Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Во́ркіш ’гатунак ячменю’ (Мядзв.). Гл. оркіш.

Во́рлікі ’вадазбор звычайны, Aquilegia vulgaris L.’ (БРС, Кіс., Гарэц., Нас., Касп.). Рус. орлика, серб. о̀рлица, чэш. orlíček. Назва ўтворана ад лац. aquila ’арол’, таму што лісце венчыка гэтай расліны падобныя да кіпцюроў арла (Сіманавіч, 42). Махэк₂ (417) лічыць, што гэта назва з’явілася ў выніку памылковай этымалогіі — няправільнага члянення лац. aquilegia.

Ворс, ворса (БРС, КТС, Нас., Касп.) ’адходы воўны пры часанні ў выглядзе асобных кароткіх валокнаў’ (Влад.); ’мяккая воўна’ (Мядзв.). Рус. ворс, укр. ворс. Відавочна, сумеснае ўсходнеславянскае запазычанне са ст.-перс. vars ’волас’; параўн. таксама авест. varǝsa ’волас’, н.-перс. gars ’тс’, роднаснае рус. волос (Фасмер, 1, 355; Шанскі, 1, В, 169; Брукнер, 627). З слав. запазычана літ. varsà ’жмут шэрсці, валасоў’ (Буга, KS, 199; Скарджус, Slav., 233).

Во́рчык1 ’барак, пры дапамозе якога запрагаюць каня ў плуг; брусок з жалезным крукам на сярэдзіне, за які зачэпліваюцца пастронкі’ (БРС, КТС, Нас., Касп., Гарэц., Бяльк., Др.-Падб., Мядзв., Сцяшк.). Рус. о́рчик ’перакладзіна, барак для пастронкаў вупражы каня’, укр. во́рчык, польск. orczyk ’тс’. Запазычана з с.-в.-ням. ortschit, н.-в.-ням. Ortscheit ’тс’ праз польск. мову (Міклашыч, 225; Мацэнаўэр, 265; Більфельдт, 29). С.-в.-ням. слова ўтворана з ort ’вастрыё, канец’ і schit ’палена’ (Фасмер, 3, 155). Праабражэнскі (1, 659) дапускае магчымасць зваротнага ўздзеяння польск. orczyk на ням. і набліжае орчик да арчак (гл.), о́рчак ’лука, драўляны каркас сядла’, што менш верагодна.

Во́рчык2 ’прыпрэжаны конь’ (Мат. Гом.). Гл. варчык.

Ворык ’двор для жывёлы ці хлеў’ (Бяльк., Яшк., маг.). Рус. ворок ’тс’. Да вор2 (гл.).

Восакар ’ясакар’ (Шатал.), во́сакарань ’тс’ (З нар. сл.). Гл. ясакар, у дадзеным выпадку з іншай пратэзай; параўн. рус. осокорь, выскорь ’тс’.

Во́сапа ’аса, Wespa vulgaris’ (Касп.), во́спа ’тс’ (З нар. сл., маг.). Няясна. Магчыма, як лічыць Трубачоў (Слав. языкозн., 5, 177), з *vospa, рэлікта старой метатэзы, якую знаходзім у лац. vespa ’аса’ (< *vospa) і цяперашнім ням. Wespe пры больш распаўсюджаным першапачатковым тыпу *vo(p)sa з і.-е. *uobhsā; параўн. літ. vapsà, ст.-в.-ням. wafsa. Гл. таксама аса, асва.

Восва ’аса’ (Бяльк., Гарэц., Мат. Гом., Інстр. II), восма, восва ’тс’ (Жд., 1). Гл. аса, асва.

Восем (БРС, Яруш., Бяльк., КТС, Шат.). Рус. во́семь, укр. ві́сім, ст.-рус., ст.-слав. осмь ’восем’, балг. о́съм, серб.-харв. о̏сам, славен. ósem, чэш. osm, славац. osem, польск. ośm, в.-луж. wosom, н.-луж. wosym. Прасл. *osmь ’восем’ — новаўтварэнне ад osmъ ’восьмы’, падобна šestь : šestъ, devętь : devętъ і г. д. (Праабражэнскі, 1, 99; Фасмер, 1, 231). І.‑е. *ok̑tō(u); параўн. літ. aštuonì, лат. astuôni, ст.-інд. aṣṭā́u, aṣtã́, авест. ašta, арм. utʼ, грэч. ὀκτώ, лац. octō, гоц. ahtáu, ірл. ocht, тахар. okadh (Траўтман, 15; Торп, 8; Майргофер, 1, 63). У і.-е. *ok̑tōu ’восем’ бачаць форму пар. л. ад *oketā ’барана’, першапачаткова ’чатырохзубая’ (літ-ру гл. Фасмер, там жа). Гл. таксама Махэк₂, 419; Шанскі, 1, В, 170; Супрун, Числит., 11 і наст.

Во́семка ’васьмёрка ў картах’ (Гарэц., Бяльк.). Запазычанне з польск. ośemka ’тс’. Аб уплыве польскай картачнай тэрміналогіі на ўсходнеславянскую гл. Чэрнышаў, РР н. с. 11, 61.