Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лячуха ’люцэрна пасяўная, Medicago sativa L.’ (гродз., Кіс.). Да лячы́ць (гл.). Лексема з суфіксам ‑уха з’яўляецца памылковым перакладам лац. medic‑ago, якое нібыта ад medica ’лячэбныя зёлкі’, у той час як лац. слова паходзіць ад Medus ’мідзійскі’ > mēdica (maedica) herba ’мідзійская канюшына’.

Лячы́ць, зах.-палес. лі́чытэ ’спыніць развіццё хваробы пры дапамозе лекаў ці іншых медыцынскіх сродкаў’ (Яруш., ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ). Укр. лі́чити, рус. лечи́ть; польск. leczyć, каш. lečëc, палаб. lecĕ, чэш. léčiti, славац. liečiť; славен. lèčiti, серб.-харв. ле́чити, макед. лечи, лекува, балг. леча́, ц.-слав. лѣчити, ст.-слав. лѣчити. Прасл. lěčiti ’лячыць’, утворанае ад lěkъ > лек (гл.). Слаўскі (4, 104–105) супраць прыняцця тлумачэння Стэндэр–Петэрсена (Slav.-germ., 330), які лічыў прасл. lěčiti запазычаннем з прагерм. lēkjan ’тс’. Агляд л-ры гл. Фасмер (2, 477–478).

Лячэбнік (уст.) ’кніга, у якой апісаны папулярныя спосабы лячэння розных хвароб’ (ТСБМ), лячэбніца ’лячэбная ўстанова спецыяльнага прызначэння’ і лячэбны, паводле Крукоўскага (Уплыў, 59), запазычаны з рус. мовы.

Ляша́н ’паляк’ (Янк. 1). Да лях (гл.). Утворана пры дапамозе суфікса ‑jan‑inъ, другая частка якога адпала, ці выраўнялася паводле формы н. скл. мн. л. — jan‑e. Магчыма, ад ляшан і ляшоўка ’шляхцянка’ (ТС), як драг. маскоўка ’жыхарка Масквы, руская’.

Ля́шка1, ляшок ’мэндлік, укладка снапоў у полі ў колькасці ад 5 да 13 штук’ (Выг., Шатал., Сцяшк., Сцяшк. Сл.; зах.-палес., ДАБМ, к. 286), ляхэ́ ’тс’ (там жа). Укр. валын. лʼешка ’верхні сноп, якім накрываецца капа (збожжа)’, бран. ляшка. Да лях ’паляк’ (гл.). Спосаб наймення мэндлікаў паводле назваў народнасцей ці людзей, назіраецца на бел. тэрыторыі больш шырока: параўн. віл. (ДАБМ, п. 205) хахлы́ ’укладка з 5–6 снапоў, ба́бка, ба́бкі (паўсюдна), хойн. дзядок (Выгонная, БЛ, 6, 63). Рус. ляшина ’капа сена’ генетычна (у прасл. перыяд) з’яўляецца роднаснай да лях (якое з lęd‑chъ < lędo), аднак у ст.-рус. мове яна развілася асобна: lędо > лядо > лядина > ляшина (аб чаргаванні д//ш гл. Аткупшчыкоў, Из истории, 133).

Ля́шка2 ’сцягно’ (гродз., крыч., КЭС; Гарэц., Касп., Бяльк., Нас.). Да ля́га, ля́жка (гл.).

Ляшня́ ’палякі’ (Бес.). Да лях (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 205).

Ляшч ’лешч, Abramis brama L.’ (Бес., Растарг.; швянч., Сл. ПЗБ), ля́шчэй — р. скл. мн. л. (р. Нёман ля Друскенікаў). Да лешч. Галосная ‑я‑ ўзнікла пад уплывам форм ускосных склонаў і, відавочна, пры націску (як у польск. мове) на другім складзе з канца. Сюды ж драг. лешчавочок ’малы лешч’ (Крыв.).

*Ляшча́начка, крыч. лешча́начка ’невялікая прыбудоўка ля пуні, у якой захоўваецца сена’ (ДАБМ, к. 236). Утворана ад прыметніка ⁺ляшчаны, які з ле́ска1 (гл.). Прыбудоўка як прымітыўнае збудаванне рабілася з арэшніку.

Ляшча́тка, лэшча́тка ’адна з дзвюх калодак у алейні, паміж якімі прасуюць алейную масу’ (лун., стол., ЛАПП). Да ляшчоткі (гл.).

Ляшча́ць, ляшчя́ты ’звінець у вушах’, ’лескатаць’ (бярэз., драг., Сл. ПЗБ; браг., З нар. сл.), ляшчы́ты ’моцна бразгаць’ (Бес.), ляшчы́ць ’біць далонню’ (круп., Нар. сл.), ’дружна квакаць’ (чэрв., Жыв. сл.), ля́шчыць ’грымець’ (слонім., Сцяшк. Сл.). Рус. леща́ть, польск. люблінск. leszczeć ’пляскаць, трашчаць, раздавацца (аб гуку)’, прасл. leščati/leščiti, славен. leskáti ’трашчаць’. Гукапераймальнае. Да ляск! Параўн. таксама лат. lęska ’балбатуха’ (Бернекер, 1, 702; Фасмер, 2, 491; Мюленбах-Эндзелін, 2, 453; Слаўскі, 4, 174; Бязлай, 2, 135).