Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Галёкаць ’крычаць, аукаць’ (БРС, Шат.), ’моцна крычаць’ (Жд. 1). Утварэнне ад выклічніка *галё (параўн. польск. hala!) з тыповым суфіксам ‑k‑ у адпаведным дзеяслове. Аб падобных выклічніках гл. Слаўскі, 1, 394 (hala); Брукнер, 167.

Галёнка ’галёнка’ (БРС, Шат., Касп., Нас.). Рус. го́лень, укр. голі́нка, польск. goleń, чэш. holeň, балг. го́лен, серб.-харв. го̏лијен і г. д. Слова засведчана ўжо ў ст.-слав. мове (голѣнь). Думаюць, што гэта ўтварэнне ад прыметніка *golъ ’голы’ суфіксам *‑ěnь (першапачатковае значэнне ’голая косць’). Брукнер, 149; Міклашыч, 70 і наст. Іншая версія (роднаснасць з грэч. γυῖον ’рука, нага’, γύαλον ’дупло, упадзіна’) пераконвае менш. Гл. Фасмер, 1, 428; Шанскі, 1, Г, 117. Вельмі падрабязна Слаўскі, 1, 311–312.

Галёнкі ’халявы’ (Нас.). Магчыма, вытворнае (пераход у мн. л.) ад слова галёнка (гл.).

Галёны1 ’бліскучыя шнуркі, ніткі і да т. п.’ (Касп.), ’шнур з бліскучымі ніткамі залатога колеру’ (Бяльк.). Запазычанне з польск. galon ’галун’ (< франц. galon; гл. Фасмер, 1, 390: пад галун2).

Галёны2 ’галёнкі’ (Жд. 2; адз. л. галёна). Здаецца, рэліктавая форма ад слав. *golenь ’галёнка’ без суфікса ‑к(а), але з пераводам старых асноў на ‑і ў а‑асновы.

Галёпам ’галопам’ (Шат.). Запазычанне з польск. galopem ’тс’ (ад galop ’галоп’, а гэта з франц.; параўн. галоп).

Галёрка (БРС). Рус. галёрка, укр. гальорка. Першакрыніцай з’яўляецца рус. галёрка, якое ўзнікла тут у другой палавіне XIX ст. Па паходжанню гэта прастамоўнае ўтварэнне ад галерея. Бел. і ўкр. словы запазычаны з рус. у новыя часы.

Галёш (БРС, Шат.), галёшы (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. kalosz ’тс’ (з азванчэннем k > g у бел. мове). Адносна паходжання польск. слова Брукнер (214) мяркуе аб яго запазычанні з франц. galoche (а гэта з раманскімі сувязямі). Аб складанасці праблематыкі, звязанай з паходжаннем гэтага слова наогул, гл. Шанскі, 1, Г, 19–20 (там і агляд версій).

Галі́к ’гаплік’ (Бяльк.). Няясна.

Галіна́ (БРС, Шат.). Параўн. у Насовіча голина ’галіна дрэва, асабліва без лісця’. Утварэнне суфіксам *‑ina ад *golъ ’голы’ (параўн. адносна семантыкі галлё, гл.). Форма *golina са значэннем ’галіна, галінка’, здаецца, толькі беларуская. У рус. гаворках голина́ — гэта ’голае месца, голая зямля’, ’аўчына са збрытай шэрсцю, на якой вышываюць’ (гл. СРНГ), ва ўкр. мове голина́ ’адборны зерневы хлеб, акрамя аўса’ (Грынч.). Таму можна лічыць бел. галіна́ самастойным утварэннем, пашыраным толькі на бел. тэрыторыі.

Га́ліна ’асобная паляна ў лесе, асобная чыстая прастора сярод кустоў’ (Цэнтр. і Усх. Палессе) (Яшкін). Падрабязна аб гэтай групе слоў, зыходным для якіх з’яўляецца *galo, *galь з цэнтрам пашырэння ў Палессі, гл. Талстой, Геогр., 104–110. Зыходным для гэтага геаграфічнага тэрміна трэба лічыць прасл. *golъ ’голы’ (*gal‑, *gol‑ — гэта старое чаргаванне галосных, яшчэ з праславянскай эпохі). Такім чынам, першаснае значэнне слова было ’адкрытая, незарослая, голая мясціна’. Магчыма, сюды адносіцца і га́лка ’месца паміж кустамі, дае расце трава’ (Яшкін), але гэта не зусім надзейна, таму што корань *gal‑ аб’яднаў, здаецца, зусім не роднасныя па паходжанню словы.

Галіта́ ’беднасць’. Гл. галетнік.