Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ме́тка, мётка ’тонкі пруток, на які нанізаны жывыя ўюны, засмажаныя пасля гэтага перад чалеснікамі печы’, ’нізка дробнай рыбы’ (Эр., Маш., ТС, Нар. Гом., Крыв., Янк. 1; глус., КЭС), мёдка ’тс’ (Сержп. Грам.). У выніку кантамінацыі лексем мята́ць ’надзяваць’ (параўн. рус. намётка ’фастрыгаванне’, серб.-харв. мѐтати ’надзяваць’) і ве́тка, вець ’пруток’.

Меткі ’здольны беспамылкова пападаць у цэль’, ’дакладна накіраваны ў цэль’, ’трапны’ (ТСБМ), паўд.-усх. меткій ’хуткі’, ’лоўкі’ (КЭС). Ст.-рус. мѣтъкъ. Да ме́та1 (гл.). Аб утварэнні гл. Аткупшчыкоў, Этимология–1984, 197.

Ме́тлік ’укладка снапоў’ (зах.-мін., Выг., Бел.-укр. ізал.). З медлік, якое з мендлік ’тс’. Да мэндлік (гл.).

Метлі́на ’мятліца ў жыце’ (Растарг.). Да мятла1. Параўн. там жа мятлі́на (павелічальнае) ’мятла’.

Метлюга́ ’мятлюг, Poa L.’ (ТС). Зборны назоўнік, утвораны ад мятлю́г (гл.).

*Метлюхава́ць, метлюхова́ць ’іграць’ (ТС). У выніку кантамінацыі лексем метлюха́цца ’матляцца’ і польск. motłoch ’натоўп, зграя’, metlować ’дурыць галаву, рабіць галас, баламуціць’.

Метлюха́цца ’матляцца, хістацца’ (ТС). Да матла́ць (гл.). Параўн. рус. вяц., урал. метлеси́ть; свярдл., перм. метлеси́ться ’надакучліва матляцца перад вачыма’, урал. метлеши́ть ’тс’.

Метр, ме́тар, ме́тра, мэтар, мэтр, мэтра ’адзінка даўжыні, роўная 100 см, ёмістасці, роўная 100 кг, аб’ёму, роўная 1 м³’, ’вымяральная лінейка даўжынёй у 1 м’ (ТСБМ, Сцяц., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом., Ян.; свісл., Шатал.; Сл. Брэс.; кам., Хрэст. дыял.). З рус. метр і польск. metr, якія з франц. mètre < лац. metrum < ст.-грэч. μέτρον ’мера’ (Фасмер, 2, 611).

Метранпа́ж ’работнік друкарні, які вярстае набор’ (ТСБМ). З рус. метранпаж ’тс’, якое з франц. metteur en pages ’складальнік старонак’ (Фасмер, 2, 611).

Метрапалітэн ’гарадская падземная электрычная чыгунка’ (ТСБМ). З рус. метрополитен ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79), якое з франц. métropolitain ’які існуе (ёсць) у сталіцы’ (Фасмер, 2, 611) < лац. metropolitanus < лац.-грэч. mētropolis ’сталіца’.