Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кі́жыль ’дрэннае надвор’е’ (Касп.). Гл. кіжаль.

Кізе́ль ’палатняны халат’ (Анім.). Няясна. Магчыма, запазычанне з цюрк. моў. Параўн. тур. käsi ’раскроеная матэрыя’.

Кі́зі, кізікі — у выразе распусціць кізі, кізікі ’расплакацца’ (ТС). Магчыма, да кіснуць (гл.).

Кі́злы ’цуглі’ (Абабур. дыс.). Гл. кілзаць, келзаць.

Кізлякі́ ’грыбы без баравікоў’ (З нар. сл.). Гл. казляк.

Кізо́к ’вышкі’ (Мат. Гом.), ’столь з жэрдак у хляве’ (Шатал.). Да кізок ’тс’ (гл.). Гл. таксама хіжа.

Кізу́нкі — у выразе кізункі выпусціць ’выпусціць кішкі’ (Нік. Поел.). Да рус. киза ’жывот’. Суфіксацыя на ‑ункі (Сцяцко, Афікс. наз., 69). Няясна.

Кі́зя ’жарэбчык’ (Сцяшк. Сл.). З літ. kižas ’тс’.

Кій1 ’прамая тонкая палка’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Сержп., Шат., Касп., Сл. паўн.-зах., Янк. I, Др.-Падб., Гарэц., Мал., Чуд., Булг.), ’палка для замацавання задняга навоя’ (Нар. сл.). Укр. кий, рус. кий ’тс’, балг. кий ’друк’, серб.-харв. ки̏јак ’тс’, киј ’молат баявы’, славен. kȋj ’тс’, ’драўляны молат’, польск. kij ’друк’, чэш. kyj ’тс’, славац. kyj, в.-луж. kij ’тс’, н.-луж. kij ’жалезны молат’. Значэнне, зафіксаванае ў рус.-царк., серб., харв., славен., н.-луж., старажытнае, аб чым сведчаць дакладныя паралелі: ст.-прус. cogis ’молат’, літ. kū́jis ’молат каваля’ (параўн. Мартынаў, Дерив., 22; Скок, 2, 78; Тапароў, K–L, 238–240). Трубачоў (Ремесл. терм., 350–352), спасылаючыся на прадуктыўнасць літоўскай мадэлі kautikūjis, бачыць у літоўскай паралелі інавацыю. Падрабязныя довады супраць гэтага гл. Тапароў, K–L, 240, які асаблівую ўвагу звяртае на прускую паралель. Да таго ж рэліктавасць значэння ’молат’ у славянскіх мовах тлумачыцца тым, што ў гэтым значэнні ў большасці дыялектаў стала выступаць прасл. moltъ італійскага паходжання (параўн. лац. malleus < *malteus) (Мартынаў, Балт.-слав.-італ., 28; Яго ж, Язык, 75). Такім чынам, няма падстаў разглядаць «некавальскія» значэнні славянскіх слоў як старажытныя, тым больш што значэнне ’молат’ захоўваецца якраз на перыферыі славянскага арэала. Гэта дае падставу меркаваць аб балтаславянскай інавацыі.

Кій2 ’пачатак кукурузы’ (Жд. 2). Гл. кійкі, кіёўкі, кій1.

Кій3 — гукапераймальнае (аб курыцы) (ЭШ, рук.).

Кійкі́ ’кукуруза’ (Пал., Ян., Нар. сл.). Гл. кійкі, кіёўкі.