Трон 1 ‘багата аздобленае крэсла манарха’, ‘улада манарха, сімвал улады’, ‘пасад’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. тронъ (фронъ) ‘апостальскі сан, вышэйшы пасад, прастол’ (1596 г.), якое са ст.-польск. tron (XV ст.) < лац. thronus (Станкевіч, Язык, 833; Булыка, Лекс. запазыч., 34), а апошняе — са ст.-грэч. θρόνος ‘высокае крэсла з зэдлікам пад ногі’, ‘прастол, трон’, пазней ‘кафедра’; ‘падпора, стойка’, роднаснымі да яго з’яўляюцца лац. firmus ‘моцны, трывалы’, ст.-інд. dhāráyati ‘падтрымлівае’, ‘заключае ў сабе’, dhiī́ra‑ ‘цвёрды, моцны’ (Борысь, 642; Фасмер, 4, 105; Чарных 2, 264; ЕСУМ, 5, 648). Параўн. старое макед. троњ ‘ложак’: го пуштиф пот троњ, се качи на троњ (Попаўскі, Гостивар, 103), відавочна, пранікненне з грэчаскай мовы, што захавалася ў фразеалагізме, які адпавядае пусці свінню пад стол, то яна захоча на стол.
Трон 2 ‘рыбін тлушч’ (Арх. Вяр.), ст.-бел. транъ, тронъ ‘ворвань’ (ГСБМ). Запазычана праз польск. tran, tron ‘тс’ з нованям. Tran ‘рэдкі тлушч, атрыманы з марскіх жывёл і рыб’ (Вінцэнц), магчыма, пры пасрэдніцтве мовы ідыш, параўн. tron ‘рыбін тлушч’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 806). Гл. тран.