Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трасці́ ‘трэсці, калаціць’ (Некр. і Байк., Касп., Яруш., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ‘абшукваць’ (Ласт.), трясці́ ‘трэсці’ (Бяльк.), трасты́ ‘моцна трэсці; шукаць’ (Клім.), ст.-бел. трасти, трести, трясти ‘трэсці’, ‘рабіць вобыск’ (ГСБМ). Гл. трэсці; сюды ж трасці́, вытраса́ць ‘пчол падглядаць — падбіраць мёд’ (брасл., паст., ЛА, 1), відаць, табуізаваны дзеяслоў з першасным значэннем ‘шукаць, вышукваць’. Пад уплывам асабовых і прыставачных формаў утворана траса́ць ‘трэсці’ (брасл., Сл. ПЗБ).

Трасці́на ‘тонкая пласцінка ў бёрдзе’ (ТСБМ, Касп.), ‘чарот, трыснёг’ (Сцяшк., Скарбы; зэльв., віл., ЛА, 1), трасціна́ ‘пласцінка ў бёрдзе’, ‘трыснёг, чарот’ (Сл. ПЗБ), тросціна́ ‘трыснёг, чарот’ (Бес.), трасці́на ‘багністае, зарослае чаротам месца’ (слонім., ДАБМ), тросці́на ‘пласцінка ў бёрдзе’ (ТС), трості́на ‘тс’ (лун., Шатал.), тро́стіна ‘чарот’ (беласт., Сл. ПЗБ), тросты́на ‘тс’, ‘буйное жыта’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. тростина, тристина, трстина, трыстина, ‘чарот’ (ГСБМ). Гл. трысціна.

*Трасцісты, тросты́сты ‘з буйной саломай (пра збожжа)’ (Доўн.-Зап., Пін.), параўн. укр. дыял. трости́стий ‘які мае тоўстае сцябло’. Вытворнае ад тросць1 (гл.).

Тра́сці́ць ‘прасейваць’ (ТС). Гл. трысціць2.

Трасці́ць ‘злучаць разам дзве або некалькі нітак’ (ТСБМ), ‘звіваць дзве ніткі ў адну’ (Сл. ПЗБ). Гл. трысці́ць1.

Трасця́ніца ‘арэшнік’: бегла цераз трасьця́ніцу, гарэхаў табе нарва́ла (Сцяшк. Сл.). Вытворнае ад тросць1 (гл.), самае пашыранае значэнне якога — сцяблістыя расліны, параўн. трысцянка (гл.), укр. тростяни́ця ‘травяністая расліна сямейства злакавых, Scolochloa Link.’, дыял. тро́щі ‘хмыз, дубцы’, а таксама мікратапонімы Трасцяне́ц ‘пералесак’, Трасцянкі́ ‘лес’ (Мікратапанімія Бел.).

Трасця́нка ‘нейкае алкагольнае пітво?’: з гора трасцянку якуюсь пʼюць (В. Дунін-Марцінкевіч, Сялянка). Няясна, хутчэй за ўсё, утворана ад трасцяны́, гл. трысцяны; параўн. вытворчасць алкаголю з цукровага трыснягу.

Трасяні́на (трісяні́на) ‘дрыгва’ (Бяльк.), трасаны́на ‘тс’ (кам., ЛА, 2), сюды ж таксама з іншай суфіксацыяй трасу́н ‘тс’ (полац., ДАБМ; шчуч., З нар. сл.), трасу́ха ‘тс’ (навагр., ЛА, 2). Да трэ́сці (гл.). Лексемы пашыраны пераважна на ўскраінах сучаснай беларускай тэрыторыі. На суседніх моўных тэрыторыях таксама ўжываюцца назвы дрыгвы, утвораныя ад прасл. *tręsti: польск. trzęsawisko, укр. трясови́на, рус. тряси́на, трясу́н. Параўн. трасіна, гл.

Трася́нка1 ‘стрэсенае сена з саломай, якое ідзе на корм жывёле’ (ТСБМ; докш., Янк. Мат., Варл.; ашм., Стан., Сл. ПЗБ, Вруб., Брасл. сл., Лекс. Бел. Палесся; дрыс., Яшк. Мясц.; гродз., мін., віц., ЛА, 2), трасяни́ца ‘тс’ (пін., ЛА, 2), трасе́нка ‘тс’ (Сл. ПЗБ), трэ́сенка ‘тс’ (бяроз., ЛА, 2); сюды ж страся́нка ‘тс’ (гарад., віц., мядз., леп., ЛА, 2). Параўн. укр. дыял. трясани́ця, трясени́ця ‘салома з сенам’, балг. тра́сени́на, тра́сени́ца ‘тс’, а таксама рус. дыял. тряха́нка ‘тс’, дзе, паводле Талстой (Зб. Жураўлёву, 356), адзначана варыянтнасць каранёвых с/х, параўн. траха́ць ‘трэсці’ (гл.). Утворана ад дзеепрыметнікавай формы дзеяслова трэсці (гл.) і прыставачнага ўтварэння страса́ць ‘змешваць трасучы’ (гл. трасці). Адносна балгарскіх формаў выказваецца меркаванне аб іх праславянскім паходжанні, паколькі яны звязаны са спецыфікай догляду за жывёлай з даўніх часоў (Тадораў, Слов. етим., 406). Гл. таксама трушанка.

Трася́нка2 ‘змешанае беларуска-рускае маўленне’ (ТСБМ, Улас.), трасʼанка ‘моўная блытаніна’ (“językowy galimatias”, Вруб.). Метафарычнае ўтварэнне на базе трася́нка1, аналагічнае ўкр. су́ржык ‘украінска-рускае змешанае маўленне’ (гл. суржык). Актывізацыя ўжывання ў 80‑я гады XX ст. прыпісваецца З. Пазняку (Рамза, Беларуская думка, 2010, 7, 113), аднак слова ў такім значэнні ўжывалася і раней (Свобада, Беларуска, 30, 192; Запрудскі, Arche, 2009, 11–12, 176).

Тра́та ‘страта, згуба, выдатак’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нас., Бяльк.), сюды ж тра́тня ‘выдаткі’ (Ласт.), тра́тны (тратный) ‘дарэмны, згубны’ (Нас.). Да тра́ціць (гл.). Дапускаецца магчымасць паходжання прасл. *trata з суф. ‑t‑, як *v​ьr̥t‑ta > вярста́ з і.-е. *ter‑/*tr‑ (ЕСУМ, 5, 623; Фасмер, 4, 94), прадстаўленага ў церці (гл.), укр. теряти ‘губляць’, рус. терять ‘тс’ і інш.

Тратава́ць ‘растоптваць, таптаць’ (Гарэц., Др.-Падб.), тратова́ті ‘тс’ (Вруб.). З польск. tratować (а таксама ст.-польск. tretować) ‘таптаць нагамі, капытамі’, якое з с.-в.-ням. trëten/trëtten ‘таптаць’, ням. treten ‘тс’ (Вінцэнц; Борысь, 640). Сюды ж, відаць, і мясцовае (з “пальшчызны крэсовай”) traty ‘дамбы’ (Брасл. сл.). Гл. таксама фанетычны варыянт дратаваць ‘вытоптваць’.