Тырысава́ць (търъсъва́ць) ‘таптаць’, тырысава́цца (търъсъва́цца) ‘таптацца’ (мёрск., Нар. сл.). Няясна; зыходная фанетычная форма, магчыма, тарасава́ць, тарасава́цца ‘тс’, гл. Аніч., Вопыт, 414. Апошняе можа ўзыходзіць да ст.-бел. тарасъ ‘падкатны зруб пры асадзе горада’ (1568 г.): тарасы оные передъ собою катячи, перекопъ деревомъ наполнили, параўн. укр. тарасува́ти ‘масціць дарогу хмызамі’, серб. тара̀цати ‘масціць’; або да запазычанага польск. tarasować ‘узмацняць, запіраць’ ці дыял. tarasić ‘таптаць, таўчы, прыгнятаць’, што выводзяць з с.-в.-ням. tarraz ‘земляны насып’ ад лац. terra ‘земля’ (Брукнер, 565; Трубачоў, Дополн. у Фасмер, 4, 23; ЕСУМ, 5, 521).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)