Кій 1 ’прамая тонкая палка’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Сержп., Шат., Касп., Сл. паўн.-зах., Янк. I, Др.-Падб., Гарэц., Мал., Чуд., Булг.), ’палка для замацавання задняга навоя’ (Нар. сл.). Укр. кий, рус. кий ’тс’, балг. кий ’друк’, серб.-харв. ки̏јак ’тс’, киј ’молат баявы’, славен. kȋj ’тс’, ’драўляны молат’, польск. kij ’друк’, чэш. kyj ’тс’, славац. kyj, в.-луж. kij ’тс’, н.-луж. kij ’жалезны молат’. Значэнне, зафіксаванае ў рус.-царк., серб., харв., славен., н.-луж., старажытнае, аб чым сведчаць дакладныя паралелі: ст.-прус. cogis ’молат’, літ. kū́jis ’молат каваля’ (параўн. Мартынаў, Дерив., 22; Скок, 2, 78; Тапароў, K–L, 238–240). Трубачоў (Ремесл. терм., 350–352), спасылаючыся на прадуктыўнасць літоўскай мадэлі kauti — kūjis, бачыць у літоўскай паралелі інавацыю. Падрабязныя довады супраць гэтага гл. Тапароў, K–L, 240, які асаблівую ўвагу звяртае на прускую паралель. Да таго ж рэліктавасць значэння ’молат’ у славянскіх мовах тлумачыцца тым, што ў гэтым значэнні ў большасці дыялектаў стала выступаць прасл. moltъ італійскага паходжання (параўн. лац. malleus < *malteus) (Мартынаў, Балт.-слав.-італ., 28; Яго ж, Язык, 75). Такім чынам, няма падстаў разглядаць «некавальскія» значэнні славянскіх слоў як старажытныя, тым больш што значэнне ’молат’ захоўваецца якраз на перыферыі славянскага арэала. Гэта дае падставу меркаваць аб балтаславянскай інавацыі.
Кій 2 ’пачатак кукурузы’ (Жд. 2). Гл. кійкі, кіёўкі, кій 1.
Кій 3 — гукапераймальнае (аб курыцы) (ЭШ, рук.).