Тырге́нь ‘шморг’ (чавус., Нар. сл.), ‘торк’, ‘таўхель’: тырге́нь за палу (Мат. Маг. 2). Аддзеяслоўнае ўтварэнне, да торгаць 1, таргануць (гл.) з дыялектным пераходам а > ы ў пераднаціскным складзе. Сюды ж тыргі́каць ‘кульгаць, ісці пакульгваючы’ (глыб., Рэг. сл. Віц.), гл. таргікаць.
Ты́ргус ‘бабка (картапляная)’ (баран., Наша слова, 1990, 2,10). Няясна; магчыма, звязана з тэгус ‘тс’ (гл.).
Ты́рзаць ‘тузаць, торгаць, шморгаць’ (лях., свісл., пін., Араш. і інш.), ‘тузаць, торгаць’, ‘кляваць (пра рыбу)’ (ТС), ‘выцягваць, выпростваць мокрую аснову пасля апрацоўкі яе зольнай вадой, лугам’ (ТС; лях., Сл. ПЗБ). Суадноснае з ту́рзаць (гл.), варыянтнасць асновы тлумачыцца экспрэсіўным характарам слова.
Тырка́н ‘чорны таракан, Blatta orientalis’ (глыб., Жыв. НС). Фанетычны варыянт да таркан, тарака́н, гл.
Тыркаце́ць (тыркоце́ць) ‘тарахцець, трашчаць’ (жытк., Жыв. НС). Фанетычны варыянт да туркацець ‘тс’, дзеяслова інтэнсіўнага дзеяння ад ту́ркаць 1 (гл.).
Ты́ркаць 1 ‘тыкаць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘утыкаць што-небудзь вострае’ (Нас.), ‘саджаць’ (Нас., Юрч. СНЛ), ‘закладаць, насаджваць (снапы ў азярод)’ (рагач., калінк., Сл. ПЗБ), ‘засоўваць (грэбень у валасы)’ (рагач., Сл. ПЗБ), ‘бадзяцца, валэндацца’ (Зайка Кос.), тыркаты ‘поркаць, утыкаць’ (Клундук), ты́ркнуць ‘усунуць, тыкнуць’ (Нас.), ‘паказацца, з’явіцца’ (Сцяшк.), тыркану́цца ‘высунуцца’ (Бяльк.), тырну́ць ‘высунуць, выставіць, паказаць’ (Юрч. СНЛ), сюды ж ты́ркаць нос ‘заглядваць’; утыркну́ць ‘уткнуць’, ‘спешна, на хаду падаць што-небудзь’ (Нік., Оч.) — у сувязі з апошнім параўн. харв. tȓk, серб. тр̑к: у тр̑ку ‘на бягу’, тр̏ка ‘беганіна’. Гукапераймальнае (рухапераймальнае) утварэнне ад тырк ‘штоўх, пыр’ (Нас.), ‘тырк’ (Байк. і Некр.), якое можна супаставіць з літ. tùrk‑terėti ‘штурхнуць’ (Буга, Rinkt., 1, 490). Карскі следам за Шахматавым на фоне ўсх.-слав. *trъk‑ разглядае як выпадак т. зв. трэцяга поўнагалосся (Карскі 1, 258) — экспрэсіўна пераўтворанае то́ркаць (Фасмер, 4, 132). Варбат (Исслед., 64) бачыць у рус. ты́рнуть ‘усунуць’ (пры торкнуць, гл.) ступень падаўжэння рэдукцыі ў дзеясловах на ‑*ati і некаторых дзеясловах на ‑*nǫti.
Ты́рла ‘месца на пашы, дзе стаіць жывёла (авечкі, каровы, коні) у час гарачыні або ноччу’ (ТСБМ), ‘месца збору і адпачынку касцоў’ (Ян.), тырло ‘месца, дзе ў поўдзень дояць кароў’ (П. Місько). Параўн. укр. ти́рло, те́рло, ти́рво ‘месца на пашы для збору жывёлы’, ‘такавішча’, рус. ты́рло ‘агароджанае месца, стойла для скаціны’. Паводле Фасмера (4, 132) і ЕСУМ (5, 572), запазычанне з рум. tîrlă ‘загон для авечак’, якое ўзыходзіць да серб. тр́ло ‘зімовае памяшканне для жывёлы’, дыял. трла̀ ‘тс’, харв. tŕlo ‘тс’, балг. тъ́рло, макед. трло ‘летні загон для авечак’, генетычна звязаных з прасл. tьr̥ti ‘церці’ > це́рці (гл.); мяркуемая зыходная форма *tьrdlo (Куркіна, Этимология–1976, 30). Сюды далучаюць таксама формы аналагічнага паходжання са значэннем ‘нераст, нерасцілішча’, ‘цёрла, церніца’ і інш., што ўзводзяць да прасл. *tŕ̥dlo (Борысь, 627) або да прасл. *tŕ̥lo, параўн. ст.-слав. тръло (ESJSt, 16, 991).
Тырмазы́ ‘калыска, якую бралі ў час жніва’ (шкл., ЛА, 3). Параўн. тормозова́ць ‘тузаць’ (ТС), укр. дыял. тормоси́ти ‘цягаць, тузаць, трасці’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне з дыялектнай фанетыкай (пераход а > ы; с > з) ад тармасі́ць (гл.), канчатак, як у тычаны ‘трыножнік для падвешвання калыскі ў полі’ (Касп.), гл.
*Тырно́ўка, тырны́вка ‘свята паміж Пакровамі і днём св. Міхаіла’ (Клім.), тэрно́ўка, тарно́ўка ‘свята, дзень Параскевы Сербкай, 14/25 кастрычніка’ (Талстая, Полес.). Назва выводзіцца з імені святой Параскевы Тырнаўскай, балг. св. Петка Търновска ад г. Търново ‘Тырнава (у Балгарыі)’, культ якой зліўся з культам св. Параскевы Сербскай пад агульнай назвай пя́ценка (гл.), падрабязней гл. Талстая, Полес., 558.
Тырпа́чык ‘зламаны ножык’ (Бяльк.). Відаць, варыянтная мясцовая форма да тарпа́чык, памянш. ад тарпа́к (гл.), адзначанага толькі як ‘спружыноўка’ побач з трапач ‘тс’ (рас., Шатал.), што можа разглядацца як форма з метатэзай ад трапаць (гл.); дзеяслоў тырпа́чыць ‘рэзаць, шаткаваць’ (Ян.), зафіксаваны ў іншай мясцовасці, пры трыпачыць ‘апрацоўваць зямлю спружыноўкай’ (рас., Шатал.) сведчыць на карысць такога паходжання. Дапускае магчымасць пры пачатковай змене к > т, напр., *карпачык ад карпаць 2 ‘укараціць’ (гл.) або іншамоўны ўплыў — ад’ідэацыя іншых слоў, параўн. тур. tırpan ‘серп, каса’, гл. і наступнае слова.