Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Тро́нак ‘дзяржанне ў розных прыладах (вілах, чапяле, рыдлёўцы, памяле, нажы і інш.)’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Ласт., Касп., Сл. ПЗБ, ЛА, 2, 4, Сцяшк.), тро́нок ‘тс’ (Тарн., Арх. Вяр., ТС, Лекс. Бел. Палесся), тро́нак ‘ствол’ (Рэг. сл. Віц.), трон ‘цэп’ (Хромчанка, Паўн.-маст. гав.). З адаптаванага польск. trzonek ‘рукаятка, ручка’ < trzon ‘аснова, састаўная частка чаго-небудзь; рукаятка, ручка’, што адпавядае беларускаму чаранок (гл.). Сюды ж ст.-бел. троновый зуб ‘карэнны зуб’ (ГСБМ) з польск. ząb trzonowy ‘тс’.

Турэ́ц ‘звужанае рэчышча са шпаркім цячэннем вады’ (дзісн., Ластоўскі, Выбр. тв., 421), ‘быстрыня, струміна, хуткая плынь у рацэ’ (Ласт.), ‘прыспешаная плынь вады, сціснутая з двух бакоў каменнымі стромкімі лехамі’ (У. Дубоўка). Суфіксальнае ўтварэнне ад турыць ‘гнаць, імчаць’ (Пацюпа, Arche, 2007, 3, 195). Санько (Бел. гіст. агляд, 2007, 14, 1–2, 335) бачыць паралель у назве рэчкі Тур або Тураўлянка, якая, па паданні на Тураўшчыне, раней называлася Струмень, параўн. санскр. turá ‘хуткі’ і фрак. strumá, strumón ‘плынь, рака’.

Ту́шчы ‘худы, шчуплы, пусты, парожні’ (Ласт.), тушчэ́ць ‘марнець, знясільвацца’ (там жа). Суадносіцца з тшчы ‘пусты, дарэмны’, то́шчы ‘худы, шчуплы, пусты’ (гл.) у рознай ступені вакалізму, параўн. тухнуць, тхнуць, тохнуць, гл. Разам з прасл. *tъštь ‘парожні’, літ. tùščias ‘пусты, парожні, нікчэмны’, лат. tukšs ‘тс’, ст.-інд. tucch(y)ah ‘тс’ узыходзяць да і.-е. *teus‑/*tus‑ ‘парожні, апаражняць’ (Смачынскі, 696; Борысь, 92; ЕСУМ, 5, 612; Арол, 4, 91). Сюды, відаць, і ту́шчыцца ‘засмучацца ў час наступлення хваробы’ (гор., Мат. Маг.).

Таўпа́ ’натоўп, тлум’ (Нас., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4, Растарг.), талпа́ ’натоўп’ (Ян.), ст.-бел. толпа ’тс’ (канец XV ст., КГС). Параўн. укр. товпа́ ’тс’, рус. толпа́ ’тс’, стараж.-рус. тълпа ’тс’, чэш., славац. tlupa ’натоўп, тлум’ (з рускай, гл. Махэк₂, 646), балг. тълпа ’натоўп’, макед. толпа ’тс’. Прасл. *tъlpa або *tьlpa, аддзеяслоўны назоўнік ад tъlpiti (гл. тоўпіць), роднасны літ. talpà ’ёмістасць, аб’ём’, лат. talpa ’памяшканне’, ст.-інд. tálpuḥ ’ложа, сядзенне’, talpã ’тс’ (Фасмер, 4, 74; ЕСУМ, 5, 588).

Тро́скат ‘трэск’ (Ласт.), ст.-бел. троскотъ ‘расліна’ (Скарына). Параўн. укр. тро́скит, трі́скот ‘трэск’, рус. тро́скот ‘трэск, хруст’, стараж.-рус. троскотъ ‘тс’, польск. troskot ‘лясканне, трэск’, серб., харв. тро̏скот ‘урэчнік, Polygonum’, балг. тро́скот ‘пырнік’, макед. троскот ‘тс’. Прасл. *troskot утворана ад мяркуемага дзеяслова *troskati ‘трашчаць, лопацца’, суадноснага з літ. traškė́ti ‘хрусцець, трэскацца, грымець’ (Скок, 3, 507; Фасмер, 4, 106; SEK, 5, 172), адсюль ст.-бел. троскотати ‘трашчаць’ (Сл. Скар.). Меркаванні пра паходжанне назваў раслін, якія трашчаць, калі іх рвуць, гл. Брукнер, 577.

Тры́заўка ‘рутвіца рагатая, Lotus corniculatus L.’ (віц., Кіс., Ласт.). Няясна. Фармальна блізкая да чэш. trězalka ‘зверабой’ і, магчыма, да чэш. trejzel, trýzel, славен. trizelj, харв. trȕzalj, trižalj ‘жаўтушнік, Erysimum’, што да *tri‑ (гл. тры), якое характарызуе асаблівасці будовы расліны, параўн. з укр. trojčyste zilla ‘Lotus corniculatus L.’ (Макавецкі, Sł. botan.). Параўн. трызелле (гл.). Пра сувязь з народнай любоўнай магіяй славац. trězalka гл. Кралік (625), які выводзіць яго з чэш. dřezalka ‘зверабой’ < ст.-чэш. dřezalu ‘дрыжачы’ (гл. дрыжаць) з-за асаблівасці расліны адпалохваць.

Ты́гель ‘пасудзіна з вогнетрывалага матэрыялу для плаўкі, варкі, нагрэву розных матэрыялаў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ты́гель, ты́глік ‘гаршчок для плаўкі металаў’ (Ласт.), тыге́лік, тыде́лёк ‘тыгель (патэльня)’ (Сл. Брэсц.), тыгелёк ‘каструля’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. tygiel, tyglik, tygielek, tegiel, якія з с.-в.-ням. tigel, tëgel ‘гаршчок, слоік’ (Махэк₂, 663; Брукнер, 567), нова-в.-ням. Tiegel ‘нізкі гаршчок, патэльня’, апошняе ўзыходзіць да італ. старога teglia ‘патэльня’ < позналац. tēganum < ст.-грэч. τήγανον ‘тс’ (Фасмер, 4, 56; ЕСУМ, 5, 564; Арол, 4, 70).

Тэ́ма ‘галоўная думка, прадмет, змест твора; заданне’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.). Хутчэй праз ням. Thema, якое, у сваю чаргу, з лац. thema < грэч. θέμα (Рэйзак, 655). Літаратуразнаўчы тэрмін, паводле Краснея (Прабл. бел. філал., 64), запазычаны з рус. тема ў пачатку XX ст., дзе замацаваўся з часоў Ламаносава, аднак паралельна з ім ужываўся ў XVIII ст. адпаведнік грэчаскай форме фема ‘тс’ (Фасмер, 4, 40; Арол, 4, 58; Кохман, 235). Беласт. тема́т (Вруб.) з польск. temat ‘асноўная думка’ з пераносам націску на канец слова.

Та́та ’бацька’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп., Бяльк.), ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), ’бацька (дзіцячае слова)’ (Шымк. Собр.), та́туль ’бацька’ (Сцяшк.), та́тка ’бацька; ласкавы зварот не толькі да мужчын, але і жанчын’ (Ян.), та́то, та ’бацька’ (ТС), та́то ’тата, бацька’ (маст., пруж., кам., Сл. ПЗБ; Федар. 4; Горбач, Зах.-пол. гов.), тату́ля ’бацька’ (Ласт., Мат. Маг.), ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), тату́лё ’хросны бацька’ (Сцяц. Сл., Сцяц.), тату́ля, тату́ня ’ласкавы зварот да бацькі, святара і дзіцяці’ (Нас.), тату́лька ’тата’ (Касп.), ’хросны бацька’ (віл., Сл. ПЗБ), ’пачцівы зварот да святара’ (Нас.), тату́ленька ’бацюшка, святы айцец — зварот да святара; зварот да чужой асобы пры здзіўленні’ (Нас.), тату́лечка ’тс’ (Нас.), та́тусь ’бацька’ (Скарбы, Сцяц. Сл., Сцяшк.), ’тата (ласкальнае)’ (воран., шчуч., Сл. ПЗБ), ’хросны бацька’ (Мат. Маг.), ’тата (зневажальнае)’ (Сцяц.), та́тусь ’бацька’ (Ласт.), ’хросны бацька’ (Сл. Брэс., ТС, Касп.), ’бацюшка, святы айцец — пра святара’ (Нас.), та́туська ’хросны бацька’ (Мат. Маг.), та́тушко ’татка’ (Сцяц., Сцяц. Сл.), тату́лечка, тату́лька, тату́сечка, тату́ся, тату́хна ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), ’татуля (ужываецца ў песнях)’ (Бяльк.), та́ты ’тата’ (Сцяшк.), та́тычка ’памяншальнае да тата’ (Бяльк.), ст.-бел. тато ’тата’ (XVII ст., КГС). Укр. та́то ’тата’, дыял. та́та ’тс’, рус. дыял. та́та ’тс’, польск., н.-луж. tata, tato, в.-луж. tata, чэш. táta, славац. tata, tato, славен. táta, tátek, серб.-харв. та̏та, та́та, та́то, дыял. та̏тe, балг. та́те, тато, дыял. та́та ’мой бацька’, макед. тате ’татка, бацька (пры звароце)’, ст.-слав. тата. Прасл. *tata ’бацька, тата’ з першаснага дзіцячага падваення складоў, як і паралельныя ст.-інд. tatáḥ ’тата’, tātaḥ ’тата, сын, мілы’, хец.-лув. tati‑ ’бацька’, грэч. τέττα, τάτᾶ — клічная форма (пры звароце да бацькі), лац. tata ’тата’, карнуэлск. tat ’тс’, літ. tė̃tis, tė̃tė ’тс’, лат. tētis, tēte ’тс’, прус. thetis ’дзядуля’ (ЕСУМ, 5, 527; Фасмер, 4, 26; Брукнер, 567; Махэк₂, 637; Борысь, 629). Частка слоў адлюстроўвае клічныя ці ўсечаныя формы або ўскладнена памяншальна-ласкальнымі суфіксамі.

Такі́1, займеннік ’менавіта гэты, падобны да гэтага або да таго, пра які гаварылася раней ці гаворыцца далей’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Касп., Федар., 4, Сл. ПЗБ, ТС), такі́й ’такі, гэтакі’ (Бяльк.), ст.-бел. такий ’такі’ (КГС). Сюды ж вытворныя са значэннямі павелічальнасці ці памяншальнасці: таке́нны ’такі (вялікі)’ (Ян., Растарг.), таке́зны ’тс’ (ТС), таке́нькі, таке́нечкі, таке́сенькі ’такі (малы)’ (Сцяшк. Сл., Ян., Растарг.). Укр. таки́, стараж.-рус. таки, такы ’тс’, польск., славін. дыял. taki, в.-луж. tajki, н.-луж. taki, серб.-харв. та̀кӣ, чэш. taky, славац. taký(to) ’такі’. Да прасл. *takъjь, што працягвае прасл. *takъ ’тс’ (гл. так).

Такі́2, ‑такі — прыслоўе і часціца, што выкарыстоўваюцца пры знамянальных словах, падкрэсліваючы іх значэнне: ’аднак’, ’аднак жа’, ’зрэшты’, ’тым не менш’, ’усё ж’, ’усё-такі’ (ТСБМ, Нас., Чач., Ласт.), ’аднак, хоць’ (Некр. і Байк.), тыкі́ ’аднак жа’ (чавус., Яшк. Мясц.), уваходзіць у склад некаторым слоў: даволі‑такі, зноў‑такі, так-такі і пад. (ТСБМ). Укр. таки́, рус. таки́, стараж.-рус. такы ’таксама; усё ж; пастаянна’. Паводле Карскага (2–3, 84, 419), Тв. скл. мн. л. ад так (гл.); гл. таксама Фасмер, 4, 13. Сюды ж такі́та ’дарэчы, дык, сапраўды’ (Некр. і Байк.), ускладненае часціцай то (та), гл.