутарк.). Рыфмаванае спалучэнне слоў гукапераймальнага паходжання, параўн. тыр-тыр, пыр2, гл.

Ты́ры-ты́ры ‘імітацыя ігры на скрыпцы’: тыры‑тыры скрыпачка (Дзіц. фальклор). Гукаперайманне, параўн. тылі-тылі ‘тс’.

Тыр-р — так спыняюць каня (Сцяц.), тыр‑р‑р ‘стой (да каня)’ (астрав., Ск. нар. мовы). Вакалізаваны волевыяўленчы выклічнік, параўн. тр-р-р, тпру (гл.). Сюды ж ты́рканьня ‘тпруканне’, ты́ркаць ‘тпрукаць’, ты́ркнуць ‘тпрукнуць’ (Юрч. СНЛ).