Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лядоўня ’пограб з лёдам або снегам для захоўвання прадуктаў’ (Гарэц., Яруш., Янк. 2, Касп., Бяльк., Сцяшк.; жлоб., Нар. словатв.; мін., КЭС), лёдо́ўня ’тс’ (Шушк.). Укр. льодо́вня, леді́вня, рус. прыбалт. ледо́вня, польск. lodownia, в.-луж. lodownja, чэш. ledovna, славац. ľadovňa. Прасл. паўн. ledovьnʼa ’памяшканне для лёду’ (Слаўскі, 4, 322). Утворана ад прыметніка ledovъ > лядовы. Да лёд (гл.). Аб суфіксе гл. Слаўскі (SP, 1, 138), Сцяцко (Афікс. наз., 165).

Лядошна ’гідка, брыдка, агідна’ (Бяльк.). У выніку кантамінацыі з ляда́ік і рус. тошна, аднолькавых па значэнню.

Ляду́начка ’ключыкі вясеннія, Primula veris L. macrocalyx Koch.’ Да ляду́нка ’патранташ’, якое з ладу́нка (гл.). (Ла‑ і ля‑ існавалі яшчэ ў ст.-бел. мове з прычыны розных крыніц запазычання: ла‑ з польск. ładunek, ля‑ з ням. Ladung). Матывацыя: кветкі ключыкаў размешчаны на сцябле адна за другой і выглядаюць як ячэйкі патранташа. Рус. ла́дан, лада́н — назвы самых розных раслін і ледуни́ца, ледуне́ц ’чырвоныя парэчкі’, відаць, з бел. лексемай не звязаны.

Ля́ды ’дрэнны’ (маст., Сцяшк. Сл.), зах.-укр. ле́дий ’тс’, польск. жэшаўск. lady ’абы-які’. Відавочна, з польск. мовы, дзе лексема з’яўляецца другасным прыметнікам ад lada ’абы які’, якое ўспрымалася як прыметнік ж. р. (Слаўскі, 4, 22).

Ляе́стры ’спісак’ (КЭС, лаг.). Сапсаванае народнае рэе́стры (гл.).

Ляжа́й ’гультай, лежань’ (зэльв., Жыв. сл.; свісл., Сл. ПЗБ). Да ляжа́ць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 23).

Ляжа́йка ’ляжанка ля печы’, ’комін-ляжак’ (пух., З нар. сл.; уздз., Нар. словатв.; навагр., Сцяшк. Сл.), ляжэйка ’бакавыя дошкі ў возе’ (астрав., Сцяшк. Сл.; круп., Жыв. сл.; Касп., Сл. ПЗБ), ліжа́йка ’бакавы брусок асновы панарада’ (КЭС, лаг.), валож. ляжэ́я ’папярочная палка-ворчык у сасе, да якой прымацоўваюцца аглоблі’ (Жыв. сл.). Ст.-рус. лежайка, лежейка, лежая ’знак > (гарызантальны вугал) у бортніцкіх знамёнах’. Да прасл. ležajьka (Трубачоў, Эт. сл., 14, 158), якое з ležaja/ležajь (< ležati), роднаснага з ляжа́й (гл.).

Ляжа́к ’гарызантальная частка коміна на гары’, ’ніжняе апорнае бервяно зруба’, ’падаконнік’, ’падваліна’, ’ляжачы вулей з пчоламі’, ’ляжанка’, ’паваленае бурай дрэва’, ’палеглы лён’ (Бяльк., ТСБМ, Янк. Мат., Сцяшк., Шушк., П. С., Некр., Шат., Сцяц. Словаўтв.; З нар. сл., Мат. Гом., Мат. Маг., Сл. ПЗБ, Жыв. сл.; КЭС, лаг.). Укр., рус. лежак, польск. leżak, в.-луж. ležak, чэш. ležák, славац. ležiak; серб.-харв. лѐжак, славен. ležák, балг. ле́жак, ле́жяк. Праформа ležakъ < і ležati (Слаўскі, 4, 194–195; Трубачоў, Эт. сл., 14, 158–159). Да ляжа́ць (гл.). Аб суфіксе — Сцяцко (Афікс. наз., 23–25).

Ляжа́нец ’абложная зямля’ (Прышч. дыс.). Рус. арханг., наўг. ле́жанец, лежане́ц ’ворная зямля, якая дае добры плён збожжа’, лежанцы ’ворная зямля нізкай якасці’. Бел.-паўн.-рус. ізалекса. Да ляжа́ць (гл.) > ляжа́ны. Аф суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 39–40).

Ляжа́нка, ліжа́нка ’прыпек, запечак, нары; месца, прыстасаванае для ляжання’, ’грубка’, ’верхняя планка ў драбіне воза’, ’ляжак-калаўрот’, ’логава звера’, ле́жанка ’гультай’, ’распешчанае дзіцё’ (Нас., ТСБМ, Бяльк., Шат., Уладз., Мат. Гом.; КЭС, лаг.). Укр., рус. лежанка ’бочка-ляжанка’. Прасл. ležanъka (Трубачоў, Эт. сл., 14, 160–161). Да ляжа́ць (гл.). Аб суфіксе — Сцяцко (Афікс. наз., 28–29).