Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пазыва́тыя ’тыя, хто хадзіў запрашаць на вяселле’ (Інстр. II). Рус. позыва́тый ’вяшчальнік’. Ад пазываць; утварэнне ад асновы залежнага дзеепрыметніка на ‑т‑ з суф. ‑ай, першапачаткова *пазаватай (параўн. Фасмер, 3, 304).

Пазы́ка ’выдача ў доўг на пэўных умовах грошай, рэчаў і інш., а таксама грошы, рэчы і інш., узятыя ў доўг’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Мядзв., Грыг., Шат., Бяльк., Мат. Гом.), пазы́чка ’талака’ (ДАБМ, 905). З польск. pożyczka, або аддзеяслоўнае ўтварэнне ад пазычыць. Адносна з гл. зычыць. У бел. м. слова з’явілася ў сярэдзіне XIX ст. (Гіст. лекс., 238).

Пазы́чыць ’даць каму-н. што-н. у доўг; узяць у каго-н. што-н. у доўг, на час’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Шпіл., Мядзв., Бессон., Шат.), позы́чыць (ТС). Рус. зах. позы́чить ’тс’, ст.-рус. позычити (XIV ст.). З польск. pożyczyć ’браць, даваць у доўг’ ад pożytek ’карысць, выгада’ (Фасмер, 3, 304). Адносна ‑з‑ гл. зычыць.

Пазю́р ’ногаць’ (Выг., Дразд.). Гл. пазур.

Паі́ць ’даваць піць каму-н.; насычаць вільгаццю, вадой’. Рус. пои́ть, ст.-рус., ст.-слав. поити, польск. poić, чэш. pojiti, серб.-харв. по̀јити, славен. pojíti, pojim, балг. поя́ ’паю’. Праслав. pojiti. Фасмер (3, 304) асновай гэтага дзеяслова лічыць прасл. *pojь ’напітак’, які ад піць (гл.) з аблаутам у корані. Махэк (452) мяркуе, што ў прасл. была ўтворана дзеяслоўная аснова з poj‑, г. зн. не абавязкова ад назоўніка.

Пай1 ’доля, якая ўносіцца ў капітал якога-н. таварыства кожным яго ўдзельнікам’ (ТСБМ); у дыялектах часцей па́йка ’тс’, таксама ’надзел зямлі’ (Сл. ПЗБ), ’шчасце, удача’ (Бяльк.). Рус. пай, укр. пай ’тс’. Запазычанне з цюрк. моў: тур., крым.-тат., тат. pai ’частка, участак, пай’ (Радлаў, 4, 1118; Міклашыч, 230; Праабражэнскі, 2, 5; Фасмер, 3, 187).

Пай2 ’выбітае, вытаптанае месца (на лузе, у полі і інш.), паёваць ’талаваць, нішчыць’ (ТС). Няясна. Відаць, да пай1, праз значэнне ’ўчастак зямлі’.

Па́йда ’пляткарка’ (Жд. 2). Укр. по́йда ’жанчына, якая ўвесь час бегае з дому’. Бязафікснае ўтварэнне ад асновы буд. ч. пайду, пайсці (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 35). У словаўтваральных адносінах параўн. яшчэ знайда, пройда (гл.).

Па́йма ’пасма’ (Шат.), ’жменя’ (Нар. сл., віц.), паймачка ’пучок ільну’ (Сл. ПЗБ). Рус. сімб. пиймо ’звязка нітак’. Аддзеяслоўны назоўнік ад pojęti, pojьmę (гл. узяць, вазьму).

Пайса́ць ’паўторна малаціць каласы і дробную салому’ (Сцяшк. МГ, КЭС, гродз.). Гл. пойсаць.

Пайстком ’дэталёва, падрабязна (расказаць)’ (Шн. 2), ’шчыра’ (Нар. сл., ушацк.), па‑істачком (по‑источком) ’тс’ (Мядзв.). Цёмнае слова. Варыянт пайстком, мабыць, скарачэнне слова, прыведзенага Мядзведкам. Калі зыходзіць са словаўтваральнай структуры, то яно можа ўзыходзіць да рус. точно, неточно; але канчатак указвае на першапачатковы назоўнік, накшталт *істопак.