Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ашчэ́пак ’асколак’ (КТС), рус. ощепок ’рэшткі палена для лучыны’, харв. oštepak ’стружка’, славен. ščépək ’асколак’. Да прасл. ščepъ, параўн. шчапаць ’калоць, расшчапляць’.

Ашчэ́рыць ’выскаліць зубы’ (Касп., Бяльк.), ашчэрыцца (Яруш., Гарэц.), ашчыра́цца ’шчэрыць зубы; злавацца (пра чалавека)’ (Нас.), рус. дыял. ощерить(ся) ’моцна зазлаваць’, польск. oszczerzyć się ’вышчарыцца’, ст.-польск. oszczerzać się насміхацца’; сюды ж, нягледзячы на цяжкасці пры тлумачэнні пачатку слова, Фасмер (4, 504) услед за Міклашычам, 299, адносіць балг. оце́ря (зъби), оца́рвам. Да прасл. ščeriti, параўн. без змякчэння оске́рвацца ’нашатырвацца (пра сабаку)’ (Куч.), гл. шчэрыць ’выстаўляць, вышчараць’.

Ашыба́ць1 ’уводзіць у зман, прымушаць памыліцца’ (Нас.), ашыб ’удар ненарокам’ (Нас.), ашыбнуцца ’памыліцца’ (Юрч.), рус. ошибаться памыляцца’, славац. ošibať (někoho) ’увесці ў зман, падмануць (каго-небудзь)’. Ад шыбаць (прасл. šibati) ’кідаць, піхаць’, першапачаткова ’не пацэліць, збіць з мэты’, гл. Брукнер, KZ, 43, 326; Праабражэнскі, 1, 674; Махэк₂, 607; Фасмер, 3, 179 (выказвае сумненні адносна магчымай сувязі з польск. chyba ’памылка’, чэш. chyba, параўн. польск. дыял. ochyba).

*Ашыба́ць2, ошыба́ць, ошыбну́ць ’ахапіць, акрапіць?’ параўн. «А ўпадзі мацёнцы на белыя ножкі // Ошыбнуць цебе дробныя слёзкі» (з вясельнай песні, запісанай Федароўскім на ўсход ад Пружан), укр. ошибати: «страх ошибае» ’робіцца страшна’, славац. ošinulo ho ’яго хапіў удар, разбіў параліч’ (з ošibnulo, гл. Махэк₂, 607). Да шыбаць (прасл. šibati) ’біць, піхаць’.

Ашы́йна ’не вельмі, неабавязкова’ (Шат.). Няясна; параўн. блізкае па семантыцы чэш. ošivati se ’адмахвацца’, ц.-слав. ошити сѧ ’abstinere, адказвацца’ (якія Махэк₂, 607, узводзіць да праслав. šibati) і серб.-харв. ошѝјати ’перавярнуць, завярнуць’.

Ая́ выклічнік, у іран. значэнні ’баюся я цябе’ (Крывіцкі, вусн. паведамл.), параўн. укр. ая ’так’, адносна якога Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 120, 124: з а як жа.

Ба1 выклічнік, які выказвае здзіўленне (Бяльк.). Рус. ба, укр. ба, балг. ба, серб.-харв. ба ’тс’. Першасны выклічнік, вядомы і ў іншых мовах (параўн. ням. ba, франц. bah, тур. ba). Гл. Бернекер, 36; Праабражэнскі, 1, 10; Фасмер, 1, 99; БЕР, 1, 22. Параўн. ба2. Памылкова Макарушка, Словар, 4 (запазычанне з тур. мовы).

Ба2 злучнік, гл. КЭС. Магчыма, захаваўся ў бел. са значэннем ’каб, калі б’ (Нас.: «Ба, калі б гэта спраўдзілася»). Укр. ба, польск. ba, чэш. ba, славац. ba ’нават’. Слав. ba, роднаснае літ. , лат. ba, ст.-грэч. φή, ст.-іран. , гоц. ba. Іншая аблаутная форма гэтага злучніка — слав. bo ’таму што’ (гл.). Бернекер, 36; Траўтман, 22 і наст.; Фасмер, 1, 99; Махэк₂, 39; Слаўскі, 1, 24; параўн. таксама Развадоўскі, RO, 1, 102. Да праформы (*bо : *bā) і ўжывання злучніка гл. Шавялоў, Prehistory, 117. Брукнер (9) дапускае магчымасць ідэнтычнасці паходжання ba1 і ba2.

Ба́ба1 ’старая жанчына; бабка, бабуля; павітуха; жанчына наогул’. Рус., укр. ба́ба, польск. baba, чэш. baba, bába, балг. бáба, серб.-харв. ба̏ба і г. д. Прасл. baba. Параўн. літ. bóba ’старая’, лат. bãba, с.-в.-ням. bābe, bōbe ’старая’, buobe ’хлопчык’, італ. babbo ’бацька’ і г. д. Мабыць, усе гэтыя словы па паходжанню з дзіцячай мовы. Гл. Праабражэнскі, 1, 10; Бернекер, 36; Траўтман, 23; Фасмер, 1, 99; Фрэнкель, 52; Махэк₂, 39–40; БЕР, 1, 22–23. Параўн. таксама Мейе, Études, II, 247. Некалькі інакш Бадуэн дэ Куртэнэ, Szkice, I, 435 і наст. Да фаналогіі падобных тэрмінаў дзіцячай мовы гл. Якабсон, Writings, I, 538–544. Неверагодна Траймер, які лічыць baba словам каўказскага паходжання (аб гэтым гл. Фасмер, ZfslPh, 26, 60). Відаць, прасл. baba ’бабуля’ замяніла больш старое (з і.-е. сувязямі) прасл. ova ’тс’ (параўн. в.-луж. wowka). Гл. Шустэр–Шэўц, Сл. фил. Отгов., I, 67; ZfSl, 6, 574. Амаль усе лічаць, што ад baba, babъka метафарай утвораныя назвы розных прадметаў (гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165; падрабязней гл. ніжэй пры паасобных словах). Але гэта не бясспрэчна (так Попавіч, ЈФ, 19, 159–171, рэканструюе самастойную аснову bab‑|bob‑|bǫb‑).

Ба́ба2 ’прылада, цурбан для забівання свай у зямлю’ (Нас., Касп., Бяльк., Гарэц., Інстр. I). Відавочна, старая метафара баба1 (гл.): назвы для цяжкіх і тоўстых прадметаў часта ўтвараюцца ад гэтага слова. Падрабязна гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Параўн. і рус. ба́ба, укр. ба́ба, польск. baba ’калода, цурбан для забівання свай’. Гл. яшчэ Брукнер, 9; Шанскі, 1, Б, 4.

Ба́ба3 ’саха, развіліна калодзежнага жураўля’ (Тарн., ДАБМ, 808, Сцяшк. МГ, Сцяшк., Сцяц.). Відавочна, старая метафара да баба1 (гл.). Аб матывацыі называння гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Рус. ба́ба ’тс’.

Ба́ба4 ’назва ежы’ (Бесар.), ’бабка, яда, прыгатаваная з дранай бульбы’ (Бяльк.). Рус. ба́ба ’від куліча’, укр. ба́ба ’від печыва’, польск. baba, чэш. bába. Слова не вельмі яснага паходжання. Відаць, ва ўсх.-слав. мовах гэта паланізм (гл. Шанскі, 1, Б, 4). У зах.-слав. мовах яго паходжанне таксама няяснае. Некаторыя лічаць, што гэта метафара да баба1 (Брукнер, 9), параўн. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Па версіі Махэка₂, 40, слав. слова запазычана з ням. Babe, Bäbe (з гэтым пагаджаецца Шанскі, 1, Б, 4), але Крэчмер, Wortgeögr., 353, Пауль, Wörterb., 65 і іншыя (гл. Махэк₂, 40) выводзяць ням. слова з слав. моў. З іншага боку, Попавіч (ЈФ, 19, 159–171, гл. асабліва стар. 168) хоча бачыць тут аснову bab‑ (гл. баб-), не звязаную з baba ’жанчына’.

Ба́ба5 ’нарыхтаваная гліна, шчыльна збітая ў горку прамавугольнай формы’ (Вярэн.). Параўн. і ўкр. ба́ба ’вялікі шарападобны камяк ганчарнай гліны’. Мусіць, метафара да ба́ба1 (гл.). Аб матывацыі гл. Шулан, SSlav., 153–165.

Ба́ба6 ’гатунак грушы; бэра’ (Сцяц.). Параўн. укр. ба́ба, польск. baby ’гатунак грушы’. Як і многія падобныя назвы, ад баба1 (гл.) па знешняму падабенству грушы да тоўстай жанчыны. Але параўн. і магчымасць паходжання ад прасл. асновы bab‑ (гл. пад ба́ба1).

Ба́ба7 ’расліна адуванчык Taraxacum officinale’ (палес., КЭС). Параўн. таксама яе іншыя назвы ва ўкр. мове: бабакуль, кульбаба, бабка, бабки (Макавецкі, Sł. botan., 366), серб.-харв. баба марта (Сіманавіч, 461). Аб матывацыі назвы можна толькі здагадвацца. Хутчэй за ўсё меліся на ўвазе лячэбныя ўласцівасці расліны (у сувязі з «бабамі-знахаркамі»; падрабязней гл. ба́бка ’трыпутнік’). Не выключаецца, што назва адлюстроўвае шарападобны выгляд расліны пасля цвіцення. Ва ўсякім выпадку сувязь з ба́ба ’жанчына, баба’ бясспрэчная. Параўн. і ням. назвы для Taraxacum off.: Alte Weiberteu, Großmutter Nachtfunzla (Марцэль, Pflanzennam., 5 (2), 178, 5 (4), 611). Гл. Краўчук, БЛ, 1974, 6; 65.

Ба́ба8 ’дрыгва, багністае месца на балоце’ (палес., КЭС). Цёмнае слова. Можна толькі выказаць некалькі думак. Магчыма, ад ба́ба ’старая жанчына’. Параўн. укр. дыял. ба́бка (або ста́рка) ’плеўка на малацэ’. Гэта значыць, баба першапачаткова азначала такое месца на балоце, якое было прыкрыта «плеўкай» (травой і г. д.), але было вельмі небяспечнае. Другая магчымасць: можа ёсць сувязь з укр. дыял. ба́бло ’балота, дрыгва’ (форма ба́бло магла ўспрымацца як павелічальная, і з яе ўзнікла баба), гл. Краўчук, БЛ, 1974 (6), 66. Іначай Талстой, Геогр., 186, які зыходзіць са значэння ’бугарок’ і параўноўвае баба ’дрыгва’ з укр. ба́ба ’гурба снегу’.

Ба́ба9 ’птушка-баба, няясыць’ (Нас., Бяльк.). Параўн. рус., укр. ба́ба ’пелікан’ (у іншых славян таксама сустракаецца ў назвах птушак, напр., польск. baba ’сойка’). Ад ба́ба1 ’жанчына, бабуля’ (па знешняму выгляду птушкі, якая вельмі падобная на старую бабку, гл. Флінт, Птицы, табл. 12).

Ба́ба10 (каменная баба; археалагічны помнік). Рус. ба́ба, укр. ба́ба, польск. baba і г. д. ’тс’. Мабыць, да ба́ба1 (па знешняму падабенству). Брукнер, 9; Фасмер, 1, 99–100. Параўн. таксама Шанскі, 1, Б, 4–5. Іншыя думаюць (гл. Фрыдрых, Зб. Буазаку, I, 383), што гэта запазычанне з цюркскіх моў (цюрк. baba ’статуя’ < baba ’бацька’).

Баба́ ’нятоўстая і невялікая калода, на якую кладуць бервяно на санях; прылада для забівання паляў’ (Шат.), ’саха ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, 808). Наўрад ці ёсць сувязь з укр. дыял. (бесараб.) баба́ ’слуп’ (< рум. babá ’бітэнг; слуп, паля’ < тур.). Хутчэй за ўсё націск на апошнім складзе развіўся пад уплывам марфалагічных фактараў (магчыма, на аснове формы мн. ліку тыпу бабы́) і, магчыма, для семантычнай дыферэнцыяцыі. Параўн. у тым жа раёне ба́ба, ба́бы ’тс’ (ДАБМ, 808).

Бабаду́р ’куралеснік, які спакушае жанчын сваімі размовамі’ (Нас.). Укр. бабоду́р ’залётнік, лавелас’. Складанае слова: першая частка да баба ’жанчына’, другая дуры́ць або дурэ́ць. Цікава, што семантычна ідэнтычнае ўтварэнне ёсць і ў ням. мове: Weibernarr ’лавелас’ (< Weib ’жанчына’, Narr ’дурань’).

Бабайкі́ ’вёслы’ (калінк., Цыхун, вусн. паведамл.). Рус. дыял. баба́йка, укр. баба́йка. Этымалогія слова няясная; параўноўваюць з рус. баба́шка ’паплавок на вудачцы’ (ад баба дошка’); так Праабражэнскі, 1, 10; Фасмер, 1, 100; Рудніцкі, 46. Здаецца, аднак, што гэта днястроўска-дунайска-чарнаморскі тэрмін, які ўзнік у румынска-ўкраінскім асяроддзі, а адтуль (у якасці рачнога тэрміна) быў запазычаны ў рус. і бел. мовы (меркаванні аб гэтым — Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 124).

Ба́бак ’ахапак ільну, вынесенага з сушні за адзін раз для апрацоўкі’ (Мат. АС, Шкл.), ба́бык, аба́бак ’малая ўкладка снапоў на полі’ (ДАБМ, 877). Мабыць, таго ж паходжання, што і аба́бак (гл.) ’мэндлік’. Але гэта не зусім яснае ўтварэнне. Хутчэй за ўсё назва аба́бак ’мэндлік’ была перанесена на ’ахапак ільну’ (а аба́бак ’мэндлік’, мабыць, аддзеяслоўнае ўтварэнне: абабіцца ’стаць падобным да бабы’, параўн. ба́ба ў значэнні ’круглыя, вялікія прадметы’; да марфалогіі параўн. Мяркулава, Очерки, 176–177).

Бабак, бабака ’дурань, безгаловы’ (Інстр. лекс.). Напэўна, метафарычнае ўжыванне слова бабак ’байбак, бабак’. Параўн. рус. байба́к ’байбак, непаваротлівы, лянівы і дурны чалавек’.