Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Му́віць ’гаварыць’ (брасл., ДАБМ, к. 320). З польск. mówić ’тс’.

Мугава ’кадола — вяроўка (каля 250 м), якая прыводзіць невад у рух’ (лепел., Браім). Польск. muga ’тс’, славен. múga паласа, смуга, лінія’. Роднаснае да смуга (гл.). Параўн. лат. smaugs ’тонкі, стройны’, літ. susmáugti ’зацягнуць, зацягваць, сцягваць’, ст.-ісл. smeygja ’прыціскаць, нацягваць’, ст.-грэч. μυχός ’самае аддаленае месца (заліва)’ (Фрэнкель, 841; Бязлай, 2, 205).

Му́гаць ’жэрці’, ’есці, гучна сёрбаючы’ (полац., Янк. 2, Нар. сл.). Балтызм. Параўн. літ. mugóti ’жэрці; хутка, многа есці, запіхваць’. Параўн. таксама ўсх.-польск. mugać ’ссаць, піць’ (Зданцэвіч, LP, 8, 1960, 345). Лаўчутэ (Балтизмы, 145) адносіць лексему ў разрад слоў, паходжанне якіх аргументавана недастаткова.

*Муглява́ць, муглёваць ’рабіць няспешна, памалу’ (ТС). Балтызм. Параўн. літ. mõglinti ’няўклюдна, павольна цягнуцца, брысці’, mū̃glinti ’ісці, цягнуцца’, mùgulis ’няўклюдны’.

Мугні́ць ’мармытаць’ (ашм., Сцяшк. Сл.). У выніку кантамінацыі лексем гугніць і літ. mū̃kti ’мычаць’.

Муґла́ты ’бязрогі’ (ганц., Сл. ПЗБ) у выніку кантамінацыі ўкр. му́г̌а ’бугай’ (ЕСУМ, 3, 529) і мылаты (гл.).

Мудазвон ’пустазвон’ (Касп.). Да муды́ і звон (гл.). Параўн. таксама лях. мудзі́ць ’гаварыць недарэчнае’ (Сл. ПЗБ).

Муда́к ’павольны, нерашучы’ (Касп.), ’дурань’ (брасл., швянч., дзятл., Сл. ПЗБ). Да прасл. mǫditi, якое ў выніку дэназалізацыі, (што Фасмер (2, 669) лічыць малаімаверным) змянілася ў muditi: рус. му́дить ’марудзіць, спазняцца’, польск. mudzić ’мітрэнжыць, мардаваць, марудзіць, адцягваць, спазняцца’, mudzić się ’нудзіцца, доўжыцца’, чэш. апаўск. zmuditi ’сарваць, перашкодзіць’, zmuditi se ’вагацца’, н.-, в.-луж. komuda ’затрымка’, н.-луж. komuźiś, в.-луж. komudzić ’затрымацца’, komudny ’гультаяваты, павольны’, komudzić ’марудзіць’, славен. mudíti ’тс’, балг. муден ’павольны, вялы, непаваротлівы’, макед. мадро, мадру ’спакойна, смірна’, ст.-слав. моудити ’адкладваць’, прѣмоудити ’спазніцца’. Махэк₂ (382) звязвае прасл. muditi са ст.-інд. manda‑ ’гультаяваты, нерашучы, марудны’. Скок (2, 475) лічыць, што ‑u‑ аснова ўзыходзіць да і.-е. ‑ou‑, і параўноўвае з літ. maudà ’клопат’, maudúoti ’ныць, сумаваць, смуткаваць’, ст.-інд. mauda‑ ’павольны, гультай’. Блесэ (SB, 5, 15–16) генетычна суадносіць рус. мудить ’марудзіць, спазняцца’ з лат. mūdities ’цягнуцца, сунуцца’, што Лаўчутэ (Балтизмы, 146) лічыць недастаткова аргументаваным.

Муда́н ’баран’ (Тарн., к. 162). Польск. мазурск. mędak ’тс’. Да муды́ (гл.). Аб суфіксе ‑ан гл. Сцяцко, Афікс. наз., 147.

Мударэ́з ’разак, Stratiotes L.’ (іўеў., Сл. ПЗБ), утворана па тыпу рус. водоре́з, ногоре́з, ядроре́з, телоре́з. Да муды́ і рэзаць (гл.). З лексемай mǫdo звязаны назвы раслін у чэш. (moudník ’Chamaeorchis’ паводле двух клубняў, ганацк. modʼatka ’чырвоны бэз’), серб.-харв. (лисичја, мачја, пасја, попова муда), славен. (popova moda ’Evonymus’, moda ’Paeonia peregrina’, ’Colchium autumnale’) і рус. (смал. муди ’?’, валаг. му́дки коша́чьи ’Geum rivale L.’, смал. мудорез ’вадзяная крапіва’, му́дочка ’канюшына раллявая, Trifalium arvense L.’, цвяр. муде́ заячьи ’тс’) мовах.