Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Брэ́каць ’грэбаваць’ (КЭС). Параўн. рус. бре́зговать, дыял. бре́гать, бре́говать, смал. бре́кать. Усё гэта, магчыма, нейкія варыянты да слав. *brězg‑ ’грэбаваць’ (аб гэтай групе слоў гл. Фасмер, 1, 211). Не выключаецца, аднак, зусім, што тут былі нейкія метатэзы, таму можна думаць пра сувязь з дзеясловам тыпу бел. грэ́баваць, укр. гре́бувати, гре́бати ’тс’ (метатэза грэбацьбрэгаць?).

Брэ́нґаць ’бразгаць’ (Сцяц.). Запазычанне (праз *брэ́нкаць) з польск. brzękać ’тс’ (дзе да слав. гукапераймальнай асновы *bręk‑, гл. Слаўскі, 1, 46). Параўн. ст.-бел. бренк, брянк ’звон’, брянкати (< польск.), гл. Булыка, Запазыч., 48.

Брэ́ндаць ’бадзяцца, валачыцца’ (Шат.). Калі гэта не варыянт да бры́ндаць ’бадзяцца’ (гл.), слова няяснага паходжання, то, магчыма, трэба параўноўваць з укр. дыял. бре́ндати (таксама брендо́лити) ’бадзяцца’, якое Шэрэх (ZfslPh, 23, 146) і Рудніцкі (1, 201) выводзяць з брести́ (з арго-суфіксам ‑н‑ і пад уплывам пле́нтатися ’валачыцца, цягнуцца’).

Брэ́ндзал ’ручнік з доўгімі махрамі, якім выціраюць посуд’ (Жд.), брэ́ндзлі ’ніткі і шмаццё ў падоле адзежыны’ (КЭС, лаг.), брынзялі́ ’лахманы, ніткі’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. frędzel, frenzel і г. д. ’кайма з нітак, шнуркоў і да т. п.’ (а гэта з ням. Franse, Fransei; Варш. сл., 1, 775; некалькі іначай Брукнер, 128).

Брэ́ндзала ’чалавек, які рэдка сутыкаецца дома, валацуга’ (Янк. Мат.). Бясспрэчна, звязана з брэ́ндаць ’бадзяцца, валачыцца’ (гл.) і бры́ндаць ’бадзяцца’. Параўн. і бры́нда ’валацуга’, рус. бры́ндик ’гультай’. Усё ж паходжанне гэтай групы слоў застаецца не вельмі ясным. Версіі параўн. пад брэ́ндаць і бры́ндаць.

Брэ́ндзлі. Гл. брэ́ндзал.

Брэт ’пакаленне’ («у етум брэ́ці…»; Буз.). Магчыма, пераклад слова не зусім дакладны. Параўн. польск. bret, bryt ’тэрыторыя, прастора, зямля, поле, ніва’ (з ням. Breite ’шырыня’, Варш. сл., 1, 216; Брукнер, 43).

Брэ́та ’палотнішча’ (Шпіл.). Укр. бри́та ’тс’. Запазычанне з польск. bryta, breta ’шырыня матэрыі’ (Spódnica we trzy bryty), а гэта з ням. Breite ’шырыня’. Гл. Варш. сл., 1, 216; Брукнер, 43; Шалудзька, Нім., 22. Параўн. брэт.

Брэх ’прыстасаванне з чатырох слупоў са стрэшкай для ўкладкі снапоў’ (Жд.). Запазычанне з польск. bróg ’тс’. Падрабязней гл. пад брог.

Брэ́шкі, брэ́шка ’карункі’ (Сцяшк., Сцяшк. МГ). Магчыма, тое ж самае, што і брыж, брыжы (розныя часткі адзежы), гл. Брэ́шкі — фанетычны варыянт да бры́жкі? Параўн. брыж ’карункавы край’ (Касп.), брыжы́ ’карункі’.