Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Перавясёлка ’вясёлка’ (ДАБМ, к. 312; Ян.), перавесялу́ха (кліч., ДАБМ, камент., 902). У выніку кантамінацыі лексем вясёлка, весялу́ха ’тс’ і перавя́сла ’перавясла’ > ’пояс’, ’каромысла’, ’ручка ў вядры’. Параўн. гом. каро́місел на не́бе ’вясёлка’, а таксама літ. júosta ’пояс’ і ’вясёлка’.

Перавя́сла, пераве́со, перавёсла, перавясло́, пырывысло́ (і інш. фанетычныя варыянты) ’скрутак саломы, якім перавязваюць сноп’ (Нас., ТСБМ, Сцяшк. Сл., Выг., Шат., Касп., Мат. Гом., Ян., ТС, Сл. Брэс.; ЛА, 2), ’звязка лыка’ (слуц., КЭС), ’ручка ў вядры’ (Др.-Падб., Гарэц., Касп., Сл. ПЗБ), пырывысло́, перавя́сло ’пярэвітка, на якую кладуць жэрдкі ў плоце’ (брэсц., слуц., ЛА, 4). Укр. пере́ве́сло, рус. дыял. перевя́сло ’перевясла ў снапе; дужка вядра, кошыка; саламяная вяроўка для замацавання саломы на стрэхах’. Паводле Фасмера (3, 236), да пере‑ і вя́сло (гл. пера- і вясло́1), якое з прасл. *vęzslo. Махэк₂ (477) выводзіць укр. переве́сло з повере́сло́, суадносячы яго з прасл. *poverslo < *po‑verz‑slo. Гэтаксама Бязлай (3, 98). Аднак дадзеныя Грынчэнкі, узятыя ў Вярхрацкага, на якія спасылаюцца гэтыя аўтары, запісаны на крайнім захадзе ўкр. моўнай тэрыторыі, дзе магчымы ўплыў зах.-слав. моў. З другога боку, на карысць дапушчэння Махэка прамаўляе ‑е‑ ў складзе ‑ве‑ лексемы пере́ве́сло, а не ‑вʼя‑ (як у перевʼязати ’перавязаць’). Для ц.-слав. поврѣсло Трубачоў (Этимология–1972, 40) выводзіць прасл. форму *poverz‑slo. Гэтыя дзве формы з *po‑ (зах.- і паўд.-слав.) і *per (у асноўным, усх.-слав.) суіснуюць у кантамінаваных варыянтах на польскай моўнай тэрыторыі: powrósło (замест правільнай, фанетычна законнай формы powrzosło) і паўд. porwósło, вял.-польск. prowionsło, мазав. prowiąsło, катавіцка-кракаўскае przewiązło, пазн. powrząsło, аўгуст. przewiąslo (замест przewiązło), што дае падставу дапусціць архаічнасць форм *pervę(z)slo, povę(z)slo і *poverzlo (Банькоўскі, 2, 730, 739, 918).

Перавя́ць, смал. перевя́ть ’парваць, перацерці (пра вяроўку, ліну)’ (Этимология–1981, 72). Да пера- (гл.) і вять ’рваць, церці’, якое да прасл. *vęti < і.-е. u̯en‑ ’біць, раніць’, гоц. wunds ’раніць’, англ. wen (< прагерм. *wanja), кімр. ym‑wan ’біцца, змагацца’, карнуэлск. gwane ’праколванне’, англ.-сакс. Wenn ’пухліна’, ’гуз ад удару’ і інш. < і.-е. *u̯a‑/*u̯o‑/*u̯ə‑, параўн. лат. vâts ’рана’, літ. votìs ’адкрытая скула, нарыў’. З гэтым дзеясловам са значэннем ’рваць, церці’, рус. валаг. вя́ха ’куча, бярэмя, ноша’, а таксама ’ўдар, аплявуха, грымак, кухталь’ (семантыка ’біць’) звязваецца бел. полац. вяхотка2 (гл.) ’чарада, куча’, якое ў ЭСБМ (2, 336) падаецца з паметай “няясна” (Гарачава, Этимология–1981, 72–74).

Перагаво́рка ’плётка’ (Сцяшк. Сл.) — калька з польск. przegadka < przegadać ’разводзіць плёткі’. Да пера- і гавары́ць (гл.), параўн. абгаворваць ’пляткарыць’.

Перагаво́ршчык ’перакладчык’ (Сл. ПЗБ., Мат. Гом., ТС, Скарбы). Ад перагаво́рваць, параўн. тураў. перэговора́ць ’пераказваць’. Аб суф. ‑шчык гл. Сцяцко, Афікс. наз., 75.

Перага́джваць (піріга́джываць) ’псаваць значную колькасць рэчыва, прадметаў’ (Юрч. СНЛ). Да пера- (гл.) і га́дзіць, якое да прасл. *gaditi, gadjǫ ’рабіць паскудным, гнюсным, брыдкім, агідным’ (Махэк₂, 154), параўн. укр. га́дитися ’гадзіцца, выклікаць агіду’, рус. га́дить, ’ванітаваць; сварыцца, лаяць’, га́диться ’псавацца (аб прадуктах)’; ст.-польск. żadać się ’гадзіцца, адчуваць агіду’, в.-луж. žadławić so ’выклікаць агіду’, н.-луж. žadaś se ’адчуваць агіду’, чэш. haditi ’няславіць, ганіць, адракацца’, славен. gaditi ’прыводзіць да грэбавання’, серб.-харв. га̏дити ’пэцкаць, апаганьваць’, макед. гади се ’адчуваць агіду’, балг. гадя ’пэцкаць, забруджваць, ганьбіць’ < і.-е. *gōd‑/*gēd, параўн. літ. gė́da ’сорам’, ст.-прус. gīdan (В. скл.) ’тс’, с.-ням. quad ’благі, мярзотны, агідны’, с.-в.-ням. kōt ’бруд, смецце’, ням. Kot ’тс’ ’кал, памёт’ (< *kvōd, цірольск. kōt ’звер, які выклікае агіду’.

Перага́ды ’абгаворы, плёткі’ (Гарэц.). Да пера- (гл.) і гад‑ы, якое ўзыходзіць да польск. gadać ’гаварыць, абгаворваць’. Гл. таксама га́дка.

Перагайдама́чыць ’перавесці ў чужыя рукі; перамарнатравіць, прамантачыць дабро (грошы)’ (Нас.). Да пера- і гайдама́к (гл.).

Перагало́ссе (пірігалосься) ’адгалосак, водгалас’ (Юрч. СНЛ), рус. дыял. переголо́сье ’абгаворы, плёткі’, славен. preglâsje ’перагаласоўка галосных гукаў’. Да пера- і голас (гл.).

Перагамі́цца (перэгомі́цца) ’супакоіцца, перастаць’ (ТС). Да пера- і гамава́ць (гл.).