Во́паўзень ’апоўзень’ (Юрч.). Гл. апоўзень.
Во́перадка, во́ператка ’складзеная папалам вяровачка для кідання камення’ (Сцяц.). Звязана з польск. oprata ’лейцы’, obrętka ’вуздэчка’, якая ў сваю чаргу ўзыходзіць да ўсходнеславянскага *ob‑rъtъ. Па народнай этымалогіі было, відавочна, звязана са словам упе́рад, адкуль е. Параўн. таксама чэш. oprať, oprata ’лейцы’, дыял. voprato ’рамень для карзіны, ношы’, oprátka ’пятля для павешання’. Гл. таксама аброць.
Во́пінка ’вялікая хустка’ (Янк. I). Гл. апінянка.
Во́піс (БРС). Рус. о́пись, укр. о́пис, польск. opis, в.-луж. wopis, славін. vopjísk, чэш., славац. opis, балг., макед. опис, серб.-харв. о́пис. Аддзеяслоўнае ўтварэнне да апісаць.
Во́плескі (БРС, Гарэц.). Да пляскаць ’біць (у далоні)’. Параўн. рус. рукоплескания.
Во́прамець ’стрымгалоў, вельмі хутка’ (Нас., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Бяльк.), во́прамяць ’тс’ (Бір. Дзярж.), во́прамеццю ’тс’ (Шат., З нар. сл., калін.). Запазычанне з рус. о́прометь ’імклівы бег’, о́прометью ’стрымгалоў, з усіх ног’, калі меркаваць па адсутнасці ў бел. гэтага кораня і па захаванню рус. марфалагічнай формы (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 40).
Во́пратка ’адзенне’ (БРС, КТС, Бяльк., Касп., Яруш., Сцяшк., Інстр. I). Рус. смал. упрятка ’адзенне’, бранск. во́прэткі ’тс’. Ад апратаць (гл.) з дапамогай суф. ‑ка. Падрабязна гл. Мяркулава, Этимология, 1974, 64 і наст.
Вопса ’рашуча, раз’юшана, энергічна кінуцца куды-небудзь, на каго-небудзь’ (Янк. I), во́псаддзю ’тс’ (Янк. III), во́псасам ’неадчэпна, смалою лезці’ (Сцяц., зэльв.). Гл. вобцас.
Во́пух ’пухліна’ (Жд., 1, Мат. Гом.). Рус. о́пух, во́пух, укр. о́пух ’тс’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад апухнуць (гл.).
Во́пыт (БРС, КТС). Да апытаць. Рус. о́пыт, укр. о́пит, ’распытванне, допыт’, польск. opyt ’тс’, серб.-харв. о́пит ’вопыт, эксперымент’ (запазычанне з рус. — Скок, 2, 666), балг., макед. опит ’тс’ (таксама, відавочна, з рус.). Па даных КГС, у беларускіх помніках слова ўжываецца толькі ў адным значэнні ’допыт’. Значэнні ’навуковы эксперымент’ і ’сукупнасць ведаў’ з’яўляюцца, відавочна, запазычанымі з рус. мовы, дзе яны развіліся таксама даволі позна, у XVIII ст. (Каткоў, Сказки…, 84–85). Вытворныя ад гэтай лексемы вопытны, вопытніцтва — гэта калькі адпаведных рус. слоў опытный, опытничество (Крукоўскі, Уплыў, 110).