Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вы́баўткі ’вадкасць, узбоўтаная і вылітая ў іншы посуд’ (Нас.). Ад вы́баўтаць, бо́ўтаць (гл.).

Выбача́ць ’дараваць, прабачаць’ (Нас., Грыг., Яруш., Шпіл., Касп., Гарэц., Байк. і Некр., Бір. Дзярж., БРС, КТС), выбачэ́нне ’прабачэнне’ (Нас., Яруш., Гарэц., Байк. і Некр., БРС), выбачанне ’літасць’ (Нас.), укр. вибача́ти ’дараваць, прабачаць’, вибачення ’прабачэнне’. З польск. wybaczać ’тс’, wybaczenie ’прабачэнне’, wybaczanie ’тс’, што ў сваю чаргу ад baczyć ’звяртаць увагу, глядзець пільна’. Параўн. палес. выбачиты ’выпусціць з вачэй (з поля зроку)’, г. зн. ’не глядзець, не звяртаць увагі, прабачаць’ (Булг., 194; Брукнер, 10); гл. ба́чыць.

Выбе́гі рус. ’уверткі’ (Нас.). Ад выбе́гіваць ’пазбягаць’; параўн. рус. (са ст.-слав.) избегать, польск. wybiec, wybiegiwać у спец. значэнні ’выкруціцца, пазбегчы, уцалець’, што, магчыма, сведчыць аб запазычанасці беларускага слова.

Вы́беркі ’маніцы’ (З нар. сл.), выбе́ркі ’рэшткі; брак’ (Арх. Федар.). Ад выбіра́ць; параўн. выбіра́нкі, выбаркі (гл.).

Вы́бздыкнуць, ву́бздыкнуць ’раптоўна выскачыць (пра вяроўку з рук і пад.)’ (КСТ), ву́біздыкнуцца ’вырвацца’ (КСТ). Відаць, ад гукапераймальнага бздык! (біздык!), параўн. польск. bzdęk, якія служаць для перадачы раптоўных рухаў і гукаў.

Выбіра́нкі ’каноплі, якія раней паспелі (іх выбіраюць, каб даць магчымасць астатнім расці)’ (Сцяц.), выбіра́нцы ’тс’ (Жд., 1), выбірніцы ’тс’ (ДАБМ, камент., 869, З нар. сл.), вы́біранкі (Шат.). Ад выбіра́ць; параўн. вы́беркі.

Выбо́рны ’адборны’ (Яруш., Касп., Нас.). Паводле Булыкі, Запазыч., 73, ст.-бел. выборный ’адборны, цудоўны, выдатны’ з польск. wyborny; параўн. таксама чэш. výborný ’выдатны’.

Выбо́ры ’зборы ў дарогу’ (Нас., КЭС, лаг.). Ад выбірацца ’збірацца ў дарогу, накіроўвацца куды-небудзь’, аднак, магчыма, запазычана з польск. wybory ’зборы ў дарогу, пераезд’, пра што сведчыць незвычайная для ўтварэнняў з прэфіксам вы‑ акцэнтуацыя.

Вы́брузнуцца ’выспацца’ (Юрч.). Ад бру́знуць ’спаць’.

Вы́брукаваць. Гл. брукаваць, брук.