*Набі́льнік, набыльнык ’пласт сена, які можна узяць на вілы’ (брэсц., Нар. лекс.). Гл. навільнік.
На́більніца ’дэталь у кроснах’ (Сцяшк., пух., З нар. сл.), набільніцы ’рамкі, у якіх замацоўваюцца бёрды’ (Тарнацкі, Studia; Сцяц.), набільніцы, на́быльніцы (воран., бяроз., Шатал.). Гл. набілка.
Набі́льніцы (наЫІпісу) ’пухіры на нагах, апрэласці’ (ваўкав., Арх. Федар.). Да набіваць, параўн. набіць мазалі, набой ’тс’ і г. д.
Набіра́нка ’посцілка (рознакаляровая)’ (Мат. Гом.). Ад набіраць (гл. браць у розных значэннях), у тым ліку і набіраць у ніт ’накідаць пражу ў ніт’ (ТС), што адлюстроўвае тэхналогію падрыхтоўкі да ткання посцілак названага тыпу.
На́біржына ’вузкая дошка, што накладваецца на капылы паверх вязаў’ (смарг., Шатал.). Відаць, да бераг ’край’, параўн. іншую назву той жа дэталі — наберажня (гл.); дэфармацыя і дээтымалагізацыя можа быць звязана з уплывам дзеяслова тыпу літ. biržyti, сярод значэнняў якога сустракаецца і ’лупіць, біць, сцябаць’, што адпавядала б унутранай форме іншай назвы гэтай дэталі — на́плестка (ад пляскиць?), або назоўнікаў тыпу biržlis ’бярозавая галінка’ ці beržinė ’бярозавы дубец’, што можна разглядаць як іншую версію паходжання слова, бо першапачаткова названую дэталь у санях маглі рабіць са скручаных бярозавых дубцоў, параўн. намаразень (гл.).
На́бірка ’кошычак для збору ягад, звычайна з кары’ (докш., Янк. Мат., лунін., Шатал., кіраўск., Нар. сл.), набірак (глуск., бабр., Янк. 1), набірок (палеск., З нар. сл.), набірацца (докш., Янк. Мат.), набірушка (палеск., З нар. сл.); рус. набирка, набирок, набирушка. Ад набіриць, браць.
Набі́рычыць ’насварыцца’ (мінск., Песні сямі вёсак). Параўн. абірычыць ’абстрыгчы, абабраць, абрэзаць’, што, відаць, да бірыч ’зборшчык дані’, адкуль і адпаведная «адмоўная» семантыка (прымус, сварка і да т. п.).
Набі́ты ’вопытны’ (БРС, Нас., ТС), параўн. набіты дурань ’закончаны дурань’ (Байк. і Некр., полац., Нар. лекс.). Да біць: набіць вока ’навучыцца нешта добра адрозніваць’ і пад., параўн. таксама чэш. мар. nabíjena šelma — пра чалавека «з вопытам», часта бітага і інш.
Набіўка (nabiŭka) ’прыстасаванне для ткання паясоў’ (ваўкав., Арх. Федар.), укр. гуцульск. на́бівка ’набіліцы’. Ад набіва́ць ’прыбіваць ніткі’, біць (гл.).
Набі́ць ’накалоць (дроў)’ (мядз., Нар. сл.). Ад біць ’калоць (дровы)’, параўн. тэрытарыяльнае размеркаванне біцца і калоцца ’бароцца (пра карову)’.