Муда́к ’павольны, нерашучы’ (Касп.), ’дурань’ (брасл., швянч., дзятл., Сл. ПЗБ). Да прасл. mǫditi, якое ў выніку дэназалізацыі, (што Фасмер (2, 669) лічыць малаімаверным) змянілася ў muditi: рус. му́дить ’марудзіць, спазняцца’, польск. mudzić ’мітрэнжыць, мардаваць, марудзіць, адцягваць, спазняцца’, mudzić się ’нудзіцца, доўжыцца’, чэш. апаўск. zmuditi ’сарваць, перашкодзіць’, zmuditi se ’вагацца’, н.-, в.-луж. komuda ’затрымка’, н.-луж. komuźiś, в.-луж. komudzić ’затрымацца’, komudny ’гультаяваты, павольны’, komudzić ’марудзіць’, славен. mudíti ’тс’, балг. муден ’павольны, вялы, непаваротлівы’, макед. мадро, мадру ’спакойна, смірна’, ст.-слав. моудити ’адкладваць’, прѣмоудити ’спазніцца’. Махэк₂ (382) звязвае прасл. muditi са ст.-інд. manda‑ ’гультаяваты, нерашучы, марудны’. Скок (2, 475) лічыць, што ‑u‑ аснова ўзыходзіць да і.-е. ‑ou‑, і параўноўвае з літ. maudà ’клопат’, maudúoti ’ныць, сумаваць, смуткаваць’, ст.-інд. mauda‑ ’павольны, гультай’. Блесэ (SB, 5, 15–16) генетычна суадносіць рус. мудить ’марудзіць, спазняцца’ з лат. mūdities ’цягнуцца, сунуцца’, што Лаўчутэ (Балтизмы, 146) лічыць недастаткова аргументаваным.