Баба́хаць, баба́х! Утварэнні, вядомыя ў многіх слав. мовах. Параўн. рус. баба́х, баба́хать, укр. баба́х, баба́хати, польск. babach. Гукапераймальнае ўтварэнне з рэдуплікацыяй (параўн. бах!, бахаць). Гл. Шанскі, 1, Б, 5.
Бабачка ’матыль’ (Інстр. II). Рус. ба́бочка, укр. (бойк.) ба́бочка ’тс’. Памяншальная форма ад ба́бка (гл.), якая абазначала і розных насякомых. У аснове называння ляжыць уяўленне, што душа памершага (продка, бабулі) працягвае сваё існаванне ў выглядзе матыля. Як семантычную паралель параўн. рус. дыял. ду́шачка ’матыль’ (ад душа́), новагрэч. ψυχάρι ’матыль’ (< ψυχή ’душа’), лац. animula, animulus ’начны матыль’ (< anima ’душа’). Патабня, К истории, 4, 78; РФВ, 7, 69; Праабражэнскі, 1, 10; Фасмер, 1, 100. Але Махэк (Studie, 118 і наст.) лічыць, што справа ідзе аб уяўленні пра «бабу-чарадзейку» (з гэтым згаджаецца Важны, O jménech, 86, гл. таксама Лапацін, Этимология, 1963, 288, дзе прыводзяцца новыя семантычныя аргументы). Не пераконвае Ёль, Elern., 99 (слав. baba ’матыль’ — гэта народнаэтымалагічнае пераўтварэнне першапачатковай элементарнай «вобразнай» асновы тыпу pepe‑, якая маецца ў розных мовах; крытыку гл. Важны, O jménech, 86).
Ба́ба-рыба ’падкаменшчык’ (Інстр. II). Так і ў іншых мовах: рус. ба́ба ’Cottus gabio’, укр. ба́ба, бабе́ць, польск. baba і г. д. Шмат якія галавастыя рыбы маюць назву ад асновы баб-: або звязаную з ба́ба 1 (гл.), або ж іншага паходжання (Безлай, Posk. zv., 8, лічыць, што bab‑ у назвах рыб вельмі старажытная аснова, якая выпадкова супала з baba ’жанчына’).
Бабек польны ’расліна Oenothera biennis L., асліннік двухгадовы’ (Кіс.). Паходжанне назвы няяснае. Магчыма, запазычанне. Але не выключаецца сувязь з баб- ’круглы прадмет’ (гл.): кветкі цэлы дзень закрытыя і нагадваюць бутоны (параўн. Махэк, Jména rostl., 150).
Ба́бець ’маршчыніцца, карабаціцца (пра грушы, бульбу)’ (Сцяц.), ба́біцца ’старыцца, маршчыніцца (пра твар)’ (Гарэц.). Вытворнае ад ба́ба 1 (гл.). Параўн. таксама бабчыцца (< бабка). Параўн. укр. бабі́ти ’зморшчвацца’, чэш. babčeti ’зморшчвацца (пра яблыкі)’. Попавіч (ЈФ, 19, 168) бачыць тут утварэнне ад прасл. bab‑ (bob‑|bob‑; гл. пад баб-).
Бабёла ’пуп, частка жывата ў абсягу пупа’ (Некр.). Паколькі ненаціскное а можа адлюстроўваць розныя гукі, то можна думаць пра сувязь з праслав. bab‑, bob‑, bǫb‑ — асновы для абазначэння розных прадметаў, у прыватнасці круглых (аб гэтай аснове гл. Попавіч, ЈФ, 19, 169–171). Аднак найбольш верагодным здаецца паходжанне ад bǫb‑ (параўн. Бернекер, 78–79), што азначае ’штосьці круглае, надутае’. Тады бел. слова да праформы bǫb‑elъ, bǫb‑elь (параўн. bǫbъlʼь, Бернекер, 78; польск. формы bąbel, bąbol, Слаўскі, 1, 29). Аснова bǫb‑ вельмі разгалінаваная (гл. Бернекер, 78–79; Фрэнкель, 33) і вядома амаль ва ўсіх і.-е. мовах. Да семантыкі параўн. пуп (слав. pǫpъ, глухі варыянт да bǫb‑, таксама ў розных значэннях). Параўн. літ. bámba ’пуп’, bam̃balas таўстун’, нарв. bembel ’пуп’ (Фрэнкель, там жа). Суфіксальная відазмена bǫbelъ > бел. бабёла як у жывёла (параўн. ст.-польск. żywioł, ст.-чэш. živel, zivěl ’animal’).
Бабёр ’бабёр, бабровае футра’, бабра́к ’бабёр’ (Шат.). Рус. бобр, бобёр, укр. бобе́р, бібр, польск. bóbr, чэш. bóbr, балг. бо́бър, бъ́бър, бе́бер, ст.-серб. bobr і г. д. Прасл. bobrъ, bebrъ, bьbrъ ’бабёр’. Роднаснае літ. bebrùs, bẽbras, bãbras, лат. bębrs, ст.-прус. bebrus, ст.-в.-ням. bibar, лац. fiber, ст.-іран. bawra‑ ’тс’ і г. д. І.‑е. *bhe‑bhru‑ ’карычневы’ (рэдуплікаваная форма), параўн. ст.-інд. babhrúṣ ’карычневы’. Гл. Бернекер, 47; Траўтман, 28–29; Фасмер, 1, 180–181; Слаўскі, 1, 40; Фрэнкель, 38; БЕР, 1, 60; Махэк₂, 59 і інш.
Бабзды́р ’бабнік’ (Нас., Бяльк.). Сувязь з ба́ба ’жайчына’ бясспрэчная, але ўтварэнне не вельмі зразумелае. Параўн. бабзно́ ’баязлівец’, ’натоўп жанчын’ і ўкр. бабзде́ля ’старая, смярдзючая баба’. Аснова бабзд‑, да якой далучыўся суф. ‑ыр, магла ўтварыцца гаплалогіяй.
Бабзно́ ’баязлівец’, ’натоўп жанчын’ (Нас.). Мабыць, з *бабздно (параўн. бабзды́р) да пейаратыўнай асновы бабзд‑ ’баба’, якая ёсць і ва ўкр. мове (бабзде́ля старая, смярдзючая баба’).
Бабі́зна 1 ’спадчына ад бабулі’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Укр. баби́зна, польск. babizna ’тс’. Утварэнне ад ба́ба 1 (гл.) суфіксам ‑izna (параўн. otьčizna), які выступаў з абстрактным значэннем, што часта канкрэтызавалася (і тады націск пераходзіў на першы склад суфікса ‑izna). Утварэнне babizna 1, як бачым, ёсць толькі ў некаторых слав. мовах.
Бабі́зна 2 ’вялікі баязлівец’, ’высакарослая жанчына’ (Нас.). Суф. ‑izna ўтвараў абстрактныя і калектыўныя назоўнікі, што часта канкрэтызаваліся, а ў некаторых мовах атрымлівалі і пейаратыўнае значэнне (параўн. і ст.-польск. mężczyzna — калектыўны назоўнік, які пазней стаў азначаць адну асобу; Брукнер, 327). Бел. слову дакладна адпавядаюць: чэш. babizna ’агідная, брыдкая, злосная баба, старая жанчына’, славац. babižna, babizeň ’старая або агідная жанчына, баба’. Аб пейаратыўнай функцыі ‑izna гл. Оберпфальцэр, Rod, 157.