Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ля́сы тачы́ць ’марна траціць час у пустых размовах’ (ТСБМ, Юрч. Фраз. 2, Касп.). Укр. ляси підпуска(ти) ’заляцацца’, рус. лясы точить (веять, разводить, подводить, сказывать, строить, строчить) ’марна траціць час у балбатні, пляткарыць’. Паводле пашырэння ў гаворках можна меркаваць аб запазычанні з рус. мовы, у якой гэта запазычанне з польск. balasy ’балясы’ < італ. balaustro ’баляса ў балюстрадзе’ (Сабалеўскі, РФВ, 66, 345; Фасмер, 2, 552). Параўн. рус. кастр. лясы‑балясы ’балбатня, леменда’, ярасл. лясы‑балясы точить ’пустасловіць’, ’жартаваць’.

Лясь! — выклічнік у значэнні дзеяслова ляскаць, ляснуць ’ударыць па голым целе’, ’падзенне, удар’, ’бразь, плясь!’ (ТСБМ, Гарэц., Шат.; полац., мсцісл., Нар. лекс.; паст., Сл. ПЗБ). Утворана ад ля́скаць (Праабражэнскі, 1, 497).

Лята́вец ’вядзьмар, змей, лятаючы дух’ (Доўн.-Зап., 3), ст.-бел. лятавецъ, летавецъ ’прывід, здань’ (пач. XVII ст.), запазычаны са ст.-польск. latawiec, letawiec ’вампір, ведзьма, крывасмок’ (Булыка, Лекс. запазыч., 176; Свяжынскі, Бел.-польск. ізал., 110–111), якія Слаўскі (4, 67–68) узводзіць да праформы lětav‑ьcь < lěta‑vъ < lětati > лята́ць (гл.). Сюды ж лятавіца ’русалка, жанчына-дэман’ (там жа). Параўн. таксама смал. лета́вка (фалькл.) ’той, хто хутка лётае ці бегае’.

Лята́р ’ліхтар’ (лях., Сл. ПЗБ) ўтворана ў выніку кантамінацыі лятарня і ліхтар.

Лята́рня ’ліхтар’, ’падсвечнік’ (Сцяшк., Мал.; гродз., шчуч., З нар. сл., Сл. ПЗБ), лятарэнька ’ліхтар’ (Булг.), ст.-бел. лятарня, летарня, лятерня ’тс’ (1556 г.). Запазычаны са ст.-польск. laternia, laterna, latarnia, якія праз с.-в.-ням. latërne ’ліхтар’ прыйшлі з лац. laterna ’ліхтар, лямпа’ < lanterna < ст.-грэч. λαμπτήρ ’паходня, лямпа, ліхтар’ (Слаўскі, 4, 66 з л-рай; Булыка, Лекс. запазыч., 103).

Ля́тась ’у мінулым годзе’ (беласт., Сл. ПЗБ). Да ле́тась (гл.). У пачатковым ля‑ польскі рэфлекс ‑ě‑ (як у lato).

Ля́таць, лята́ць ’лётаць’, ’хутка хадзіць’, ’скакаць (пра вавёрку)’ (Сл. ПЗБ). Да лётаць (гл.). Форма з націскным ля‑ пад уплывам польск. latać ’тс’.

*Лятва́, лётва́, летва́, лятво́ ’праца пчалы па збору мёду’ (Анох.; лунін., Шатал.; рэч., Мат. Гом.). Палескае. Да лётаць. Аб суфіксе ‑ва (‑во) гл. Сцяцко (Афікс. наз., 85).

Лятво ’ляток у вуллі для вылету пчол’ (Сцяшк., Нар. Гом.; паст., Сл. ПЗБ; ветк., Мат. Гом.), харв. ц.-далмацінск. letva ’палавінка лёгкіх дзвярэй’. Да лятаць, лётаць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 34).

Ля́тка (у прымаўках) ’год’, ’лета’ (Нас.). З польск. latko — памяншальнае да lato ’лета’ (Цвят., 53). У бел. песнях, аднак, часта ўжываюцца дэмінутыўныя формы з суфіксам ‑к‑а (жы́тка).