Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

*Мазкаўто́ўня, мозгото́ўня, мошкотоўня ’галава’ (ТС). У выніку кантамінацыі лексем мазгатня́ і мазгаўня (гл.).

Ма́зкі ’аб які можна запэцкацца’, ’які лёгка пэцкаецца, маркі’ (ТСБМ — прыметнік, утвораны ад асновы maz‑ > мазь (гл.) і суф. ‑ъk(jь)).

Мазлі́вы ’маркі, які лёгка пэцкаецца’ (ТСБМ; дзярж., Жыв. сл.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад асновы маз‑ і суф. ‑лів‑ы. Аднак тураў. мазлі́ву мае іншую семантыку — ’капрызны, спешчаны’ (ТС). Гл. маза 2.

Мазлы́к ’анучка, якой выраўніваюць паверхню посуду’ (Сцяшк.). Спецыяльны тэрмін накшталт чэш. mazlik ’зубіла’ (шавец.), ’дошчачка для намазвання’; параўн. чэш. mazlavá hlina ’вязкая гліна’. Да ма́заць (гл.).

Мазні́ца, мазьні́ца, мазны́ця ’пасудзіна для калёснай мазі, дзягцярка’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Растарг., драг., З нар. сл.; стол., Нар. лекс., Сл. ПЗБ, ТС), ’посуд для смалы’ (Маш.). Укр. мазниця, рус. мазница, польск. maźnica, чэш. maznice, славац. maznica. Паўн.-слав. ўтварэнне mazʼьnica. Да ма́заць (гл.).

Мазня́ ’няўмела намаляваная карціна, неахайна напісаны тэкст; дрэнная, няўмелая работа’, ’лёгкія ўдары’, ’няўмелая, з промахамі стральба’ (ТСБМ, Нас.). Відаць запазычана з рус. мазня́ ’тс’. Да ма́заць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 58–59).

Мазок 1 ’адзін рух пэндзля’, ’накладзены адным рухам пэндзля слой фарбы’ (ТСБМ), мазком ’лёгка дакранаючыся’, ’лёгка паціраючы’ (Нас.). Хутчэй за ўсё запазычана з рус. мазок ’тс’.

Мазок 2, мозо́к ’шпік’ (лун., Шатал.). Да мозг (гл.). Утворана пры дапамозе памяншальнага суф. ‑ok (< ъkъ). Націск на канцы, магчыма, для адрознення мозга галаўнога (мо́зок) ад шпіку (у касцях).

Мазоліць ’націраць мазалі доўгай работай або хадзьбой’, ’нядбала або паволі працаваць’, ’трымаць, не выпускаючы з рук’, мазоліцца ’забаўляцца з кім-небудзь або чым-небудзь’, ’паволі і нядбайна рабіць’ (Нас., ТСБМ). Да мазоль (гл.). Параўн. таксама мазголіць. Сюды ж мазалява́ны ’набыты працай, намаганнямі’, мазоленне ’доўгае трыманне ў руках’ (Нас.).

Мазоль ’патаўшчэнне скуры ці пухір з вадкасцю на руках або нагах’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), мазуль ’тс’ (Шат.; карэліц., Шатал., Нар. лекс.; жлоб., Мат. Гом.), мозу͡оль ’язва, рана’ (Бес.), кам. мозы́ль (Шатал.). Укр. мозі́ль, мозо́ля, м́озуль; рус. мозо́ль, мозго́ль, музо́ль; польск. mozół ’цяжкая праца’, mozoła, modzel; н.-луж. mózol, в.-луж. mozl; чэш. mozol, mozoul, mozour, усх.-чэш. hlomouz; славац. mozoľ, славен. mozólj ’пухір ад апёку’, серб.-харв. шток. мозо̏л ’мазоль’, макед. мозол, балг. мазол, ст.-слав. мозоль ’сіняк’. Прасл. mozolь. Цупіца (KZ, 37, 398); Сольмсен (IF, 13, 137) параўноўваюць прасл. mozolь са ст.-в.-ням. masar ’нарасць на дрэве’, mâsa ’рубец, шрам’, грэч. μώλωψ (< mōsl‑) ’мазоль, шышка’. Матцэнаўэр (LF, 10, 334) і Младэнаў (302) набліжаюць mozolь да новав.-ням. Maser ’пражылак, узор на дрэве’ і літ. mãzgas ’вузел’, mezgù, mégsti ’вязаць’. Ільінскі (RS, 6, 222) параўноўвае са ст.-інд. mahánt‑, авест. mazant‑, алб. math, madhi, грэч. μέγας, лац. magaus, гоц. mikils ’вялікі’. Брукнер (346) дадае да літ. яшчэ ст.-в.-ням. masca, ням. Masche ’пятля’ (< і.-е. *mezg‑ ’плесці, вязаць’), гаворачы аб чаргаванні зычнай кораня ‑з‑ > ‑zg‑, ‑zd‑, ‑dz‑. Махэк₂ (377) сыходнай формай лічыць дзеяслоў mozgoliti ’ціснуць, рабіць мазалі’ (параўн. бел. мазголіць), якое ў выніку метатэзы паходзіць ад glomoziti (бел. гламаздзі́ць ’біць па галаве’ і інш.). Ад яго glomoz, glomuz (параўн. усх.-чэш. hlomouz, якое пасля адпадзення g‑ (> h‑) і метатэзы пераўтварылася ў mozol‑. Сюды ж бел. мазольны, мазолісты, мазалёвы ’набыты працай, намаганнямі’, ’які вымагае цяжкой працы’, ’які мае мазалі’ (Нас., ТСБМ).

Мазу́н ’пястун’ (драг., З нар. сл.), ’спешчанае дзіця’ (драг., Нар. лекс.; ТС, укр. мазу́н, мазуне́ць, мазу́нчик, мазунча́ ’пястун’, рус. мазу́н, чэш. mazánek, mazlíček, mazal, славац. maznák, серб.-харв. ма́за, ма̀зан ’тс’, балг. мазник ’ліслівец’. Да ма́заць, ма́за 2 (гл.).