Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Мотачкі ’анучкі, якімі закручвалі ногі нябожчыка’ (ганц., Сл. ПЗБ). Да мата́ць (гл.). Аб суфіксе ‑ачк‑ гл. Сцяцко, Афікс. наз., 32.

Моташлівы ’моташны’, моташны ’ад якога становіцца блага’, ’агідны, прыкры’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ; мазыр., Шн. 2; полац., Нар. лекс.), моташна ’трохі страшнавата’ (КЭС, лаг.), ’млосна’ (віл., Сл. ПЗБ). Да рус. тошно (< тоска ’туга, смутак’), да якога дадаецца экспрэсіўны прэфікс мо‑ (гл. Мяркулава, Этимология–1974, 74).

Мотлах, мо́тлух, мо́тлох, мотлахі ’вытраскі, атрэп’е, анучы, акраўкі’, ’пыл, прах’, ’дробная бульба’ (Нас., Грыг., Гарэц., Растарг., ТС; кобр., Нар. лекс.), у мотлах ’на кавалкі’ (усх.-маг., КЭС), ст.-бел. мо́тлохъ ’натоўп, зброд’ (XVI ст.) — апошняе Булыка лічыць запазычаным са ст.-польск. (Лекс. запазыч., 37). Укр. мо́тлох, рус. бран., кур. мотлах, польск. motłoch, motłota. Брукнер (345) звязвае польск. лексему з mietlica ’пустазелле’, у чым Махэк₂ (561) сумняваецца пры разглядзе чэш. smotlacha ’пустазелле’, зах.-славац. šmatluha, валаш. smotlaka ’нячыстае зерне’. Мяркулава (Этимология–1974, 71–74) узводзіць іх да прасл. telkti ’таўчы’ і прызнае наяўнасць экспрэсіўнага прэфікса mo‑ (з варыянтамі ma‑, me‑, mu‑). ЕСУМ (3, 522) звязвае з motati, metati.

Моў ’маўляў, нібыта’ (Гарэц., Некр., Нас., ТС). Алегравая форма з маўляў ’(калісьці, даўно) казаў’ накшталт рус. мол ’тс’ (Фасмер, 2, 641).

*Моўзаць, лельч., ельск. моўзать ’кусаць без зубоў, дзяснамі’, укр. моўзатʼ (Бел.-укр. ізал.). Да прасл. melzti ’ссаць’, ’даіць’ (рус. ц.-слав. мълсти, рус. цвяр., уладз., ярасл. молсать ’смактаць, абгрызаць’.

Моўкам, маўком ’ціха, патаемна, маўчком’ (Нас.) — форма твор. скл. ад ⁺моўк, параўн. рус. кур., тамб. молком, славен. mȏlk ’маўчанне’, ст.-слав. млъкъ. Да маўча́ць (гл.). Сюды ж моўчкам, моўчыкам ’тс’ (Касп., Шат.; іўеў., Сл. ПЗБ).

*Моўкна, ст.-бел. мовкна ’лыка’ запазычана з літ. máukna ’лыка’, ’тоўстая кара з дрэў’ (Яблонскіс, 128; Булыка, Лекс. запазыч., 209).

Моўкнуць ’заціхаць, замаўкаць’ (ТСБМ, Яруш.), укр. мовкнути, рус. (у)молкнуть ’тс’, ст.-рус.-ц.-слав. умълкнути ’здранцвець’, каш. rąka umåłkla ’рука здранцвела’, валаш. mĺknuť ’тс’, польск. milknąć, в.-луж. mjelknuć, чэш. mlknouti, славен. zamólkniti, балг. млъкна. Прасл. mьlknǫti. Да маўча́ць (гл.).

Моўна ’выразна, моцна’ (Нас.), моўнасць ’вымова, дар слова, выразнасць’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц.), моўны ’размоўны, гаваркі, які валодае прыгожай мовай’, ’ветлівы’ (Нас., ТС; гродз., Сцяшк. Сл.). Паланізмы. Параўн. польск. mownie, mowność < mowny, mówny ’які можа гаварыць, якому лёгка гаварыць аб чым-небудзь, гаваркі, балбатлівы’.

Моўрыць ’знаходзіцца ў стане панурасці, абыякавасці (напр., аб карове, калі яна не есць)’ (ТС). Балтызм. Параўн. літ. mauróti ’раўці’, ’румзаць’, ’плакаць’, maũrinti ’валачыся, плесціся па гразі’, maurióti ’блукаць, бадзяцца’, maũryti ’плесціся па гразі’.