Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Набічкава́ць (nabiezkawat) ’напоўніць, наладаваць’ (ваўкав., Арх. Федар.). Гл. бічкавиць.

Наблажы́ць ’нарабіць глупства’ (Нас.). Да блажы́ць, благі́ ’кепскі, дрэнны’, параўн. з супрацьлеглым значэннем укр. наблажи́ти ’прынесці дабро’ (ад бла́го ’дабро’).

Наблі́жай ’бліжэй’, ’прыстойней, лепш’ (Нас.). Утворана пры дапамозе прэфікса на-, які мае градуальнае лексічнае значэнне ў адрозненне ад граматычных сродкаў выражэння градуальнасці (г. зн. ступеняў параўнання). Гл. наі.

Набліска́ць ’напырскаць, нападаць’ (ст.-дар., Нар. сл.). Гл. бліскаць ’пырскаць’.

Наблу́таць ’напутаць, наблытаць’ (Шат., Др.-Падб.). Гл. блытаць, блытаць.

Наблышы́ць ’навазіцца’ (Касп.). Гл. блышыць.

Набо ’добра што’; Я люблю черную Гапочку, хоць єна маленька//Набо єна черненька (мазыр., Шн. 3). Гл. ниба.

Набожнік ’вышыты рушнік, які вешалі на абразы’ (Касп., Сцяшк., Др.-Падб., Дэмб. 1; бых., Янк. Мат., Гарэц.; круп., Нар. сл., Бяльк.), укр. чарн. набо́жнік ’тс’. Да багі ’абразы’, хутчэй за ўсё ў выніку сцяжэння набожны рушнік або па прадуктыўнай мадэлі, параўн. нарожнік, налобнік, нарукиўнік і пад.

Набожны ’набожны, веруючы, рэлігійны’ (Нас., Гарэц., ТСБМ), укр. набо́жний ’тс’, рус. набо́жный, польск. nabożny, чэш., славац. nábožný, в.-, н.-луж. nabožny, славен. nabožen, балг. набо́жен, макед. набожен; параўн. таксама набожнасць (Байк. і Некр.). Да бог (гл.), літаральна ’хто ўскладае надзеі на бога’; крыніцай слова ў славянскіх мовах лічыцца чэшская (са спалучэння na bože, Махэк₂, 75), адкуль яно трапіла ў польскую, лужыцкія, славенскую і інш., а праз польскую — да ўсх. славян, адкуль, верагодна, у балгарскую і македонскую (Брукнер, 34; Шустар-Шэўц, 13, 978; Кохман, Stosunki, 90–92; Вінаградаў, Этимология–1965, 161 і інш.). Гл. на́бажны.

Набой 1 ’зарад’ (Касп., Шат., Байк. і Некр., Яруш., Гарэц., БРС, ТС), укр. набі́й ’тс’, рус. набо́й ’тс’, польск. nabój ’тс’, чэш. náboj, славен. naboj ’зарад, патрон’. Ад набі́ць, набіва́ць (стрэльбу) ’заражаць’, што адлюстроўвае старажытны спосаб зарадкі праз ствол. Магчыма, праз польскую з чэшскай, паралельна да славен. nabój, якое, паводле Бязлая (2, 210), запазычана з чэш. náboj (< na‑biti), бо толькі ў чэшскай адначасова значыць ’кулак’, што блізка да ням. Nabe, тады збліжэнне з *biti другаснае. Гл. Махэк₂, 387; Брукнер, 35.

Набой 2 ’мазоль, вітае месца’ (Сцяшк.), ’болька на падэшве нагі, узнікае ад непрывычкі хадзіць босымі нагамі’ (Сцяц.), наб​уой (nabuoj) ’пухір на пяце’ (Арх. Федар.), рус. набой ’набітае месца, жаўлак’; няясна, ці звязана з укр. набій ’вусень насякомага Arctia’ (Грынч.), параўн. шматлікія выпадкі супадзення назваў розных болек і вусеней: вусеніца ’нарыў паміж капыта ў каровы’ і ’вусень’ (ТС), славац. liška ’лішай’ і ’вусень, матылёк’, што, як паказаў Важны (O jménech, 106 і наст.), звязана з уяўленнямі пра насякомых як разношчыкаў хвароб. Ад набіва́ць, параўн.: Набіў ботам мазоль (Сл. ПЗБ). Серб.-харв. набој ’нарыў на ступні, у якой засталася калючка’, балг. на́бой ’балячка, скула, пухліна ад пацёртасці’, магчыма, дае падставы для рэканструкцыі адпаведнай праслав. лексемы.

Набой 3 ’след на дарозе, выезджаны санямі’ (Арх. Федар.), ’высокі пласт снегу на дарозе, які перашкаджае яздзе’ (Кліх), ’тупкая частка зімняй дарогі’ (Сцяц., ТС), ’наезджаная частка зімняй дарогі’ (в.-дзв., Шатал.), ’астаткі саннага шляху’ (столін., Яшк.), укр. набі́й ’утаптаная снежная дарога, сляды саней на ёй’, рус. набо́й ’тс’. Ад набіва́ць, бі́ць, бі́тая (дарога).

Набой 4 ’набойка, прылада набіваць абручы на бочку’ (Бяльк.), набойка ’тс’ (гродз., Нар. сл.; ТС). Ад набіва́ць, біць.