Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Моцыя ’супрага, праца ў суполку, гульня ў сполку’ (Бяльк.), рус. ёнаўск. (ЛітССР) моция ’ўдзел некалькіх асоб у адной справе, аперацыі’, в моцию ’разам’. Праз польск. mocja з лац. mōtio ’рух, душэўны рух, парыў, эмоцыя’.

Моч, моча ’мокрае, дажджлівае надвор’е, вільгаць, макрата, сырасць’ (Бяльк., Янк. БП, ТС; зэльв., Жыв. сл.; беш., Нар. сл.; ганц., Сл. ПЗБ), ’мача’ (шальч., Смарг., Сл. ПЗБ; ТС). Да мача́, мокры (гл.).

Моча ’сіла, моц’ (паўд.-усх., КЭС), рус. тул., калуж. моча ’тс’, якая са ст.-рус. мочь, ст.-слав. мощь < прасл. moktь < mogtь < mogti, mogǫ ’магчы’ (параўн. укр. міч, польск., чэш., славац. moc, в.-луж. móc, славен. mǫ̑c, серб.-харв. моћ, макед. моќ, балг. мощ), роднаснае да гоц. mahts, ст.-в.-ням., с.-в.-ням. maht ’сіла, моц’ (Бернекер, 2, 70; Траўтман, 164; Фасмер, 2, 667).

Мочала, мочула ’мачулішча’ (навагр., іўеў., Сл. ПЗБ). Да мачу́ла 1 (гл.). Параўн. таксама мочыла ’месца, дзе мачылі каноплі, пяньку’ (іўеў., Сцяшк. Сл.).

Мочалка ’падліўка’ (нараўл., Мат. Гом.), ’смажанае сала’ (ТС). Да мача́нка (гл.). Націск на мо‑ і ‑л‑ пад уплывам мочала (гл.). Сюды ж мо́чэло ’смажанае сала ці што іншае для мачання’ (ТС).

Мочка 1 ’ніжняя мясістая частка вуха’ (ТСБМ). Укр. мочка, рус. мочка ’тс’, ст.-рус. мочка ’тс’ (XVII ст.), якія з мъчъка < мкнути < (про)‑мкнути ’працягнуць’ у выніку чаргавання ъ : ы, параўн. прымыка́ць (Міклашчыч, 206; Праабражэнскі, 1, 563; Фасмер, 2, 666; Булахоўскі, ВП, 3, 418).

Мочка 2 ’раменная ці вяроўчаная пятля, якой прывязваецца пуга да пугаўя або біч да цапільна’ (Бяльк.), ’пятля ў кашулі’ (Растарг.). Рус. мочка ’пятля на адзенні’ (кур.), ’пятля на ботах’ (варон., разан., маск., калін.). Да мочка 1 < (з)мыка́цца ’змыкацца, стульвацца’ > прасл. mъknǫti ’цягнуць’.

Мочыва ’мочка льну’ (Касп.), рус. пск., цвяр. мочиво ’лён, каноплі, палатно, якія вымочваюцца ў вадзе’. Віц.-пск. ізалекса. Да мачы́ць.

Мошаст ’крэп, аксаміт’ (ТСБМ), мошаст, мошыст ’плюш’ (Сл. ПЗБ), ’вельвет’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), ’махнатая тканіна’ (КЭС, лаг.). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 3, 79), паходзіць з літ. mãšastas ’аксаміт’. Аднак гл. машэстэр ’тс’.

Мошка, мошка́ ’маленькае куслівае двухкрылае насякомае’ (ТСБМ, Бес., Яруш., Бяльк., ТС). Укр., рус. мошка, мошкара́, польск. mszyca ’тс’, н.-луж. pšyca, в.-луж. šmic ’камар’, ’мошка’, чэш. mšice ’тля’. Прасл. mъši, mъxa (звязаныя чаргаваннем галосных з muxa > муха), да якога роднаснымі з’яўляюцца: літ. musià, musė́, musìs, ст.-прус. muso, лат. muša, mũša ’муха’, ст.-грэч. μυῑα, лац. musca, ст.-сакс. muggia, ст.-в.-ням. muska ’камар, мошка’, алб. mizë ’камар’ (Траўтман, 191; Буга, РФВ, 72, 193; Фасмер, 2, 667; Махэк₂, 382).

Мошчы ’высахлыя астанкі людзей, якія лічацца царквою святымі’ (перан.) ’вельмі худы, знясілены чалавек’ (ТСБМ). З рус., ст.-рус. мощи, моща, якія са ст.-слав. мощи ’тс’. Да моча (гл.).