Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Му́драсць ’уласцівасць мудрага’, ’мудрыя думкі, выказванні’, ’жыццёвы вопыт’, ’нешта складанае’ (ТСБМ). Прасл. mǫdrostь (Краўчук, Этимология–1984, 103). Да му́дры 1 (гл.).

Мудраўны́ ’фарсісты’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). Да мудрэць ’незвычайна сябе паводзіць’ (там жа) < му́дры 1 (гл.).

Мудроны ’мудрагелісты’ (ТСБМ). З рус. мудрёный ’тс’ < ст.-рус. мудреный, мудренъ. Да му́дры 1 (гл.).

Мудру́шкі ’від ягад’ (Рам. 8). Да му́дры 1 (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 125. Параўн. таксама мудра́нка (гл.).

Мудры 1 ’вельмі разумны, празорлівы’, ’заснаваны на глыбокім разуменні, вопыце, веданні’, ’складаны, мудрагелісты, хітры’ (ТСБМ, ТС, Яруш.; гродз., КЭС), му́дзер ’хітры’, ’здагадлівы’ (Нас.), ст.-бел. му́дрый. Укр. му́дрий, рус. му́дрый, мудр, ст.-рус. мудръ; польск. mądry, н.-, в.-луж. mudry, чэш. moudrý, славац. múdry, славен. móder, серб.-харв. му́дар, макед. мадар, мудар, балг. мъ́дър, ст.-слав. мѫдръ. Прасл. mǫdrъ, роднаснае да літ. mandrùs, mañdras (mundrùs, muñdras) ’свежы, бадзёры, горды, фанабэрысты, лат. muôdrs ’бадзёры, жывы’, muôst ’разумець, сцерагчыся’, ст.-в.-ням. muntar ’лоўкі, бадзёры, дбайны, руплівы’, гоц. mundrei ’мэта’, ст.-ісл. munda ’меціць’, алб. mund ’перамагаю, магу’, ст.-інд. mēdhā́ ’мудрасць’, авест. mązdra‑ ’мудры’. Да і.-е. *men‑ (Шпехт, KZ, 63, 92; Бенвеніст, Индоевр., 220; Фрэнкель, ZfslPh, 20, 73; Фасмер, 2, 670; Бязлай, 2, 191). Складана ў Махэка₂ (376): ǫ ён тлумачыць з ‑un‑. Аткупшчыкоў (Из истории, 152) адзначае поўнае фанетычнае, словаўтваральнае і семантычнае супадзенне для балт. і слав. слоў з суфіксам *‑d‑. Лурыя (SsiCL, 1960, 11, 553–560) збліжае словы mǫdrъ і mǫdo. Аб семантычным размеркаванні лексем modrъ, і xytrь гл. Мартынаў (Слав. взаим., 44). Аб аднос. mǫdrъ, jędrъ і mǫd‑ гл. Іванаў-Тапароў, Иссл. слав. др., 190.

*Мудры 2, му́дрый ’ганарлівы’ (бяроз., Шатал.). Магчыма, балтызм. Параўн. літ. mandrùs ’горды’.

Му́дрыкі ’мудрагельства’ (ТСБМ, Юрч.), ’штукарства’ (глус., Янк. Мат.). Да му́дры 1 (гл.) па ўзору хітрыкі.

Мудры́ла ’мудрагель’ (Бяльк.). Утворана ад мудры́ць ’залішне ўскладняць справу, мудрагеліць’ (ТСБМ, Ян.). Аб суфіксе ‑іла гл. Сцяцко, Афікс. наз., 42.

Мудрэц ’мудры, разумны чалавек’ (ТСБМ), ’кемлівы, вынаходлівы, штукар’ (міёр., З нар. сл.; ТС), ’хітрун’ (Бяльк.). Да прасл. mǫdrьcь. Гл. му́дры 1.

Муду́к ’капшук’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Да муды́ (гл.). Суфікс ‑ук, як у капшу́к.

Муду́р ’фанабэрысты, пыхлівы’, ’упарты, выдумляльнік’ (Нас., Гарэц.), мудуроўны ’фанабэрысты’ (Нас.). Балтызм. Параўн. літ. mudrùs ’слаўны, хвацкі, зухаваты’, ’бадзёры, бойкі’, mùdrinti ’упрыгожваць, выстройваць, прыбіраць’.