Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Патапе́ча, патопёча ’багна, забалочанае месца’ (Яшк., Бяльк., Інстр. I, Мат. Гом.). Да тапіць, тапіцца (гл.). Параўн. іншыя семантычна блізкія лексемы: тапіла, тапілы, тапіна (Талстой, Геогр., 169–170). Аб суфіксе -еча гл. Сцяцко, Афікс. наз., 40.

Пата́пцы, пота́пцы, пота́пці, адз. пота́пец; пота́пыць ’крышаныя ў ваду, малако, квас, боршч кавалачкі хлеба ці сухароў’ (Вешт., Маш.; глус., Янк. Мат.; Сержп., Грам.; ганц., калінк., Мат., Сл. ПЗБ; пін., лун., Сл. Брэс.). Укр. палес. пота́пци ’тс’. Відаць, да ⁺патопец ’тое, што патоплена’ — кавалачкі хлеба топяцца ў вадкасці. Да тапі́ць (тану́ць) (гл.). Канчаткова лексема набыла форму пад уплывам слова (імя) Патап (параўн. іва́нчык ’вантрабянка’).

Патара́ніць ’панесці’ (карм., Мат. Гом.). Да патарыбаніць (гл.).

Патарґава́ць ’нацерці (бульбы)’ (трок., Сл. ПЗБ). Да торгаць ’драць’ (гл.). Наяўнасць узрыўнога ґ можа сведчыць на карысць запазычання з польск. potargać ’надраць’.

Патаркну́ць, патархну́ць, ’крануць’ (Сцяшк.). Да торкаць (гл.) < прасл. tъrk‑ati (Фасмер, 4, 83); роднаснае да яго літ. tùrkterėti штурхнуць’ (Буга, РФВ, 75, 151).

Патармасі́ць ’патрэсці за валасы’, ’пацягаць’, ’паштурхаць’ (Нас.). Да тармасі́ць (гл.), якое не мае канчатковай этымалогіі (гл. Фасмер, 4, 84; Скок, 1, 441; Махэк₂, 651).

Патаро́йкацца ’паспрачацца’ (докш., Янк. Мат.). Да таро́йкацца (гл.), якое, магчыма, звязана з прасл. terti (гл. Куркіна, Этимология–1980, 24–25), параўн. польск. tarać ’балбатаць’ ці рус. тарары́ка ’балбатун’. Суфікс ‑ойк‑ надае семантыцы экспрэсіўнасць, і з-за дыфтонга можна меркаваць аб балтыйскім паходжанні слова — параўн. літ. tar̃ti ’гаварыць’, tarýti ’тс’. Параўн. таксама бел. дзейкаць ’плявузгаць’.

Патароча1 ’здань, пудзіла, міфічная істота з жудасным тварам і вытрашчанымі вачыма’ (чач., Нас. Сб., Бір. Дзярж.), ’пудзіла’, ’лупаты чалавек’ (Нас.). Укр. поторо́ча ’прывід, страшыдла’. Напрошваецца суаднясенне з рус. вы́таращить (глаза), польск. wytrzeszczyć, чэш. třeštiti ’вытрашчыць вочы’, якія Махэк₂ (657) супастаўляе з генетычна роднасным літ. pastérti ’уставіцца (вачыма)’. Можна дадаць яшчэ pa‑stėrti ’скарчанець, адубець’. Паводле Махэка, у славян была аснова ster‑ з суфіксам ‑sk‑ati (інтэнсіў), у якой пачатковае s‑ адпала ў выніку дысіміляцыі са ‑sk‑ і *ter‑skati перайшло ў групу на ‑iti > terščiti; рус. таращить паходзіць з окаючых гаворак < торощить.

*Патароча2, драг. поторо́ча ’той, хто настойліва працяглы час гаворыць пра адно і тое ж’ (Лучыц-Федарэц). З дзеяслова торо́чытэ ’гаварыць доўга пра адно і тое ж, несці лухту’, укр. торо́чити ’тс’, якія можна суаднесці з рус. наўгар., цвяр. торо́щиться ’дарма збірацца’ і з серб.-харв. тра́скати ’несці лухту’. Праславянскі архаізм.

Патароча3 ’няшчасце ў дарозе’ (усх.-маг., КЭС), рус. кур. поторо́ча ’сустрэча, выпадак, падзея, прыгода’, смал. ’выскачка, які ўсюды ўткне свой нос’, пск. поторо́чье ’перашкода’, цвяр. торча́ться ’перашкаджаць сваёй прысутнасцю’, чэш. містршыцк. trči to do tvého? ’гэта табе перашкаджае?’, — усе ўзыходзяць да прасл. tъrčati ’стаяць, вытыркаючыся уверх ці наперад’, ’цягнуцца ўверх’ > тырча́ць (гл.) (Варбот, Этимология–1979, 5–6).

Патароча4 ’бура’ (Сержп.), рус. арханг. то́рок, то́рох ’бура ў моры, шквал’. Міклашыч (359), Фасмер (4, 84) звязваюць гэта слова з торкаць (гл.).

Патарча́ка, патырча́ка ’кол, палка, якія тырчаць у плоце, з зямлі’ (ТСБМ, Янк. 2; КЭС — Сачанка), ’стрэмка’ (глыб., Сл. ПЗБ), ’замінка’, ’непатрэбная рэч’ (Бір. Дзярж.), патарча́чына ’невідочная з зямлі ці з багна абгніўшая дзеравіна’ (КЭС, лаг.). Да тырча́ць (гл.). Роднасныя рус. усх. пото́рча, пск. пото́рчевина ’палка, ражон, шост, уваткнутыя ў зямлю’.

*Патарчка ст.-бел. потарчка, потаржка ’сутычка’ (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. potarczka ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 66); потаржка — у выніку кантамінацыі слоў потарчка і поражка ’паражэнне’.