Ма́ча ’маленькія рыбкі’ (бых., Мат. АС). Скарочаны варыянт з мале́ча (гл.).
Мача́ ’вадкасць, якая выдзяляецца ныркамі’ (ТСБМ), ’слата, макрэча’ (Нас.). Укр. міч, рус. моча, ст.-рус. моча ’дажджлівае надвор’е’, ц.-слав. моча ’балота’, мочь ’мача’, польск. mocz, в.-луж. moč, чэш., славац. moč, славен. móća ’вільгаць; мача; нягода’, серб.-харв. мо́ча ’макрэча’, ’мокрадзь’, ’вільготнае надвор’е, золь’, ’намочаны кавалак хлеба’, макед., балг. моч ’мача’. Прасл. mokja > moča. Да мокры (гл.). Сюды ж мачавы́ (ТСБМ), мачаві́к ’мачавы пузыр’ (навагр., Сл. ПЗБ), мачаві́на ’прадукт бялковага абмену’ (ТСБМ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)